— Не высоўвацца, тваю маць, каму сказаў, — злуецца камандзір. — На той свет захацелася? Дома ж нявесты чакаюць, а ты лоб пад кулі падстаўляеш... Снайпер сядзіць на гары, так і чакае, калі ты макотрык высунеш і рот адкрыеш... Не муха туды заляціць.
Калі ўзводны чуе, як нехта смяецца, рады, гэта азначае, што хлопцы трымаюцца, на нешта спадзяюцца. А куды падзенешся — жыццё даражэй.
Міхась — дзетдомавец. Бацькоў не стала, калі яму было восем гадоў. Родзічаў не было, і яго дырэктар школы адвёз у раённы дзіцячы дом. Не сказаць, каб і лёгка было там, але жадання калі-небудзь вярнуцца туды, праведаць ці ўспомніць той час, не было. У вёску прыязджаў. Да дырэктара школы заходзіў, быў удзячны, што той нешта зрабіў для яго, хаця то было і не ад сябе, а па педагагічнаму абавязку, але ўсё ж... А ў дзетдом — не, як і не існавала яго, як і выкінуў з жыцця тыя гады.
Справа ад нас разрываецца міна. Асколкі ляцяць над галовамі, завылі незадаволена, што не зачапілі гарачае маладое цела. Засеклі ці выпрабоўваюць? Узводны маўчыць. Яго каманду выконваем бездакорна — маўчым, нічым не выдаём сябе...
Потым выбух злева, спераду. І — ціха. Нейкі час ціха.
— Як адчуваеш сябе, радавы Добрусаў? — каб разрадзіць нервовую напружанасць, цікавіцца камандзір — Добрусаў паранены ў нагу, яму зрабілі перавязку.
— Усё добра, таварыш лейтэнант. Трымаюся.
— Трымайся — ужо нядоўга засталося.
Камандзір не гаворыць пра сваю задумку, значыць, канчаткова не прыняў рашэння. Ён сто разоў узважыць, асэнсуе, а потым знойдзе адзіна правільны выхад. Але і думае не паўдня, а якія-небудзь хвіліны...
Нас здорава заціснулі ў расшчэліне гары. Думалі, што капцы. А ўзводны знайшоў куточак і ўсім загадаў там залегчы. Праз хвілін колькі тое месца, дзе мы ляжалі, накрылі снарадамі — жывога месца на зямлі не пакінулі, ні сантыметра. Калі сціхла, камандзір загадаў распаўзціся па ўзарванай, раскурочанай тэрыторыі...
Калі ж апусцілася за гару сонца, узводны шапнуў мне:
— Непрыкметна падпаўзі да рова. Унізе павінны быць душманы. Калі яны там ёсць, падымі правую руку. Тады мы іх абыдзем справа і злева. З трох кропак мы скіруем на іх агонь. Заданне зразумела?
— Калі будзем страляць?
— Па сігналу ракеты.
— Зразумеў...
...І быў бой. І была ў тым баі наша перамога. Але не заўсёды ж такое можа быць пастаянна. Раз на раз, як кажуць, не прыходзіцца. Хіба ўгадаеш на такой вайне, хіба ж уберажэшся ад бяды?
Ад нашага ўзвода засталіся я і камандзір. Каго забіла, каго цяжка параніла, хто прапаў без вестак, а хто здаўся ў палон...
Быў і я ў шпіталі, быў і камандзір. Потым разам прывезлі — ледзьве жывых.
— Дзе шукаць цябе пасля Афгана, Міхась?
— Знойдзеш, як захочаш. А цябе на Петрыкаўшчыне?
— Там. Сустрэнемся. Быць таго не можа, каб не сустрэліся. Убачымся.
І яшчэ было некалькі баёў. У адным мяне пранізалі асколкі, перабілі ногі, рукі. І дарогі мае з узводным, як мне здавалася, разышліся...
Аказалася, што памыліўся. Вось тут, калі я ляжаў аслабелы, зусім выбіты з жыццёвай каляіны, поўны адчаю і апатыі, што ўжо і жыць не хацелася пасля перажытага і ўбачанага, прыйшоў да мяне дзед Рыгор. Сказаў пра ўзводнага. Вось там, у шпіталі, ужо на сваёй тэрыторыі, мы і ўбачыліся зноў.
Яго прывезлі днём.Быў ён бінтаваны-перабінтаваны, нават і твар, ад чаго я і не пазнаў адразу.
Паклалі яго, на маё шчасце, у суседнюю палату — дзверы насупраць, дзе лячыліся афіцэры. Нас, хто не хадзіў, вывозілі ў качалках на веранду.
«Травілі» анекдоты, рагаталі, расказвалі штосьці смешнае, каб забіць той агідны настрой, які меў кожны.
— Ні хаты, ні печы, ні дроў, ні палена, адна толькі радасць, што хрэн да калена... — пачуў я знаёмы голас і тут жа не вытрымаў, крыкнуў:
— Міхась! Ці ты гэта?
Медсястра, што стаяла побач, уздрыгнула, адмахнулася ад мяне рукой.
— Антон? — Ён прыўзняў галаву, павярнуўся ў мой бок. — Гвардыі радавы?
— Я, Міхась. Я! Як я сумаваў па табе...
Сястра падвезла яго да мяне, і мы адразу ж абняліся, не верачы ўсё яшчэ ў шчаслівую сустрэчу. Ён з'явіўся перада мною як крынічка ў пякельнай і мёртвай пустыні, як паветра ў задушлівым і гнілым сутарэнні... Але тое, галоўнае, дзеля чаго нам Бог і паслаў такую сустрэчу, будзе пазней, калі вылечаць яму вочы таленавітыя хірургі, калі збольшага стане на ногі...
Яго камісуюць з арміі як інваліда, мяне ж — па стане здароўя.