Выбрать главу

— Сітуацыя, — уздыхае бацька. — Але ж у мяне ёсць нейкія задумкі. Што ж, давай рашымся — будзем лячыць твайго хлопца. Я ж пабудаваў у Барсучыным котлішчы леснічоўку. Ён там і будзе жыць. Думаю, што дамо нейкае рады.

— Дзякую, бацька.

— За што? Трэба — значыць трэба.

— Сымонавіч згадзіўся памагчы, раскажы яму, якая дапамога ад яго трэба.

— Добра. Прыязджай. Чакаю. Каб праз тыдзень прыехаў бы, надта добра было б.

Прыйшла са школы дачка. Бачу, засмучоная, не глядзіць у мой бок, адварочваецца.

— Таня, што з табой? — прысядаю, стараюся паглядзець у вочы.

І раптам у яе вонкі вырываецца плач — аж не можа стрымацца.

— Дачушка, што здарылася? — устрывожыўся я, беручы за худзенькія плечыкі. — Набіў хто?

— Не-е... Настаўніца двойку паставіла.

— За што?

— За... сачыненне. Яна сказала, адкуль я ведаю, што ў гладышы малако.

Вось яно, аказваецца, што. Учора дачка папрасіла мяне памагчы напісаць сачыненне па малюнку. Маладая жанчына з дзяўчынкай сядзелі на ўзлеску і абедалі. Разам з хлебам, цыбуляй і рознай ядой стаяла пасярэдзіне гладышка. Мы разабралі малюнак.

— Адкуль яны могуць ісці?

— З вёскі. Былі ў гасцях.

— А што трымаюць вясковыя людзі ў гладышах? Як у нашай бабулі, што жыве ў Цыбулева?

— Малако.

— Вось ты і адказала на сваё ж пытанне.

— Дзякую, татусь, іду дапісваць...

І во — настаўніца Дуброўская, заслужаная настаўніца, зрэзала дзіцячую фантазію пад корань, адбіла крылы, і дачка плюхнулася на зямлю...

Як мне растлумачыць дачушцы, трэцякласніцы, што настаўніца паставіла сама сабе двойку за няўменне выкладаць расейскую мову. Ёй бы штабным пісарам акурат добра, дзе ўсё канкрэтна, без выдумкі, дзе люмінь, а не алюміній правіць баль...

У старэйшай, Ірыны, беларускую мову выкладала Бэця Ізрайлеўна. Ці ж было калі наадварот — каб габрэйскую мову выкладалі габрэям беларусы? Наўрад ці... Прагледзеў сшытак па беларускай мове і здзівіўся — адны пяцёркі. Калі ж пачаў правяраць практыкаванні, то ў кожным знайшоў па восем — дзесяць памылак. Пераправіў пяцёркі на двойкі і паказаў дачцэ. Яна, здавалася, не здзівілася і не пакрыўдзілася на маё ўмяшанне.

Рашыў паслухаць, як ідзе выкладанне прадмета ў класе. Можа ж бацька папрысутнічаць на ўроку, паглядзець, як вучыцца дачка?

І — наслухаўся. «Пішыце в строчку», «пішыце з краснай стракі», «запамятавайце напісанне назоўніка»...

На перапынку цікаўлюся, калі ўсе выйшлі з класа:

— Бэця Ізрайлеўна, скажыце, што азначае слова «запамятаваць»?

— Как что? Запомнить! — здзівілася настаўніца маёй недасведчанасці, нядобра бліснуўшы на мяне сваімі чорнымі вачыма.

Калі ж я потым сказаў дырэктару школы пра свае ўражанні і вывады, тая запярэчыла:

— Так это же лучший преподаватель беларусского языка в городе!

Божачка! Бедная мая мова!

Яшчэ ўспомнілася...

На бацькоўскім сходзе класная Ірыны, Зінаіда Аркадзьеўна, неспадзеў звярнулася да мяне:

— Антон Сяргеевіч! Я хацела б, каб вы падзяліліся вопытам выхавання сваёй дачкі — у вас «благополучная» сям'я...

Дзіўнай была просьба. І — нечаканай.

— Па-першае, адкуль вы вызначылі, Зінаіда Аркадзьеўна, што ў нас «благополучная» сям'я? А па-другое, вопытам выхавання дачкі падзяліцца я не магу. І вось чаму — я не ведаю, што такое выхаванне. І таму ніколі дачку не выхоўваў. Урокі амаль ніколі не памагаў вучыць.

— Але ж яна выдатна вучыцца.

— Тым больш — не спадзяецца на чыю-небудзь дапамогу. У першым класе, на першых днях вучобы, прыходзіць яна дадому. Кінула партфель — і на вуліцу. Кажа, трошкі пагуляю. Жонка раз адарвала ад вуліцы, потым другі. А на трэці рашылі — хай гуляе, пакуль не надакучыць. Гуляла да тае пары, пакуль не змерклася. Прыйшла і ледзьве не плача — урокі не падрыхтаваны.

— Сёння позна ўжо, дачка, час падрыхтоўкі ўрокаў прайшоў, пара класціся спаць...

Раніцай я пазваніў настаўніцы, каб яна паставіла ёй двойку. Яна здзівілася, але ўважыла маю просьбу.

Дачка прыйшла дадому ў слязах. Прызналася пра двойку. Выбегла на вуліцу, пагуляла з паўгадзіны і — за ўрокі. З таго часу з вуліцы яе ніхто не клікаў. А за ўрокамі ніхто не сачыў. Вось і ўсё...

Бацькі заўсміхаліся майму аповеду, а класная, відаць, пакрыўдзілася, што яе намаганні правесці педагагічную гадзіну на высокім узроўні не спраўдзіліся. Сказала толькі:

— Это же жестоко, Антон Сергеевич!

— Затое я пазбавіўся ад непатрэбнай апекі над дзіцём. Яна навучылася сама размяркоўваць час, прывыкла сама адказваць за свае ўрокі, за сябе. Я даў ёй волю. І яна тое зразумела. Спадзявалася ва ўсім толькі на сябе.