Выбрать главу

— Вот ты мне скажы, браце Антон, — працягваў Джо ранейшым спакойным голасам, ужо сур'ёзна, — ты шчаслівы чалавек?

— Ды так... як сказаць.

— Во, шчыра сказаць не можаш, не хочаш, бо баішся прызнацца, што і цябе шкуматала жыццё пад самую завязачку. Што біла і пад дых, і пад рабрыну і па мазгах біла. Што болей нешчаслівых дзён і часін было, чым прыемных. Ці не так? Так, так, хоць згаджайся, хоць не згаджайся... А чаму? Адкрыць сакрэт?

— Ну, адкрый.

— Ты верыш у тое, што чалавек чалавека можа сурочыць? Наслаць праказу? Толькі чэсна?

— Ну, веру. З дзяцінства тое ведаў.

— Во, дзякуй. Тады ты зразумееш мяне. Ты пішаш, пішаш пра добрае і кепскае. Пра добрае — лягчэй. І — спакайней. Але ты хочаш, як тое сказаць, і самавыразіцца, самасцвердзіцца. Даказаць, што ты нешта можаш, на нешта здатны. І лезеш у тыя сферы, дзе вітае дух варожасці і зла. Адных ты абараняеш — для цябе гэта бяскрыўдна, хаця ж і траціш сілы... Але тыя, каму ты зрабіў дабро, праз нейкі час забываюцца пра цябе, не дасылаюць табе падзяк і пажаданняў быць здаровым і моцным — сувязь губляецца, і ты не маеш падтрымкі. Ты для іх ужо не існуеш.

Я з цікавасцю слухаў, адкрываў яго — ніколі ж да гэтага не гаварылі на такія тэмы, ды ні пра што, па сутнасці, не гаварылі, не было калі і не было нагоды.

— А вось табе другі бок. Ты расшавельваеш чорную магму, крануўшы пяром чорныя душы людзей. Злых і помслівых людзей. Чалавек — істота жорсткая, ён будзе помсціць абавязкова. І будзе думаць пра цябе з агідаю кожны дзень, праклінаючы цябе, жадаючы табе самага страшнага, нават смерці. Што яму твая смерць? Толькі радасць — больш пісаць не будзеш. Яны шлюць табе праклёны: «Каб цябе... каб ты...» І, як ні дзіўна, іх стрэлы далятаюць да цябе. Таму ты і пакутуеш начамі ад бяссонніцы, таму і хапаюць цябе хваробы, і кладзешся ў бальніцу. А ўрачы ніяк не могуць знайсці прычыны твае хваробы, спісваюць на стандартнае — нервы, творчае перанапружванне. Ды глупства ўсё гэта, і сам пра тое ведаеш. Дома невядома чаму пасварыўся з жонкаю, з дзецьмі не знайшоў агульнага, у выдавецтве вярнулі тваю кнігу на дапрацоўку, і нечакана акрысіўся на цябе рэдактар...

«Як дзед Рыгор мяне крые, — падумалася мне нечакана, калі ўспамінаў апошнюю сустрэчу з нябожчыкам, — як згаварыліся між сабою... Адкуль ён ведае ўсё падрабязна пра мяне? Дзіўна ўсё гэта. І дзед, і ён, Джо, гавораць мне праўду, да якой я яшчэ не дайшоў, але якая настойліва стукаецца ў маё сэрца...»

— Што, усё мо не так? Скажы, не так?

Голас у Пецькі слабеў. Ён ужо знямогся, даказваючы мне тое, чаму я і сам падспудна верыў, таму і згаджаўся з ім. Хто яму мог расказаць пра мяне? Містыка... Ці за свой кароткі век ён стаў мудрым і відушчым, як старац? Як дзед Рыгор?

— Так, Пецька, так. Са мною ніхто ніколі так не гаварыў. Апроч дзеда Рыгора.

— Хто такі?

— Бацькаў бацька. Сто дваццаць год пражыў. У сне да мяне прыходзіць. Ён і пра цябе казаў.

— Пра мяне? — спытаў без здзіўлення ў голасе: ён як быццам удакладняў, ці не памыліўся.

— Ён не называў тваё імя, толькі сказаў, што ў цябе на грудзях шрам крыжом.

— Тады я ведаю яго... Ён у белым, да зямлі, адзенні. І барада белая-белая, і любіць гаварыць: «Гідота-брыдота, не адвесці ад рота...»

Сапраўды містыка! Адкуль яму ведаць, як выглядае дзед Рыгор і якія словы любіў гаварыць?

— І ён прыходзіў да мяне. Як я адной нагой быў ужо «там». Ён насварыўся на мяне, сказаў, што рана яшчэ да іх. Прагнаў. То ён бачыў мае шрамы, бо я быў без адзення...

Верыць ці не верыць яго словам? Няўжо хлусіць — любімы занятак Джо? Дык ён жа і да мяне тады з'яўляўся, як быццам утрох жылі ў адным вымярэнні. Чаму дзед Пецьку ўпадабаў? Ці не таму, што мая душа памкнулася да яго, безабароннага і няшчаснага ў жыцці, слабога целам, але не душой? Хто ведае...

— Вось яно што...

У прачыненае акно залятае цёплы асенні вецер, толькі подых яго калыхнуў фіранку, прайшоўся па палаце. З тумбачкі, узняўшыся старонкай, упала газета.

Дзесьці на Сажы падаў голас буксір — пэўна, ішоў насустрач яму параход ці выходзіў на паваротку.

Пецька прымружыў вочы, уздыхнуў.

Я зразумеў, што адабраў ад Пецькі ці не апошнія сілы. Але не ведаў, што ён выведзе мяне на такія сцежкі, дзе адкрыюцца мне невядомыя дасюль тайны пра самога сябе, пра якія і не падазраваў. Ды яшчэ як адкрыў, з лупцаваннем, няшчадна. За тое, што так доўга не мог азірнуцца, задумацца над тым, што раблю і каму тое ў рэшце рэшт патрэбна.

Мне здалося, што Пецька задрамаў.

На маё плячо легла цёплая далонь медсястры. Кіўком галавы паказала, што час скончыўся, што мне пара яго пакінуць аднаго.