Выбрать главу

— Што з ім? — пацікавіўся ў яе, калі выйшлі ў калідор.

— Лейкемія. Яму патрэбна аперацыя па перасадцы коснага мозгу. Яе ў нас не робяць. Толькі за мяжой. І каштуе яна дваццаць пяць тысяч даляраў. Але пра ўсё вы пагаварыце лепш з урачом, які лечыць яго.

— Дзякую, добра. Ён на месцы?

— У ардынатарскай. Вы ж у халаце, можаце ісці смела.

3...

За акном зіма.

На белым снезе, пакуль што яшчэ не забруджаным попелам з заводскіх труб, выдзяляюцца рабінавыя гронкі, якія склёўваюць вераб'і і сініцы. Учора прыляцелі снегіры і далучыліся да іх кампаніі. Прыйшлося дзяліцца далікатэсам.

Дзень пусты. Ні за што не магу зачапіць рукі. «Эрыка» знямела, не рэагуе на мой душэўны покліч, на мой стан, не памагае, але ж і не злуецца...

Спрабаваў брацца за пэндзаль (гэта раней давала нейкае суцяшэнне і прыводзіла да раўнавагі), але на эцюдніку атрымоўваліся нейкія невыразныя і незразумелыя спробы бяздарнасці...

Да піва не цягнула зусім. Як і да гарэлкі. Гэта ад таго, што яна толькі ўзмацніла б мой боль.

Ведаю пра двух сваіх сяброў — калі ў іх «творчы крызіс», то яны напіваюцца да бяспамяцтва, а потым праз дзень-два выходзяць з гэтага стану асветленымі і свежымі. Ныраў у алкагольныя хвалі і Высоцкі, але вынырваў адтуль з нізкай новых вершаў-песень...

Спрабаваў акунуцца ў п'янку, каб змыць з душы хмару, але потым галава балела мо з тыдзень. Не кожнага, значыць, ратуе гарэлка.

У такі час, як назло, ніхто і не пазвоніць. Звоняць тады, калі шкада аддаваць на размовы нават хвіліны.

Я перабраў газеты, якіх накапілася цэлая гара, рассарціраваў на патрэбныя, павыразаў нешта цікавае, што магло некалі спатрэбіцца альбо проста было цікава, астатняе пусціў на макулатуру.

— Ці ёсць хто дома, ці ёсць хто дома? — заспяваў маркотна тэлефон.

Я абрадавана падняў трубку.

— Тута я!

— Вой, а хто гэта? — непасрэдны дзіцячы голас выказваў сваё здзіўленне.

— А ты хто? — стараўся я не напалохаць маленькага чалавека. — Трэба ж назвацца перш, тады і я скажу пра сябе.

— Я — Віка.

— А я — дзядзька Антон. Так ты можаш мяне называць. Не, лепей заві спадар Антон, добра?

— Добра, спадар Антон. А чым ты займаешся цяпер?

— Анічым. Не магу знайсці занятак, бо вельмі стаміўся ад папярэдняй работы. Чакаў, калі хто пазвоніць. Таму я рады твайму званку.

— Праўда? — абрадавалася дзяўчынка. — А я думала, што непрыгожа вось так гаварыць з незнаёмым чалавекам. Мне таксама стала сумна, і таму рашыла пазваніць. Я не ведала, які набраць нумар, і ведаеш, як я цябе набрала?

— Не.

— Сёння мяне выклікалі на ўроках шэсць разоў. Такога яшчэ не было ніколі. На першым уроку я атрымала пяцёрку. На другім — таксама. На трэцім — столькі ж. А на трох апошніх — тройка і дзве чацвёркі... Вось і склаўся нумар тэлефона...

— Геніяльна! — пахваліў я дзяўчынку, смяюся яе прыдумцы, і ў мяне, адчуваю, з'явіўся добры настрой — Віка не толькі развесяліла мяне, але і ўліла свежыя сілы, сама не падазраючы, пэўна, пра тое. — І як табе такое прыйшло ў галаву?

— Сама не ведаю. Ад суму што хочаш можна прыдумаць.

— Можа, і так. Ты адна дома?

— Адна.

— А дзе ж бацькі?

— Працуюць, мама — у бальніцы, тата — на заводзе, брыгадзірам.

— А ты ў чацвёртым класе вучышся?

— Ага. А адкуль ты ведаеш?

— У мяне відэатэлефон. Усё бачу.

— Няпраўда, у горадзе яшчэ ні ў кога няма. Хлусіш.

— Хлушу.

— А падманваць, хлусіць — кепска.

— Прабач, больш не буду, — усё больш і больш мне пачынае падабацца размова, імпануе непасрэднасць Вікі. Мне здавалася, што я яе нават бачыў — блакітная сукенка, такі ж бант на галаве, шэрыя вочы, кірпаты носік. Такі партрэт маляваў яе голас.

— Антон, прабач, але мне пара мыць падлогу, — вінавата прызналася дзяўчынка.

— Добра, Віка. Ты памагаеш маме?

— Не памагаю, то на мяне ўскладзены такія абавязкі.

— Зразумеў. Значыць, ты ўжо дарослы чалавек.

Віка яшчэ памаўчала і спытала:

— Антон, а ці можна мне яшчэ пазваніць? Калі стане сумна і захочацца пагаварыць. Не пакрыўдзішся?

— Не, не. Буду рады.

— Тады, другім разам, ты мне і раскажаш, кім ты працуеш, чым займаешся?

— Добра, раскажу.

— Тады — бывай. Усяго добрага.

— Шчасліва табе, Віка.

А ў мяне асацыяцыі — ідзе дождж, пахмурна, нідзе не схавацца, у душы бязладдзе і неразбярыха. І тут раптам рассоўваецца воблачная завеса і выглядвае цёплае і даверлівае сонца — пачынае саграваць сваім цяплом і даваць энергію, якую страціў, аддаў на нейкія патрэбныя і непатрэбныя клопаты. Так і тут — тым сонейкам стала невядомая і незнаёмая Віка...