Выбрать главу

Дзень маўчанне, тры... Вакзал забіты ўцекачамі — людзі ратаваліся, ратавалі дзяцей, ратавалі будучае. Чамусьці хутчэй за ўсіх на вакзале аказаліся габрэі. І глыталі яны найперш актывіраваны вугаль, пілі ваду з ёдам.

А той жа паўпрэд «ШЧ» на праграму «Час» дае рэпартажы пра сяўбу і матчы футбалістаў, а цётка з Брагіна, стоячы сярод высокіх пыжыкавых шапак, па ўказцы аператара сказала партыйнаму босу з Масквы: «А ў нас усё добра, чаго нам баяцца — перажывём, не такое перажывалі...»

Тады і сонейка наша з плямінкай выступіла, пацвердзіла, што мы, маўляў, даўно ведалі, аварыяй назваў найвялікшую ў свеце катастрофу — як быццам кола ў машыне паламалася.

Ва ўсіх нас потым наступіла азарэнне-прасвятленне — раз так думаюць пра народ партыя і ўрад, то можна здагадвацца, як тое рабілася ўсе гады... Нас быдлавалі, называючы «малодшым братам», з якім можна было паступаць як хочаш. І паступалі як хацелі, — амаль палову нацыянальнага багацця адбіралі ад нас усе гады...

А тут спадзяваліся, што мы і цяпер будзем маўчаць, як раней, маўчаць як рыбы... Як рабы.

Да Пецькі-Джо мяне пусцілі толькі на пятыя суткі.

Ён ляжаў у палаце з трох чалавек, каля акна. Убачыўшы мяне, абрадаваўся, хацеў падаць руку, але, пэўна, не здолеў яе падняць — толькі ўздрыгнула ад напружання. Я сціснуў яе, сказаў радасна:

— Здароў быў, Джо!

— Прывітанне...

Голас слабы, натужны. Пэўна, вялікіх намаганняў каштавала яму кожнае слова. У вачах адбіліся сляды пакут, адчаю, у іх цяпер была толькі абыякавасць. Толькі маё паяўленне ажывіла трошкі яго твар, пасвятлеў позірк. Напачатку я падумаў, што Пецька падстрыжаны, а потым убачыў на падушцы валасы... Бедны Пецька! І дасталося ж табе за твой кароткі век!

— Родныя прыходзілі? — Я стараюся прыдаць свайму голасу дзяжурны і амаль абыякавы тон, каб як-небудзь завязаць далейшую размову, бо і медсястра, чарнавокая дзяўчына, пільна змераўшы мяне позіркам, папярэдзіла:

— Толькі нядоўга, ён вельмі слабы...

Пецька ўздыхнуў, паглядзеў некуды за акно:

— Няма ў мяне, Антон, родных. Ні маці, ні бацькі.

— Як гэта?

— А так... Бязродны я, бязбацькавіч. Сам не ведаю, як на свет з'явіўся. І ад каго.

— А жывеш дзе?

— Анідзе. Дзе прыйдзецца. На вакзале жыў. У пад'ездах жыў.

— Ты ж мог у інтэрнаце жыць.

— Я ж не магу працаваць. А хто не працуе, куток не мае, не даюць.

— І нікуды не звяртаўся за дапамогай?

— Звяртаўся. Але каму я патрэбны? Пасля Афгана мне бюракраты гаварылі, як прасіў які куток, па льгоце: «А мы цябе туды не пасылалі...» Калі ж я як ліквідатар прасіў помачы, гэтак жа адшылі: «Хто вас туды пасылаў, хай той і памагае...» А мяне сярод ночы паднялі, апранулі ў вайсковую форму і туды... Дык хто мяне пасылаў? Савецкая Армія? А цяпер няма Савецкай, бо няма Саюза. Дык хто пасылаў?

— Ды не можа быць такога! — не веру я, гляджу на яго і чую, як у кожным слове гучыць падман, фальш, і не веру, што Джо здольны на такое.

— Наіўны ты чалавек, Антон, хоць і пісака...

— Хто, хто табе такое гаварыў? Назаві хоць адно прозвішча. Я пайду, разбяруся, пагавару.

— Ну і што, калі пагаворыш? Так яны табе і пацвердзяць, што гаварылі тыя словы. Скажуць, што першы раз чуем, а ліквідатар ваш хлус і падманшчык. Ты во цяпер і сам так падумаў пра мяне, а што пра іх гаварыць? У іх скура тоўстая, нічым да іх сэрца не дастанеш. І не кажы, што прэса ўсё можа, памыляешся. На дурняў усё разлічана: над прэсай таксама ёсць прэс, ды яшчэ і які! Не крыўдзіся, ведаю, што непрыемнае табе кажу, але мушу сказаць. Спачатку думаў і сам да цябе звярнуцца па дапамогу. Пасля таго як прачытаў тваё «піяніна». Але то ты ваяваў з адной асобаю і то колькі адмываўся. А тут сістэма, сі-стэ-ма! Ну, дасі, як ты кажаш, падвал з кідкім загалоўкам, ну і што? Яны толькі пасмяюцца з цябе і з газеты.

— А рэагаванне?

— Не смяшы людзей. Адпісвацца яны ўмеюць. Ты і сам тое ведаеш — адпісваліся і на твае допісы, чым і злавалі цябе. А ты ім потым солі на хвост насыпаў. Ці не так?

— Але ж цяпер дэмакратыя.

— Ціха... — шапнуў ён затоена, потым яшчэ цішэй дадаў: — Ціха... Бо мае тараканы пачуюць твае словы і падохнуць. А мы да іх прывыклі, сумна без іх жыць стане.

Ён здзекаваўся з мяне, а я так стараўся пераканаць яго ў тым, чаму і сам да канца не верыў, бо і на сваёй жа скуры паспрабаваў усё.