Выбрать главу

— Заўтра ў адзінаццаць. Так што ў цябе цэлы дзень наперадзе. Да заўтра.

— Будзь.

Валера — мой зямляк. Курыруе работу ўласных, значыць, і маю. Спачатку была завядзёнка — заданні мне дае толькі намеснік. Але звоніць Галя Пшонка, пяшчотна-ўмольным голасам просіць: «Антось, ну хоць староначку, тут я паласу раблю, а з твайго «куста» нічога — зрабі з самай далёкай вёскі...» Галя ведае вёску, як я вышэйшую матэматыку, але прэтэндуе на ролю лепшага мараліста газеты. І па вясковых тэмах таксама.

Потым, праз гадзіну, падае голас Вера Шчацініна. Яе цікавяць эканоміка і моладзь. Калі я дасылаю на такія тэмы вялікі артыкул, Вера абавязкова выкіне пару абзацаў, уставіць свой (перапіша думкі з нейкага вялікага часопіса), але падпішацца пад матэрыялам побач са мною. Быццам не ведае, што існуюць аўтарскія правы...

У газеце аддзелаў шмат — эканомікі, маралі, камсамольскага жыцця, сельскай гаспадаркі, культуры, спорту... Я павінен быць докай ва ўсіх тэмах і даваць радкі для ўсіх аддзелаў. Гэта так трэба. Фізічна такое нельга зрабіць. Таму, калі ў нейкіх аддзелах забракавалі мае артыкулы (і правільна, можа быць брак), я пераставаў для іх пісаць — значыць, прафан, значыць, не лезь...

І ў спорце прафан. Колькі жыву, ні за адну спартыўную каманду (футбольную, баскетбольную, хакейную) не хварэў. Ніколі. Акрамя, праўда, шахмат, калі гэта спорт. За Толю Карпава хварэў, а ён падвёў мяне.

Таму я выбраў сабе тры «кані» і на іх скакаў у сваёй рабоце — жыццё вёскі, мараль і нарысы. І тады адчуў, што стала лягчэй працаваць.

Арганізоўвалі мы матэрыялы часта. Гэта калі пішаш за некага. Каб паказаць чытачу, як ахвотна пішуць у газету людзі.

Хіба ж будзе табе пісаць, напрыклад, першы сакратар абкома партыі? Ты рыхтуеш загадзя яму матэрыял і нясеш, каб хаця праглядзеў. Занёс і я. Анатолю Фаламееву. Ганарлівы, з пыхай, праз губу гаворыць і толькі на расейскай мове. Прачытаў, хмыкнуў:

— Так что от меня нужно?

— Ваш подпіс, што вы згодны з напісаным.

Распісваецца, кідае на стол:

— Сухо написано.

Тваю макаўку! Я пацеў, рабіў не сваё, яму за адзін росчырк пяра прышлюць саракоўку (гэта ж восем пляшак гарэлкі!), а яму суха... Каб цябе сушылі... Зарокся — больш ні ў якія дзверы абкома заглядваць не буду...

Але сустрэча яшчэ з ім адна адбылася. Аказаліся разам на адным камсамольскім сходзе ў саўгасе — у далёкай хойніцкай вёсцы. Калі тое было, каб першы абкома прысутнічаў на сходзе пярвічнай? А першы здабываў плюсы для свайго аўтарытэту. Над дакладам камсамольскаму важаку калгаса працавалі ўвесь райком партыі і тры інструктары з абкома камсамола. А сход атрымаўся сухі і невыразны. Усе сядзелі як нежывыя, і словы такія ж былі нежыццёвыя. Ні слова крытыкі, толькі «ўра, ура, ура».

Падвозіў ён мяне да абласнога цэнтра на сваёй «Волзе». Спераду пасадзіў, сам сеў ззаду.

Дарогай гаварылі, спрачаліся. Пэўна, думаў, што побач з ім сядзіць інструктар. Не згаджаўся з нечым, пярэчыў. Загаварылі пра лёс дзвюх маладзёжных газет — чаму на расейскай і беларускай мовах?

— Ничего страшного не произойдет, если две объединить в одну и выпускать ее на русском языке. Беларусская культура от этого не пострадает, — катэгарычна выказаўся ён.

— Вы вельмі глыбока памыляецеся, — мяне разбірала злосць.

Тады ён дакрануўся да пляча вадзіцеля:

— Иван Петрович, включи «маячок» — послушаем музыку...

Да самага горада мы маўчалі, за нас гаварыў «Маяк».

Калі я сказаў у абкоме партыі свайму таварышу Пятру Бязлупкіну, з якім гонарам мяне вёз першы, той засмяяўся:

— Спераду пасадзіў? То ён у трактар «Волгай» урэзаўся, дык баіцца ехаць спераду.

На рэдкалегіі мне закацілі вымову. Каб не Валера, то і строгую. Абараніў, выручыў.

Пэўна ж, добра рэдактару наківалі на мяне, раз ён усімі сіламі хацеў правучыць мяне, уціхамірыць. Рэзка змяніўся рэдактар Плюскавы, новы рэдактар, — то адносіўся добра да мяне, прасіў даваць нарысы і «забойныя» артыкулы, а то нечакана павярнуўся да мяне задам. І папрок быў, што тэмы падымаю неглыбокія, што спісаўся, што няма кантакту з абкомам камсамола. А на які хрэн мне той кантакт?

Ці тое галоўнае ў рабоце?!

7...

Апошнія дзянёчкі восені. А з прыходам халадоў і Антаніна закрывае піўное поле. Тады піўныя рыцары пакідаюць поле змагання. Усё збіраўся, ды так і не мог выбрацца на сустрэчу з Джо — выбівалі з каляіны непрадбачаныя акалічнасці.

Ужо мінула трэцяе бабіна лета, адлілі дажджы, і на вуліцы ўсталявалася спакойнае цёплае надвор'е.

Апошні тыдзень месяца. Апошні тыдзень работы піўнога поля. Як не праверыць, як не адзначыцца сваёй прысутнасцю. Хаця і не пакутаваў смагай, як летам, але доўг ветлівасці і абавязку прымушаў ісці туды. І было спадзяванне, што ўбачуся з Джо.