Выбрать главу

Я ж залазіў у такія тэмы і дабіваўся сустрэчы з тымі, хто быў пры ўладзе, хто моцна трымаўся за сваё крэсла.

Прысніўся мне аднойчы ноччу мой дзед Рыгор. Нябожчык. Пахавалі яго гадоў з дзесяць назад. Ён стаяў перада мною ва ўсім белым — валасы і барада былі як са снегу, штаны, доўгая, ніжэй каленяў, сарочка — кужэльныя, толькі твар і рукі чорныя — загарэлыя.

— Усё пішаш, унуча?

— Пішу, дзед, работа такая.

— І не сорамна пісаць табе розную лухту? Ты ж прастытуткай стаў, унучак. Парцейным прыхлябальнікам — што табе загадаюць, пра тое і брэшаш. Не крыўдзіся, што так гавару з табою, бо праўду кажу. Кінь, пакуль не позна, бо ў пекла пападзеш. Я ўжо не кажу, што ты Бога забыў, малітву тую забыў, што баба Адэля цябе вучыла...

— Забыўся, дзед, але «Ойча наш» памятаю.

— Пішы праўду, унучак, калі ўзяўся за такую справу. І я прашу, і баба Адэля, мы за цябе тутака перажываем. Ды і сорамна за цябе, што душу і талент свой сатане нізашто аддаеш.

— Дык я ж, дзед Рыгор...

— «Дык я ж, дык я ж»... — перадражніў мяне дзед, перажагнаў і тут жа пачаў знікаць, як туман, як прывід. — Глядзі ў мяне, капуста шаткаваная...

З таго часу мінула ўжо ладнавата, а сон стаіць перад вачыма як не штодня. Адчуў, што пісаць з такой лёгкасцю і бяздумнасцю я больш не змагу. Дзед Рыгор не дазваляў. Крыўдаваў на мяне за тое.

— Ты дзе гэта лётаеш? — вяртае мяне на ранейшую каляіну Адам, дапівае ўжо другі куфель. — Рыбкай хоць падзяліся. Хто такі, што з табой размаўляў?

Я адламаў палову, паклаў ля Адамавага келіха:

— Не ведаю... Другі раз бачу. Тут усе адчуваюць сябе знаёмымі, размаўляюць з кожным, як быццам кожны дзень бачацца і сябруюць. Гэта як у лазні, дзе ўсе становяцца блізкімі і роднымі.

— Нейкі ён... падазроны.

— Шпіён? — злуюся я ўжо на яго — калі няголены, неахайны, то не наш, ату яго. Адам больш да акуратненькіх горнецца, з імі ён смялейшы і паважае такіх.

— Чаму шпіён? Біч. Нідзе, напэўна, не працуе. Каб выпіць, крадзе грошы альбо выпрошвае ў такіх даверлівых, як ты.

— А ты не даў бы яму на піва?

— На піва — не. На хлеб даў бы.

— Дзікунская ў цябе філасофія.

— І ў цябе ж такая.

— Але ты, дружа, не хвалюйся, у цябе ён не папросіць.

Адам паглядае на мяне:

— Гэта ж чаму?

Хіба ж я не адказаў яму? Недзе ў глыбіні душы я ўжо шкадаваў, што зацягнуў сюды Адама. На сваю галаву і бяду, быццам я гэтага піва не мог выпіць і адзін. А то быццам сабе сабутэльніка шукаў. Але ж не гарэлку п'ём... А калі б і гарэлку? То што?

Не быў бы побач Адам, мы б абавязкова пагаварылі з Джо. Добра пагаварылі б, па душах, як кажуць. Ён бы абавязкова расказаў пра сябе, можа, і не з першага разу, а неяк пасля... Можа б, гэта была рэабілітацыя перад дзедам Рыгорам, тут бы я не схлусіў ніводным радком, ніводным словам. У мяне ў сумцы, якую я пастаянна нашу на плячы, заўсёды напагатове дыктафончык, які цудам купіў у камісійным магазіне за трыста рублёў. «Соні»! Выдатная штукенцыя!

Тыдзень назад званю дырэктару палітэхнікума Шаганяну. Кажу, што для рэспубліканскай газеты неабходна даць інтэрв'ю. Альберт Шаганян раздумваў некалькі секунд і, каб не пакрыўдзіць мяне, далікатна сказаў:

— У мяне вельмі мала часу. Калі вы згодны, то магу выдзеліць для гутаркі толькі дзесяць хвілін.

— Калі? — ухапіўся я за нітачку.

— У восем гадзін раніцы.

— Згодзен! — абрадаваўся я. — Дзякую. Заўтра без пяці хвілін я ў вашай прыёмнай.

Раніцай я пераступіў парог без дзесяці хвілін. Без пяці ў прыёмную выйшаў дырэктар, павітаўся, убачыўшы мяне, падаў руку, запрасіў да сябе.

Дастаю дыктафончык, кладу на стол, побач наручны гадзіннік, націскаю кнопачку і гавару:

— Калі ласка, слухаю вас. На дзесяць хвілін...

Замест інтэрв'ю дырэктар зарагатаў, гледзячы на дыктафон. Ён адкінуўся ў крэсле, задраў галаву:

— Абхітрыў ты мяне, дружа карэспандэнт! Не мог падумаць, што пад дых мне дасі... Дзякую.

— За што?

— За хітрасць. Армянін хацеў перахітрыць беларуса, а атрымалася наадварот. Часу мне, братка, не хапае, ну і не схацеў я губляць на размову час.

Што мяне здзівіла, дык гэта тое, што ён, прадстаўнік армянскага народа, гаварыў на роднай мове беларусаў. Тут беларус, маючы ў дыпломе высокую адзнаку па роднай мове, крычыць: «Не знаю я этого языка!», а тут...