Пра крыніцу і яе цудадзейныя ўласцівасці бацька ніколі мне не прызнаваўся. І я не надаваў раней ніколі ўвагі, калі падчас хваробы паіў каго і гаварыў: «Вада з маёй крынічкі, яна абавязкова паможа...»
Ён здаваўся мне ў гэтыя дні няхай не Богам, дык недзе самым блізкім Яго памагатым, бо мы пачалі жыць па законах яго рэлігіі, дадзенай Богам, яго філасофіі. Найперш ён забараніў нам есці мяса. Растлумачыў тое тым, што першы чалавек, створаны Богам, мяса не ўжываў зусім, яго страўнік і язык былі прыстасаваны да сырой яды — тое, што ядуць каровы, свінні.
Страшныя рэчы адкрываў нам бацька. Я пра тое ніколі не чуў, ніводная газета не пісала пра тое. Я цяпер ведаў — чаму. Нашаму грамадству добра мець людзей з нездаровай псіхікай, якія б маглі без шкадавання забіваць у Афганістане і іншых кропках, якія б не задумваліся над сваімі паводзінамі, і ў іх жыла пастаянная смага крыві і забойства... А гэта жахліва і бесчалавечна!
Бацька паказаў, як на цёрцы рыхтаваць для яды буракі і капусту, як прарошчваць жыта і авёс, гарох і боб... У нас стаялі дзесяткі слоікаў з белымі наклейкамі, з вадой і насеннем, якое павінна было пусціць парасткі і якое мы павінны былі спажываць праз дванаццаць дзён...
Наступны і пасля гэтага дзень мы не трымалі нічога ў роце з яды — галадалі. Самае дзіўнае і тое, што мы палілі ў грубцы, але нічога не варылі, нават гарбату. Мы абагравалі хату, стваралі мікраклімат, у якім ладзілі сваё асабістае энергетычнае біяполе.
Бацька зняў матрацы і дошкі, што былі пад імі, і аказалася, што то і не ложкі зусім, а каробкі памерам з ложак, спрэс засыпаныя зямлёю і пакрытыя мохам. Вось на гэтую «пярыну» і паклаў нас гаспадар хаціны. Яна была прагрэтая, нават цёплая. Укрываліся лёгкім прасцірадлам.
— Чалавек усё сваё жыццё павінен спаць на зямлі, як і хадзіць па ёй босы. Як і есці ўсё жыццё сырую ежу, а не забіваць жывёлу і звера варварскімі метадамі і спажываць іх. З таго першага моманту, калі чалавек забіў звера і з'еў яго мяса, у ім і нарадзіліся інстынкты агрэсіўнасці, зла, зайздрасці... Паўтару — у нас кішэчнік, як у свінні, якая ніколі не есць мяса. І язык у нас разлічаны адчуваць салодкае, кіслае, салёнае, а ў звера разлічаны толькі на мяса. Чалавек сам сябе сапсаваў, ператварыўся ў звера.
— Бацька, а адкуль у цябе такія веды?
Ён не адказаў мне, не выказаў крыўды, што я перабіў яго, працягваў сваё:
— Таму адзін з кампанентаў майго патрабавання — сыраедства. Яно выганіць асноўнае чорнае смецце з вашага засмечанага арганізма. Заўтра з раніцы вы будзеце есці толькі сырую гародніну і садавіну.
Я гляджу на Петруся, думаю: а што ён адчувае ў гэтыя хвіліны? Ці не засумняваўся ў тым, што прапаноўваў нам бацька? Але ён не глядзіць у мой бок, ён аддадзены самому сабе і настаўніку, лекару, бо пайшоў па яго шляху і не збочыць з яго. Позірк строгі, самаадданы. Для яго ўжо нічога не існавала, нішто не магло збіць з дарогі, па якой кіраваў.
І я плыву побач з ім у гэтай вірліва-трывожнай плыні, не змагаюся, не стараюся выплысці да якога-небудзь збавіцельнага берага, а толькі лёгкімі ўзмахамі рук стараюся ўтрымліваць раўнавагу на плыву, каб не пайсці на дно. Але — дзіва — адчуваў на паверхні сябе я ўпэўнена і лёгка. Нават не плыў па цячэнні, аддаўшыся ўладзе магутнай ракі, а ляцеў пад подыхам порсткага ветру, і не рукі былі ў мяне, а самыя сапраўдныя крылы...
Пецьку навучыў бацька рыхтаваць асабістую ўрыну, упарваць яе да адной трэцяй у гліняным горшчыку, наказваў піць тры разы на дзень. І дома бацька трымаў коз, ад іх браў урыну і штодня паіў хворага.
Шмат чаго яшчэ цікавага адкрываў ён перад намі.
На сёмы дзень ён пакінуў нас абодвух, схаваўшы ў тайнік стрэльбу, папярэдзіў:
— Ці мала што ноччу — не злы чалавек, дык раз'ятраны звер... Але я думаю, што да такога не дойдзе. Буду прыязджаць, наведвацца. Рабіце ўсё так, як я раіў. І ўсё будзе добра.
І мы засталіся адны.
Як Рабінзон з Пятніцай на неабжытым востраве...
7...
Праз колькі дзён наведаўся бацька зноў.
Прывёз тэлеграму ад Валеры: «Усё спакойна. Не хвалюйся, прыдумаў табе важкую прычыну адсутнасці». Жонка прыслала пісьмо. Цікавілася, як я і чаму пераключыўся з маладых дзяўчат на падлеткаў. Нічога не зразумеў.
Але радавала галоўнае — можна пабыць у гэтым раі яшчэ нейкі час.
Наша затворніцтва працягвалася.
Але кожны дзень уліваў у нас бадзёрасць і сілу — мы гэта адчувалі ўвачавідкі.