Маці пахітала, шкадуючы хлопца, галавой:
— Ён да маладзіка чакаў вас. А цяпер поўня, зыход...
— Вось чаму ён узлаваўся на мяне, пакрыўдзіўся.
— Ён жа заўсёды, калі чалавек нямоглы, пачынае лячыць на маладзік. Тады сіла ў чалавека нараджаецца. І свае клопаты заўсёды на маладзік пачынай... Хіба ж не казаў бацька?
— Казаў... Ды каб гэта ўсё можна было падагнаць у жыцці. Усё перамешана, завязана ў нейкі вузел, што і не развязаць. А вузлоў такіх — не злічыць.
— Чаму ж ты жывеш, што ўсё перамешана, з вузламі? Нягожа так. І Ўлляна не прыязджае, як засердзілася на мяне нечага. Сварыцеся?
— Усяляк бывае.
— Ды ты ўступай ёй, трэба ж жанчыну слухацца — яна ж маці.
— А што я зраблю, такі ў мяне характар. Такое жыццё, мама.
— Эх, сын, сын, нешта не так у цябе, у душы тваёй не так...
З бацькам жа гаварылі да раніцы. Перш чым узяцца за лячэнне, хацеў ён пра Пецьку больш даведацца.
— Хрышчоны хоць?
— У Афгане нас разам кулі хрысцілі.
— То сатана вас хрысціў. Там смерць была. І табе, і яму неабходна ў царкву схадзіць, грахі свае зняць з сябе. Ці быў ён у царкве? Ці хрышчоны?
— Спытаю, не ведаю.
— Як харчуецца? Што есць?
— Як усе — чым кормяць.
— Ёгай не займаўся?
— Пэўна, не. Дэсантнікам быў, кросы па сто кіламетраў рабіў.
Бацька маўчыць, думае пра нешта, пытаецца, мусіць, пра галоўнае:
— Сын, а сам ён ці хоча таго лячэння? Тут галоўнае яго жаданне. Я магу пачаць толькі пасля таго, як ён цвёрда скажа мне, што пойдзе на ўсё і выцерпіць усё, што я яму прапаную.
З гэтым адказам было куды цяжэй. Я расказаў бацьку пра ўсё, нічога не ўтойваючы. Каб зразумеў сітуацыю.
— Тут вялікая, сын, ахвота трэба. І жаданне. І — сіла волі. Трэба мне з ім самому пагаварыць.
— Пагавары, бацька. У цябе лепей тое атрымаецца. Мо здолееш пераламаць яго, ажывіць, прымусіць паверыць у самога сябе. На цябе аднаго спадзяванне.
— Добра.
Падалі голас ужо другія пеўні.
— Пара спаць, сын. Кладзіся...
Толькі дакрануў галаву да падушкі — і пайшоў я некуды па гнуткім імху бацькавага абходу. Мяне ахутала мройная цеплыня, у спіну грэла сонца — я растварыўся ў бацькавым лесе, зліўся з дрэвамі, кустоўем, паветрам...
І са мной жыло шкадаванне, што мала выпадала вось так гаварыць з бацькам, слухаць яго душу і пульс дабрыні, шмат чаму павучыцца мог я ў яго, пераняць. А ён не раз спрабаваў разбудзіць ува мне цікавасць да таго, што ён робіць, а я, дурань, адкладваў надалей, пераносіў на нейкія пазнейшыя дні...
«Цяпер я папрашу ў таты прабачэння за сваю глухату і невуцтва, разам з Пецькам буду браць у яго ўрокі доўгажыхарства і здароўя, каб навучыцца і самому валодаць такім жа дарам, як і дзед Рыгор, і мой бацька, а потым перадаць тое сваім дзецям...»
З такімі думкамі я і праваліўся ў салодкі сон, які бывае толькі ў роднай хаце...
Праз тры дні бацька запрог кабылу Машку і павёз Джо на Барсучынае котлішча.
Перад гэтым тата доўга гаварыў з ім. Пра што гаварылі, не чуў — сышоў у лес, па якім засумаваў, замаркоціўся. Але адчуў я, што Пецька паверыў майму бацьку, а значыць, даў слова слухацца яго ва ўсім...
Найперш Петрусю была прапісана дыета: еў салаты з крапівы. Спачатку ён жаваў недаверліва, насцярожана, як бы правяраў, ці не атруціцца. А потым, асмялеўшы, еў усё, што рыхтаваў яму лекар. Ён аддаўся поўнасцю яго ўладзе.
Праз колькі дзён у вачах хлопца засвяціліся невядомыя мне раней іскрынкі жыцця, цікавасць да бацькавай методы, вера ў добрыя перамены.
А я радаваўся яго настрою — як добра, што ён пайшоў насустрач і маім, і бацькавым намаганням. Бо яго, Петрусёва, жаданне мела палову поспеху ў лячэнні. Так казаў бацька. Дай, Божа, майму сябру доўгае жыццё... Уратуй і захавай!
Дні былі і не сказаць каб халодныя і золкія, але і цёплымі назваць нельга было. Пачыналася вясна. Пятрусь глядзеў на мае любыя з дзяцінства мясціны, і ў яго святлеў ад замілавання твар:
— Хораша як!
З яго грудзей вырваліся радасць і ўзнёсласць, якія ён знайшоў тут, у лесе, у голасе чуліся бадзёрасць і спадзяванне.
— Я ж табе казаў, што не пашкадуеш, калі прыедзеш сюды, — сказаў я, але сустрэўся з бацькавым неадабральным позіркам і таму адразу перавёў гаворку на іншае: — Тут грыбоў восенню — касу закладвай. Восенню мы абавязкова паходзім тут.
— Сляпы сказаў: «Пабачым», — адказаў няўцямна сябар, але то быў яго любімы выраз, які азначаў нешта сярэдняе паміж згодай і абяцаннем.
Машка спусцілася ў лагчыну, асцярожна ступала па балотнай твані, быццам спрабавала дарогу на цубкасць, а потым пайшла ўжо ўпэўнена, нават спяшаючыся.