Як хораша, калі ёсць тэлефон, які ў цяжкую хвіліну можа паслаць табе на дапамогу дзіцячую непасрэднасць, якая простым і нязначным словам можа вярнуць да жыцця.
Кепскі настрой як рукой зняло.
Цяпер сама час прайсціся па ўзбярэжжы Сажа, зазірнуць у абком — пачасаць язык, паслухаць свежы анекдот.
На вуліцы ззяла зыркае напорыстае сонца.
Зноў кінуўся ў вір. Не ўтрымаўся...
Пісьмо даслалі з рэдакцыі. Скаргу. Першымі на чарзе на кватэру стаяла маладая сям'я. Ды абышлі іх — хто быў сёмым, тым далі. Сёмая — пляменніца сакратара райкома партыі, а начальнік ПМК яго лепшы друг... Узяўся, разварушыцца захацелася, бо заседзеўся па дробязных адпісках ды арганізаваных допісах...
Тыдзень я патраціў на збор фактаў. Прафсаюзны дзеяч ПМК, былы партыйны работнік Буднеў, тлусты, як кот, з лысінкай, таксама далёкі родзіч сакратара... Цэлы клубок, агульны муравейнік.
Набраў тэлефон сакратара — хацеў яму задаць апошняе пытанне, бо іграў ён галоўную партыю ў гэтай гісторыі.
— Хвілінку, — падняў трубку сакратар і тут жа паклаў побач з тэлефонам. Без усялякай перасцярогі гаварыў з некім. Пачуў выразна, як ён паведаміў:
— Ды яны нейкага сапляка з маладзёжнай газеты падключылі... Трэба правучыць яго, падбяры момант.
Сакратар раіў начальніку ПМК, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі, што гаварыць. Я загадзя падключыў мікрафончык да слухаўкі — касета круцілася, голас запісваўся.
Сакратар скончыў гаварыць, паклаў слухаўку, звярнуўся да мяне:
— Алё, слухаю вас. Хто гэта?
— Добры дзень, Віктар Платонавіч! Гэта той сапляк з маладзёжнай газеты, пра якога вы гаварылі Сідорчыку. Цікавая ў нас атрымліваецца размова. І яна пішацца на дыктафон.
Уяўляю маўклівы і разгублены твар сакратара — ён маўчыць некалькі секунд. Я апярэдзіў яго:
— Нам ёсць патрэба сустрэцца. На тры-пяць хвілін.
— У бліжэйшыя дні ў мяне няма часу!
— Па сутнасці тое нічога не мяняе. Дыктафон нашую размову фіксуе, і сапляка таксама, фактаў для артыкула дастаткова, але па журналісцкай этыцы няёмка ўспамінаць чалавека, амаль галоўнага героя, і ў вочы яго не пабачыць. Так што глядзіце самі, я не настойваю...
— Калі ёсць час, прыязджайце цяпер, а то я праз сорак хвілін імчу на Менск.
— Добра, праз дзесяць хвілін я ў вас буду.
Але гаварыў я ўжо сам сабе — у слухаўцы чуліся кароткія гудкі.
Я паслаў сігнал SOS.
Найперш у сваю газету, а потым у іншыя, звязаўшыся з калегамі па пяру, пісьменнікамі. У бядзе быў чалавек. Джо ніхто не абараняў, нікому ён не быў патрэбны. Быў у чэраве таго страшыдлы, якое напалохала ўвесь свет і нарабіла бяды мільёнам людзей. Пра дозу радыяцыі не казалі, у хлопцаў не было нават рэспіратараў. Яны былі як смертнікі, як злачынцы, якія нічога благога за сваё жыццё не зрабілі, але ім прыдумалі найвышэйшае пакаранне — паступовую і пакутлівую смерць пад рэактарам.
Смяротныя промні пранізалі яго наскрозь... Людзей абараняў ад бяды, а самога яна напаткала найперш. Цяпер жа тыя людзі павінны памагчы яму. Гарбачоў не паможа, бо Саюза няма, а хоць бы і быў, то ці балела б у яго галава за аднаго нейкага чалавечка, калі не балела галава за ўсю пакутную Беларусь. А Ельцыну і яго кампаніі нейкая там калонія — Северо-Западный край — ні ішоў ні ехаў...
Неабходна было тэрмінова сабраць грошы для таго, каб зрабіць аперацыю за мяжой. Адкрылі рахунак у банку, куды можна перасылаць грошы...
За гэты час пазваніў у лясніцтва, дзе працаваў бацька. Ляснічы быў на месцы.
— Як там жыццё, Зміцер Сымонавіч?
— А як у той бульбы — калі не пасадзяць, дык з'ядуць.
— Зразумеў. Як там бацька?
— Трымаецца. Нам бы яго рэлігію. Маладых за пояс запіхвае. Вунь, бачу, па двары ходзіць, нешта парадкуе.
— Як бы з ім перагаварыць? Пільны ёсць клопат. І вашая, Сымонавіч, дапамога трэба.
— Якая?
— Бацька потым раскажа. Спачатку я ў яго павінен атрымаць згоду. Я роўна праз паўгадзіны буду званіць, хай падыдзе.
— Добранька. Зразумеў цябе, Антон.
Бацька з'явіўся ў намечаны час. Я яму кораценька расказаў сітуацыю. Ён маўчаў, абдумваў усё. А я і не падганяў — ад таго, якое бацька прыме рашэнне, залежала многае, можа, і жыццё Пецькі...
— Дык то пра яго было ў абласной газеце і ў тваёй?
— Пра яго, бацька.
— Бо тут ужо і ў вёсцы пачалі збіраць грошы, калі прачыталі.
— Уся бяда, бацька, у тым, што наўрад ці ўдасца сабраць грошы. Валюта толькі ў буйных прадпрыемстваў, а яны сёння ўмеюць грошы лічыць. Хто ён ім — без роду, без племені. Кааператары таксама — без выгады грошы не дадуць.