Выбрать главу

— Адтуль. А што?

— А оно и видно — на деревенском языке разговариваете. Разрешите, я встану, мне скоро слезать надо.

Не ўтрымаўся, сказаў:

— Калі вы на некага залезлі, то можна і злезці.

Вакол засмяяліся, але спадарожніца, пэўна, не зразумела з-за чаго... Аўтобус спыніўся, яна нырнула ў дажджліва-снегавую цемру, пабегла назад па дарозе, згінаючыся, хаваючыся ад халяпы.

Мы спазніліся амаль на дзве гадзіны, але ніхто не крыўдаваў — па дарозе бачылі не адну аварыю.

Я выйшаў апошні. За спінай грукнулі дзверцы аўтобуса, і ён тут жа ад'ехаў — паехаў у гараж. Разбегліся хто куды пасажыры, а я нечага яшчэ марудзіў, як раздумваў — ісці дадому ці не.

Была другая гадзіна ночы.

У прыцемку, каля калоны, не звяртаючы ўвагі на халяпу, стаяў хлопец — як быццам п'яны, хістаўся, падтрымліваючы сябе рукой — упершыся ў калону. Не ведаю чаму, але мне захацелася падысці да яго, сказаць, каб не стаяў на холадзе, а ішоў у залу, дзе цяплей. Нейкае шкадаванне падгарнулася да мяне — прападае ж чалавек з-за сваёй неабачлівасці.

Дакрануўся да пляча, але ён стаяў нерухома, не паварочваўся да мяне.

— Вам блага? Вам трэба ў залу — там суха і цёпла...

Я абышоў яго і стаў наперадзе. Па твары ў яго сцякала вада, на непакрытай галаве змерз снег, быў ён непаголены, зарослы, твар — зямліста-чорны. Хлопец глядзеў абыякава на мяне і нічога не бачыў. Святло ад акон слаба адбівалася ў яго вачах. І тут я як бы спатыкнуўся аб што — мяне затрэсла ад нечаканасці...

— Джо?! Пецька, ты? — не паверыў сваім вачам, схапіў за плечы, страсянуў. — Што ты тут робіш?

Ён маўчаў, як і не чуў мяне. Ці не пазнаваў?

— Чаго ўцёк з бальніцы, мяне не папярэдзіўшы? Чым я пакрыўдзіў цябе? Скажы, чаго маўчыш?

Я стаў перад ім на калені, на слізкі асфальт, абняў за ногі і прыціснуў да сябе. Ён як анямеў, не чуў нічога наўкола, што я яму казаў.

— Прабач, Пецька, я не хацеў зрабіць табе балюча.

У ім нешта адгукнулася, я пачуў, як ён не то выдыхнуў з сябе паветра, не то закрычала ад болю яго спакутаваная душа — выдых-мычанне было доўгім і безнадзейным...

Я зноў устаў, прытуліў яго да сябе, павёў да ўвахода. Пасадзіў на першае сядзенне. Ён ужо не ведаў, што адбываецца з ім, няўцямна глядзеў перад сабой. Выдыхнуў з сябе гэтак жа, як і на вуліцы, паветра, усё роўна як крычаў, крычаў маўкліва, некаму аднаму, хто б мог яго пачуць. Калаціўся ўжо, адчуваючы холад, сцепануўся раз, другі, заляскалі зубы...

— Джо, ты пасядзі хвілінку... Я на секунду, ты не падымайся толькі.

Добра, што працаваў на дварэ тэлефон-аўтамат — рэдкая з'ява ў нашым жыцці. Знайшлася і двушка. Жонка ўжо спала, але адразу ж адчула маю трывогу:

— Што ў цябе здарылася?

— Улляна, я адшукаў Джо. Выклічы тэрмінова нам на вакзал таксі. Мы будзем чакаць. І вось што яшчэ. Налі ў ванну вады, ён, здаецца, прастудзіўся. Будзем лячыць. Харошай гарбаты зрабі. І падрыхтуй канапу, засцялі...

— Добра, Антон, зразумела.

— Дзякуй. Чакай.

Калі вярнуўся да яго, Пеця, не расплюшчваючы вачэй, прамовіў:

— Нікуды я не паеду. Бальніца мне не паможа.

— А мы не ў бальніцу паедзем. Да мяне паедзем.

— Тым больш дадому не паеду сярод ночы. Клопатаў з-за мяне...

— І не зусім дадому — на карэспандэнцкі пункт. А туды можа завітаць кожны, хто пажадае.

— І ўсё роўна не хачу.

Я зусім не разумеў яго. Чаму ён упарціцца? Чаму?

— Джо, скажы, чым я пакрыўдзіў цябе?

Толькі цяпер ён павярнуўся да мяне, як прачнуўся ад дрымоты ці нежадання гаварыць са мной, як не закрычаў:

— Сказаць? Чым? А то і сам не ведаеш? Хто цябе прасіў даваць на ўвесь свет тое, што ты пісаў пра мяне? Якое SOS, якое «памажыце, людзі»? На храна мне твая і людская дапамога! Я ненавіджу жаласць. А пакліча да сябе Бог, так таму і быць. Мне не будзе сорамна перад ім...

— Пецька, апамятайся! Што ты гаворыш!

— Гэта ты апамятайся! Чаго ты лезеш туды, дзе цябе не просяць, — са сваёй міласэрнасцю, з жаданнем некаму памагаць, прасіць, капацца ў гаўне?.. Гэта твая работа ці абавязак душы? І тое, і тое — праціўна і непрыгожа.

«Як згаварыліся з дзедам, адно і тое ж гавораць, а я хіба вінаваты, што мяне жыццё кінула ў такую (няўжо няўдзячную і непатрэбную) прафесію?!»

— Работа, Джо. Інакшай не маю. Але не ўва мне загваздка, Пятро. У табе. Адкінь усе абвінавачванні, падазрэнні, паслухайся мяне. Паехалі ў вёску да майго бацькі. Ён — ляснік. Ён будзе цябе лячыць сваім метадам.

— І тут без мяне ўсё рашыў?

— Рашыў. Бо рашаецца твой лёс, тваё жыццё ў небяспецы. І таму нельга адкладваць ні на адзін дзень. Я заклінаю і прашу, Пецька, я адказваю за цябе...