Памятаю, што бацька некалі рабіў з дубовых клёпак спецыяльную бочку і абгарадзіў тое месца. І кожны год чысціў яе, асвяжаў.
Калі прынёс крынічанкі, бацька паставіў гладыш на стол, потым адліў у кубак, падаў Петрусю:
— З гэтага самага моманту я і пачынаю дадзенае мне Богам і прыродай лячэнне. Можа, нават і не лячэнне, а проста я вам павінен паказаць натуральны стан чалавека ў жыццёвых абставінах, якога не павінны браць ніякія хваробы. Прашу яшчэ раз аднесціся да ўсяго сур'ёзна і з вялікім жаданнем спасцігнуць вялікую тайну, якая некалі і не была тайнай... Галоўнае — паверыць... Вось толькі цяпер я адчуваю, што вялікая хвароба сядзіць у табе і не можа пакінуць цябе. Але да тае пары, калі ты сам захочаш яе выгнаць са свайго цела. Цяпер адкажы: ці згодзен ты прайсці праз усё, перамагчы і вылечыцца?
Пятрусь нейкі момант маўчаў, уражаны такім урачыстым момантам, не выпускаў з рук кубак з вадою і адказаў цвёрда і ўпэўнена:
— Згодзен!
— Ці верыш ты ў тое, што хвароба пакіне цябе назаўсёды? Ці верыш?
— Веру.
— Ці абяцаеш ты не парушаць дадзенае табой слова і пройдзеш праз усе выпрабаванні, якія выпадуць табе тут, у святым месцы?
— Абяцаю... Я ўсё вынесу, усё вытрымаю.
Бацька ж неяк перамяніўся, стаў іншы і напамінаў мне хутчэй нейкага дзеда-чараўніка, толькі без барады, і ад яго сыходзілі мудрасць і нейкая глыбінная ўпэўненасць у сваёй перакананасці і правільнасці, ён як бы зарадзіўся нейкай нябачнай энергіяй, і яна выпраменьвалася на нас, умацоўваючы ў сваёй сіле і дабрыні.
— Запомніце абодва: гэтае акно — усход. Заўсёды, калі вы будзеце піць, стойце тварам толькі на ўсход. Пі, Пятрусь, першую сваю порцыю гаючай сілы. Бог пачуў цябе, Бог ідзе табе насустрач...
Пятрусь піў павольна, маленькімі глыткамі, смакуючы, адчуваючы, як у яго ўліваецца нябачнае «нешта», расцякаецца па кожнай клетачцы яго цела, напаўняючы ўсю яго істоту лёгкасцю і Божай асветленасцю.
Бацька стаяў з растапыранымі рукамі, як бы гладзіў кубак, але не датыкаўся да яго, нешта шаптаў.
Следам выпіў і я — гэтак жа павольна, не адрываючы губ ад срэбнага кубка. Бацька гэтак жа «гладзіў» далоньмі і мой кубак...
— І ў табе, сынок, бачу, сядзіць хвароба. Яна дрэмле пакуль, але некалі абавязкова напомніць пра сябе. Ці згодзен ты ісці следам за ім, слухацца свайго ўнутранага голасу?
— Згодзен, бацька.
— Прыйшла пара перадаць табе ўсё, што ведаю, што ўмею. Ці гатовы ты да гэтага?
— Гатовы.
— Ты вернешся адсюль іншым чалавекам, не такім, якім прыехаў сюды. Ці не пашкадуеш, што твае думкі будуць мець іншы кірунак? Ты шмат страціш, але знойдзеш утрая больш. Найперш — светлы розум. Ты выйдзеш адсюль са светлымі думкамі і жаданнем рабіць добрае і радаснае.
— Не пашкадую. Я гатовы да ўсяго. Усё вытрымаю.
— Мне яшчэ бацька казаў, твой дзед Рыгор, што перадаць павінен толькі табе. І вось той час прыйшоў. І табе, Пятрусь, таксама пойдзе на карысць — ад цябе я нічога ўтойваць не буду.
— Дзякую, Сяргей Пятровіч.
— Вы выпілі незвычайную ваду. Калі б я хацеў стаць багатым, то ім бы мяне зрабіла вось гэтая крыніца. Чаму? Ёсць такая мясцінка на зямлі — Хузакут. Там людзі жывуць па сто дваццаць і сто пяцьдзесят гадоў. Жывуць доўга таму, што ў іх ёсць крыніца чароўнай вады. Чаму чароўнай? А таму, што калі абследавалі яе, то аказалася, што мінералы ў той вадзе прысутнічаюць не ў форме іонаў, а ў форме калоідаў, ды яшчэ адмоўна зараджаных, а вадкія крышталікі вады настолькі энергетычна насычаны, што вада тая мае паверхневае нацяжэнне шэсцьдзесят восем дзін-сантыметраў. А звычайная вада мае нацяжэнне на паверхні значна больш — семдзесят пяць дзін-сантыметраў. Вось усе гэтыя ўласцівасці і робяць хунзакуцкую ваду жыватворнай. Амерыканцы знайшлі замяняльнік, а адзін прадпрымальнік на гэтым скалаціў цэлы капітал. Памятаеш, Антон, як я лячыў прафесара? Дык я папрасіў яго дачку, каб яна зрабіла аналіз маёй вады, але каб не прызнавалася, дзе яна яе ўзяла. І, ведаеце, вада аказалася намнога лепшай за хунзакуцкую. Я не кажу, колькі каштуе літр — некалькі даляраў, але багачом я быць не збіраюся. Я і так багацейшы за ўсіх — нават за мільярдэраў. Яна павінна, хлопчыкі, і вам памагчы! Як і многім іншым. Ды паможа вам Бог!
— Няхай паможа!
Бацька адкрываўся перада мною новымі невядомымі гранямі, якіх я дасюль не заўважаў. Не пазнаваў яго, бо адразу ж паддаўся яго чароўнасці і цудатворнасці, поўнасцю падпарадкаваўся яго ўладзе, паверыўшы беспаваротна, як ніколі, што я падышоў да таго парога, за якім будзе маё новае нараджэнне, мая душа набудзе новыя рысы, і я вызвалюся ад непатрэбных думак, перажыванняў, зразумеўшы, што на гэтым свеце ёсць шмат іншых каштоўнасцей. Вера мая ўмацоўвалася ў маёй душы з кожнай хвілінай, з кожнай секундай.