Выбрать главу

— Не ведаю. Але мне падалося, што ён з-за вас быў такі ўзбуджаны і так паступіў. Мо што доўга не прыходзілі ці якая іншая прычына. Лепш ён вам сам пра ўсё раскажа...

— Але дзе мне яго цяпер шукаць?

— Дзе? Дома.

— Ды няма ў яго ніякага дома. У тым і бяда, Віктар Пятровіч, што няма.

Урач нахмурыўся, закусіў губу, пацёр кулаком падбароддзе.

— А мне казаў, што да бацькоў паедзе, будзе здароўе папраўляць.

— У яго сур'ёзна са здароўем, Віктар Пятровіч?

Новікаў кіўнуў галавой:

— Вельмі. І вы правільна падалі сігнал SOS. Адгукваюцца на заклік?

— Глухія людзі. Нашага крыку не чуюць... Ну, як жа гэта вы далі прамашку? Я ж збіраўся яго тэрмінова завезці ў сваю вёску. Там бацька мой з таго свету людзей вяртаў. Хацелі во і яму памагчы. А тут дарагія кожная хвіліна і гадзіна.

Я паціснуў руку і пайшоў да дзвярэй.

— Калі што ўведаю, адразу вам дам сігнал, — паабяцаў Новікаў, праводзячы мяне.

Я кіўнуў галавой.

5...

Джо, ну дзе цяпер шукаць цябе?

А мо ты зусім з'ехаў з горада і цяпер знаходзішся за тысячы кіламетраў ад мяне? Што я зрабіў такога, каб ты так раззлаваўся на мяне?

Цэлымі днямі я блукаў па вуліцах горада, пабыў ва ўсіх піўнушках, але нідзе яго не ўбачыў. Не дасі ж у міліцыю фота на стэнд «Іх шукае міліцыя». Тады ўвогуле буду яму ворагам.

Дзе ты, Джо, адгукніся! Мне не было часу завітаць да цябе, другім людзям трэба была помач, і я кінуўся туды. Але ты ж на першым месцы ў мяне, і я ўсё падрыхтаваў, каб выканаць просьбу дзеда Рыгора... Толькі ж жыццё дыктуе нам свае ўмовы і свой сцэнарый. Каб жа я ведаў, што ты, Джо, пакрыўдзішся на мяне, плюнуў бы на ўсё і памчаў да цябе, кожны дзень прыходзіў бы...

На Віку не хапіла часу, а, пэўна ж, няпроста так званіла, дзіцячай душы было адзінотна. І табе адзінотна, Пеця-Джо. Калі ў Вікі яшчэ ўсё жыццё наперадзе, то ў цябе невядома што заўтра... Ну і дурань жа я набіты! Якой бяды нарабіў! Божа, памажы мне адшукаць яго, ён сам не ведае, што творыць, што робіць для самога сябе блага. І для мяне таксама. Навучы, дзе шукаць яго...

Плануеш так, а выходзіць ніяк. Так і ў мяне. Усё расклаў па палічках, з усімі дамовіўся, а забыўся пра дробязь — удакладніць пра ўсё з Пецькам. Ён і не падазраваў пра мае імкненні памагчы яму, пра тое, што я, рызыкуючы работай, умешваюся ў яго лёс...

Я мог бы папрасіць колькі хвілін экраннага часу на тэлебачанні — вяду ж там зрэдку сваю перадачу «Літаратурная гасцёўня», але ведаю, што ён ніколі і не глядзіць тэлевізар. Як і не слухае радыё. І газет, адпаведна, не чытае. Ён адарваны ад свету. А можа, і не адарваны, то мы ад яго свету адарваныя. Але ад таго не лягчэй — Пецькі няма, і слядоў не пакінуў.

Каб жа ведаў адрас яго цёткі. Ды наўрад ці і яна існуе, не верыцца ў тое. Упэўнены, што наплёў пра яе, каб не падумалі, што ён недзе «пазычыў» тыя ляшчы, якімі частаваў на піўным полі. А мо і ёсць тая цётка, ды не патрэбен, пэўна, ёй Пецька...

Няўжо згубіў? Няўжо — назаўсёды?!

Як жа мне тады апраўдацца перад сваім сумленнем, перад дзедам Рыгорам, калі з'явіцца, што скажу яму? Нічым не апраўдаюся. Бо няма і падстаў ніякіх для гэтага.

І я ўсё ж працягваў да позняй ночы блукаць па горадзе. У кожны пад'езд заглядваў, не мінуў ніводнага падвала ў цэнтры, дзе ён мог начаваць, — было ж па-зімоваму холадна.

Днём заспела мяне Віка, а я быў у роспачы.

— Табе цяжка зноў, Антон, праўда?

— Праўда, Віка.

— Хто пакрыўдзіў цябе? Злыя людзі?

— Не, Віка, я сам сябе пакрыўдзіў.

— А так бывае?

— Здараецца. Адзін мой знаёмы, які стаў амаль і сябрам, папаў у бяду — захварэў. Быў у Чарнобылі. Яму патрэбна аперацыя за мяжой, а грошай няма. Я хачу завезці яго да бацькі, які вылечыў шмат людзей. Прыехаў у бальніцу, а ён выпісаўся, уцёк ад мяне. Пакрыўдзіўся, што не прыязджаў да яго.

— А бацькі...

— Няма ў яго бацькоў. Нікога няма. І вось я хаджу тыдзень і не магу яго адшукаць. І адраса ў яго няма, і жылля няма. А дарагі кожны дзень...

— А што цябе затрымала?

— Ездзіў у камандзіроўку. Абараняў дзяўчыну ад самадурства старшыні, яна выпускніца заатэхнічнага вучылішча.

— Абараніў?

— Працуе, усё наладзілася.

— А сябра згубіў. Антон, а давай будзем разам яго шукаць?

— Не, ты яшчэ малая. Нельга табе... Гэта для дарослых. Я павінен яго адшукаць, Віка, я. Чаго б гэта мне ні каштавала. Як з вучобай?

— Нармальна.

— Як кацяняты?

— П'юць ужо малако.

— Ну во, у цябе ўсё добра.

— Амаль што.

— Чаму — амаль што?

Віка засмяялася:

— Як-небудзь іншым разам.

— Добра, звані.

— Мг... А ты знайдзі Джо. Абавязкова знайдзі.