І гэты ўзболатак, і гэтыя алешыны, і хмель, што абвіў іх як не да вільчыка і церпка патыхаў ад узболатку, і нейкі своеасаблівы, толькі тут народжаны пах, і ўсё астатняе, што складала агульную сімфонію ляснога настрою, — з дзяцінства сядзела ў маёй душы і цешыла ўспамінамі, мрояй, што некалі, у хуткім часе, адкінуўшы свае клопаты, я прыкладуся і зрокам, і душой да гэтага гаючага асяроддзя і вярнуся ў ранейшае чыстае і светлае рэчышча.
Ужо з самага пачатку шляху, калі мы пачалі грузіцца, адчуў, што мне нехта памагае ў маёй рупнасці. За што б ні браўся, цяжару не адчуваў — як нехта яшчэ, нябачны, трымаўся за клунак ці каробку з гарохам, крупамі і бобам.
Адно бацька пасмейваўся нечага, хаваў усмешку.
Ведаў мой настрой ці быў далучаны да гэтай тайны?
Мы ўзялі кажухі, абутак, запасныя гумовыя боты, сякеру, пілу, нажы, лыжкі і відэльцы, — бацька, аказваецца, усё падрыхтаваў загадзя, ведаў, што можа спатрэбіцца там. Ён не тлумачыў, як усё будзе наладжана і арганізавана, хаця, як я меркаваў і разумеў, меў свае планы з самага пачатку нашага падарожжа.
Выехалі на тую дарогу, дзе некалі гінула на маіх вачах дзяўчынка, мая равесніца, а мы не маглі ёй нічым памагчы. Пэўна, у кожнага з нас, хто тады назіраў за трагедыяй, на ўсё жыццё засталося пачуццё сваёй слабасці і бездапаможнасці, упэўнены быў, што прыходзіла яна, жывая, да кожнага ў сне і калі не дакарала, то глядзела чыстымі і празрыстымі вачанятамі і маўчала.
Да мяне ж яна прыходзіла часта, як і дзед Рыгор, але ніколі не прамовіла ніводнага слова — ні папроку, ні дакору.
Машка тым часам павярнула ўправа, паднялася на невысокую пясчаную выспачку з чэзлым сасоннікам і, пабегшы трушком, выкаціла нас у бярозавы гай — бялела і справа, і злева, суцэльныя бярозавыя свечкі, аж балела ў вачах...
Вось яшчэ неглыбокі раўчук — Мікітаў брод, потым урочышча Алёсы, бацькава падсочка, і далей, яшчэ глыбей у лесе, акружанае з усіх бакоў непралазным гушчарняком і балотам, і знаходзілася бацькава запаведнае месца, перададзенае ў спадчыну дзедам Рыгорам, а дзеду Рыгору — дзедам Анціпам...
Пэўна, то была бацькава вялікая тайна.
Кабыла сама ўжо трымалася шляху, бацька яе і не надта падганяў — сама вывезла нас з нізіны, павярнула ўлева, зноў з дзвюх непрыкметных дарог выбрала правую, і густое голле пачало шлёгаць нас па твары, па галовах і спіне.
Праз нейкі час Машка спынілася.
— Вось і ўсё, прыехалі, — прамовіў бацька, першым саскокваючы з воза, атрасаючы з сябе сенную труху. — Міласці прашу.
Мы стаялі каля невялічкай хаціны, якую я ніколі не бачыў. Бацька заўважыў маё здзіўленне, заўсміхаўся:
— Бач, як даўно не быў тут — не ведаеш, што і за хата вырасла. Я жыву калі-нікалі тут, начую...
Дык вось чаму мы бралі транты, кажухі, посуд, бульбу і ўсё астатняе, неабходнае.
— І вы тут жыцьмеце... Праз тыдзень я пакіну вас, калі прыйдзе пара. Як ты, Пятрусь, не змарыла цябе дарога?
— Не, Сяргей Пятровіч, наадварот, падбадзёрыла крыху, — радасна адказвае Джо, глядзіць на бацьку, на мяне, прадчуваючы невядомую, але захапляючую старонку ў сваім жыцці. — Толькі не магу растлумачыць свой стан — мне стала незвычайна лёгка.
— Здзіўляцца ты будзеш яшчэ не раз.
Бацька распрагае Машку, спутвае яе і пускае ў сасоннік, за ім лугавіна, знойдзе, дзе патаптацца. Я ж бяру лахманы, клункі, нясу да парога і ўсё не магу адарваць позірку ад леснічоўкі — як ладна змайстравана, як прыгожа выраблены аканіцы — з узорамі, з карункамі. Пазіраю і на Петруся, радуюся яго добраму настрою.
У леснічоўцы стол, два ложкі, крэслы, паліца з кнігамі і часопісамі. Грубка з плітою, на якой можна гатаваць ежу. Было і падполле, куды я згрузіў мяшкі з буракамі і бульбай, морквай і капустай. Адчуў, што шмат страціў чаго ў сваім жыцці: імкнуўся да мора, туды, бліжэй да сонца, а тут, зусім побач з вёскай, з роднай хатай, у гэтай залатой мясціне, ці не найлепшай у свеце, можна было сядзець з машынкай ці мальбертам і рабіць сваю галоўную ў жыцці работу — пісаць, пісаць, пісаць... Не тое, што прымушалі абставіны і праца, а тое, што балела, тое, што хацелася, што накапілася за доўгія гады...
Божа, чаму асвятляе Твой розум і наступнае прасвятленне позна, а не тады, калі трэба?.. А мо і не позна? Можа, ніколі не позна?
— Крынічка не забыўся дзе? — падае бацька металічны пазалочаны гладыш на тры літры — з дужкай-ручкай. — Прынясі вады.
Каб дайсці да яе, неабходна спусціцца па прыступках у роў. Пад нахіленай калінай, якая штогод цвіце буйным цветам, а потым зімой палаюць чырвоным полымем буйныя пераспелыя гронкі, і схавалася нябачная воку крынічка.