Але перад гэтым ён вярнуў мяне з небыцця. Усяліў у мяне надзею, уліў невядомую дагэтуль сілу. Ён аддаваў яе мне, аддаваў на адлегласці, хаця і сам не мог пахваліцца здароўем. Ён мне напомніў майго бацьку, у нечым яны былі падобныя, аднолькавая ад іх зыходзіла дабратворная энергія.
Тады вось і паехалі да бацькі, дзе далечваліся ўжо ўдвух. Барсучынае котлішча зрабіла сваю цудадзейную аперацыю душы.
Бацька лячыў яго ўрынай, адварамі з зёлак, сырой ежай.
І Міхась прыняў яго веру, узяў яго жыццё і лячэнне на ўзбраенне.
Я ж яшчэ толькі ішоў да гэтага.
Мяне вярнуў да жыцця Міхась, але маё новае нараджэнне было яшчэ наперадзе.
2...
Грымнуў гром сярод яснага неба: без выбухаў, без крыві і новай рэвалюцыі расколвалася маналітная скала, разбілася на кавалачкі, потым яны раструшчыліся і ператварыліся ў пясок, пылоту...
Хто ж мог падумаць, хто ж мог уявіць, што чорны ідал, «ложный пророк», як яго вызначыў яшчэ сотні гадоў назад правідца Настрадамус, зляціць са свайго п'едэстала, як і яго крывавыя памагатыя...
«Расстрэльваць, расстрэльваць, расстрэльваць — і чым больш, тым лепш...»
Ні ў аднаго крывавага дыктатара за ўсю гісторыю чалавецтва не было больш жорсткага, больш цынічнага лозунга-загаду-дырэктывы, чым у гэтага апантанага... ці чалавека?
«Я русский бы выучил только за то, что им разговаривал Ленин...» — сказаў на поўным сур'ёзе паэт-трыбун і пясняр перавароту.
І ў беларускай школцы замест Багдановічавых васількоў, замест асабістай гісторыі, сваёй, нам падсоўваюць Маякоўскага, і вучым на памяць яго адыёзна-падхалімную паэму «Ленін», нам падсоўваюць герояў гісторыі накшталт Суворава, а ён густа і шчодра паліў крывёю зямлю Беларусі, жорстка падавіўшы паўстанне лепшага з беларусаў — Тадэвуша Касцюшкі, якога і палякі лічаць сваім.
А пра Полацак, пра Сафійку, пра Богшу — дзе мы маглі прачытаць што пра іх? Вытраўлівалі бальшавіцкай атрутай, рабілі з нас невукаў, быдлаў, манкуртаў: і не падумай хаця, і не скажы, і не засумнявайся, і не напішы, як думаеш, — непаслухмяных чакаў калючы дрот. І колькі чыстых, светлых душаў было распнута на тым іржавым дроце!..
І няма цяпер ідэалогіі, камуністычнай уяўнай ідэалогіі! Няма забаронаў на думкі і словы. Няўжо дзякуючы вялікаму балаболу з памецінай на лбе? Ці гэта быў ужо наспелы гістарычны працэс, які наспеў, які мусіў прарваць, як фурункул з брудам пасля доўгага і нуднага ныцця і болю.
Няўжо пачалося ўсё з Чарнобыля, які прагучаў, як набат, і адкрыццём — усё злое караецца, ніхто і нішто не можа замяніць Бога: ні Ленін-Сталін, ні партыя камуністаў...
Маё ж прасвятленне пачалося з Чарнобыля.
Мне заўсёды снілася вайна. Пачатак яе. Хаця я нарадзіўся пасля яе. У сне была нейкая трывога, якой я паддаўся, бо трывожыліся, беглі людзі, несучы на сабе транты і клункі, спяшаліся, падалі. Божкалі бабулькі, няспынна хрысцячыся, глядзелі з надзеяй у шэрае неба...
Такое паўтараецца часта, я прачынаюся ў халодным поце і не разумею, чаму ў хаце ціха і спакойна. Такое снілася і пасля Афганістана, але не афганская вайна, а тая, з немцамі... Яна была мацней і ўражлівей, бо з дзіцячых год убілася ў галаву з размоў вяскоўцаў, бацькі, дзеда і маці.
А ў Афганістане мне снілася вайна з немцамі.
У тую красавіцкую ноч мне таксама прысніўся сон. Але сон-маўчанне. Сон-прарок. Людзі стаялі маўкліва, падняўшы вочы ў неба. Усе былі ў белым, кужэльным, як дзед Рыгор, я і яго ўгледзеў сярод усіх, толькі ён не глядзеў на мяне, як усердзіўся за нешта, — пагардліва адвярнуўся.
Усё вакол дыхала трывогай і страхам, адчаем і смерцю. Як чакалі некага. І Той нехта з'явіўся. У тым баку, куды глядзелі людзі. У светлым зеніце, у жоўтым арэоле, у белым-белым хітоне з распасцёртымі рукамі. І ўсе ўпалі на калені, апусціўшы галовы — ілбамі — да зямлі, у пясок, бо зямля была чамусьці апалена, уся спрэс у чырвоным вуголлі... і людзі босыя па вуголлі, па жарынах... і ўспомніліся чамусьці «босыя на вогнішчы»...
— Людзі! Лю-ююю-уудзі! Як жа вы гэта, га?
Голас балючым адчаем пранізаў кожнага, як промнем, — прайшоў і праз маё сэрца і душу, я аж скалануўся, закрычаў у сне — і прахапіўся. За акном усчалася завіруха, кволае лісце, якое толькі-толькі нарадзілася на бярозавых галінках, стукалася ў акно, як прасілася ў хату, быццам дрэвам было на вуліцы невыносна цярпець...
Трывога не праходзіла. Яна нарастала ўсё больш і больш.
А раніцай, калі я прачнуўся, бадзёры дыктарскі голас па тэлебачанні абвясціў аб дасягненнях будаўніцтва камунізму пад мудрым кіраўніцтвам. І — ні слова пра выбух. (А пра тое крычалі ўжо радыёстанцыі ўсяго свету.) І, як назло, перадавалі адны песні і танцы — нам весела жыць, нам нічога не страшна. Пір падчас чумы... Як і Сталін у першыя дні вайны не мог ачомацца і маўчаў, не мог сказаць і слова народу, так і Мішка Мечаны не ведаў, як растлумачыць такую бяду народу і ўсяму свету. А мо і не хацеў — каму трэба тыя беларусы і іх суседзі?