Вось і Віка ненарокам далучылася да лёсу Пецькі. Але ці меў я права рабіць «замыканне» на дзіцячай душы? Я ёй перадаў свой боль. Як грамавы разрад на зямлю. У яе ж і сваіх дзіцячых клопатаў хапае, яшчэ і маіх, дарослых, дадалося. Знайшоў каму расказваць пра сваю бяду! Ну ці не цяльпук я пасля гэтага? Дзяўчынка ж і пазваніла табе дзеля таго, каб аблегчыць свой боль, даверылася табе, а ты... Як самы агідны эгаіст, не выслухаўшы яе, сваю агіднасць ёй перакінуў — у падарунак. Вар'ят! Дэспат!
Божа, што за насланнё такое на мяне ў гэтым месяцы?!
Няўжо мая зорка так пахіснулася, перайшла на другую арбіту? Па гараскопе, што я глядзеў, Цяльцу спадарожнічае толькі ўдача! Хто ж мне выдаў такі білет? Венера, якая ў мяне за фундатара? А я не адчуваю яе дабраплыннага ўздзеяння, наадварот, мяне душаць няўдачы і супярэчнасці, не знікае процістаянне...
Я ў нейкім цэйтноце сваёй удачы. Ды якая, шыпшына мая калючая, удача, калі пракол за праколам... Калі сабраць усё ў кучу, то атрымаецца вялікі мінус...
Некалі, калі быў я яшчэ сляпым, калі прымаў на веру ўсё, што было напісана ў школьных падручніках, бабулька сказала мне, што ёсць на небе Бог і трэба слухацца яго і не рабіць нічога кепскага... Тады ж, тры ночы запар, прыходзіў да мяне дзед Рыгор і, стаўшы на калені, плакаў:
— Унучак, я яшчэ сто разоў гатоў памерці, але паслухай мяне, старога, адумайся. Ты ж сляпое кацянё, якое не ведае, куды ідзе і што робіць. Ніколі не былі такімі твае продкі, а ты стаў слугою ў сатаны. Ніколі не было такога, каб за нас думалі другія, толькі мы — яцвягі, палешукі, дрыгавічы — думалі самі за сябе і адказвалі за свой род, за будучы род. Чаму ў твае мазгі загналі гаўно і ты памяшаўся розумам?! Адумайся! Як навучыўся чытаць, ты не трымаў у руках Біблію. То ж вялікі грэх! Знайдзі яе, прачытай. Адумайся! Дай слова, што не будзеш рабіць глупствы, ну-ууу?!
Дзед раз'ятрыўся, замахаў рукамі, і здавалася, вось-вось ашчаперыць рукамі маё горла і мне будуць капцы. Я разумеў тое. Я такім дзеда яшчэ не бачыў, тым больш пры жыцці. Ачомаўшыся, прачнуўшыся нават, я адказаў дзеду:
— Даю слова, дзед Рыгор! Вось пабачыш, я не падвяду цябе!
Жонка прачнулася, спалоханая, прыціснула мяне да падушкі, нешта шаптала супакойваючае, а я, укручаны мокрай прасцінай, курчыўся ў сутаргах, не могучы зразумець, чаму дзед Рыгор ператварыўся ў маю жонку...
— Во давялі палюбоўніцы, што і спаць не можаш з-за іх, — уздыхнула яна, калі пабачыла, што я супакоіўся.
Здаецца, каб не Ўлляна ў гэты час, то я зрушыўся б «па фазе»...
Некалі, калі прыціснула мяне бяда і хапіла сэрца, калі адкачалі дактары, пайшоў праз колькі дзён да Прыпяці, укленчыў, зажмурыў вочы, падставіў твар космасу, прамовіў:
— Ойча наш, які на небе! Ды свяціцца імя Тваё, ды наступіць панаванне Тваё, ды будзе воля Твая і на зямлі, як на небе...
А ў маёй кішэні ляжаў той чырвоны, як вымачаны ў чалавечай крыві, партыйны білет з сілуэтам таго, хто хацеў адрынуць людзей ад Бога.
Але я адчуў у той жа момант, што Бог не адрынуў мяне ад сябе.
Калі б я не верыў у Бога, у Яго святую дапамогу, калі б не памаглі жонка і дактары, то я быў бы ўжо на тым беразе жыцця, адкуль не прыплываюць назад...
Знік, растварыўся Пецька-Джо, бы цукар у шклянцы вады.
Якія я толькі ні прадпрымаў спробы, на якія ні ішоў прыдумкі, якія сеткі ні закідваў, каб вылавіць яго ў піўных забягалаўках, качагарках, падвалах, — і ўсё без вынікаў.
Старшыня абласнога пісьменніцкага гурту Васіль Качоў, даведаўшыся, што еду ў Нароўлю, папрасіў заадно папрысутнічаць на літаратурным аб'яднанні пры раённай газеце. Сказаў, што ёсць цікавыя хлопцы і дзяўчаты, мо што і для газеты спатрэбіцца. Намячалася выдаць літаратурны альманах, дык для яго трэба было адабраць колькі вершаў ці апавяданняў.
Заседзеліся дапазна, за спрэчкамі і размовамі не заўважылі, як прабег час. Загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Мікіта Цыбулька, які і кіраваў літаб'яднаннем, угаворваў застацца яшчэ на адну ноч. Хаця і час быў позні, але я заўпарціўся — спаслаўся на важную прычыну.
Дарогай, здаецца, драмануў. Дзесьці на паўдарозе, як толькі пераехалі Дняпро, на нас абрынуўся дождж. Ды яшчэ, здаецца, падмарожвала...
Аўтобус поўз марудна і асцярожна — вадзіцель баяўся, каб нас не занесла ў канаву. Непрыкметна да майго плечука прыхінулася русявая дзяўчына, што сядзела побач.
У маіх вачах стаяў Джо — пасміхаўся з мяне, крыўляўся.
— С вами умереть можно со скуки, — шапнула мне перад самым горадам суседка.
— Дзякую, што вы мне пра тое сказалі ў канцы дарогі, а не ў пачатку.
— Пожалуйста. А вы из Наровли?