І нагаварыліся ж мы з ім!
А зблізіліся яшчэ больш, як не парадніліся. Пятрусь мяняўся на вачах. Пажвавеў позірк, упэўненай стала хада. А мы з ім блукалі як не кожны дзень па некалькі кіламетраў.
— Слухай, Антон, я адчуваю, як у мяне ўліваюцца кожны дзень сілы. Усё больш і больш. А ты як адчуваеш?
— Тое ж самае, Джо.
— Ты вось што, Антон... Прабач мне, дурню, за тое... ну, што я на вакзале табе лухты нагаварыў.
— Нічога, браце, і не было на вакзале. А я рады, што ў цябе іншы настрой, што з табой гаварыць можна, спрачацца, а не сварыцца.
Добра, што захапіў з сабою блакнот. Мне захацелася пісаць. І думкі выскаквалі так хутка, што я ледзьве паспяваў іх запісваць.
Пятрусь далікатна не адрываў мяне ад майго занятку, тым больш што спаў ранічкай доўга — зморвала яго стома. А мне хапала гадзінкі дзве пасядзець за сталом. І пісаў пра лес так, як ніколі да гэтага не адчуваў і не разумеў яго. Цяпер я сцвярджаў, што лес дадзены чалавеку Богам і ёсць у гэтым глыбокі філасофскі сэнс. Здзівіўся хіба адной акалічнасці — тут, у леснічоўцы, і словы знаходзіліся патрэбныя, і былі яны як баравікі ў дажджлівыя дні — толькі не лянуйся згінацца і зразаць. Галава ж была ясная і чыстая. Такі ж і настрой жыў ува мне.
Няўжо пра тое казаў мне бацька?
І праз нейкі час да мяне даляцела зусім простая выснова — усё тое, што было там, у Гомелі, на рабоце, усе тыя дробязныя спляценні і карункі жыцця, плёткі пра расейскіх і сваіх, беларускіх, вялікіх мужоў, пра цэны і талоны, пра віно і гарэлку, — што ў параўнанні з тым пачуццём, якое я набыў тут, у леснічоўцы, у глыбіні бацькавага абходу. Я як быццам адшукаў свой білет удачы і шчасця, і іншага ў гэтым жыцці мне ўжо і не жадалася, не хацелася.
Я дзівіўся са сваіх думак, і мяне ахоплівала шчымлівая, да слёз, радасць, і я зразумеў, пакляўся сабе, што бацькава навука цяпер назаўсёды ўвайшла ў маё жыццё, у мяне, і цяпер я не адцураюся яе. Як і Пецька-Джо, якога я цяпер буду зваць нашым паляшуцкім імем — Пятрусь...
Ноччу Пятрусь пачаў крычаць у сне і клікаць некага на дапамогу. Я ўскочыў з ложка, падбег да яго, пачаў трэсці за плячо, стараўся разбудзіць. Жудасны і немы крык вырываўся з яго грудзей, і ён адпіхваў мяне, біў кулакамі па маім твары — ратаваўся.
— Пятрусь, то я, Антон, не бойся! Пятру-уусь!
А ён біўся ў маіх абдымках, плакаў, крычаў, сцінаўся, як быццам нехта здзекаваўся з яго, душыў, ламаў яго косці. Я здагадаўся запаліць лямпу, каб ён вачыма ўбачыў, што знаходзіцца ў леснічоўцы, што яму нішто і ніхто тут не пагражае.
— Пятрусь! Родненькі, прачніся!..
На памяць прыходзілі тая далёкая дзяўчынка і легкавушка, знясілены крык дзяўчынкі. Маё сэрца пранізваў боль...
Потым ён уздыхнуў, ускочыў і сеў, няўцямна аглядаўся вакол, не бачачы мяне. Я ўжо баяўся вымавіць слова, каб не нарабіць якой бяды.
— Антон? Ты?..
Я падышоў да яго, стаў побач:
— Я. Што з табой? Ты ачнуўся?
Ён доўга маўчаў. Мая рука легла на яго плячо, і ён уткнуўся тварам мне ў жывот, заплакаў. Але я адчуў, што ад яго адышлі боль і трывога — ад яго ішла ўжо цёплая энергія. Пэўна, у гэты момант я быў яму і за бацьку, і за маці.
— Прабач, Антон, то дзяцінства даганяе мяне. Яно ніколі не пакіне, будзе са мной вечна.
— Што там было, у дзяцінстве?
— Страшна было.
— Раскажаш?
— Калі табе цікава.
— Не дзеля цікавасці. Сам ведаеш, для чаго...
— Ведаю. Раскажу. Не сёння. Заўтра. Днём.
— Добра. Заснеш цяпер?
— Не ведаю. Але тое ўжо няважна. Не хвалюйся за мяне, ты кладзіся.
Заснуў не адразу, пад раніцу. Калі ж прачнуўся, то Петруся на ложку не было. Я ведаў, што ён блукаў дзесьці непадалёку, шукаў супакаення сваёй душы. Што ж там такое пачварнае было ў яго дзяцінстве, што і сёння яно страляе яму ў спіну, не дае спакойна жыць?
Па абедзе мы ляжым на сваіх земляных ложках. Маўчым. Я не напамінаю пра абяцанне, бо ён мог і перадумаць, не пусціць мяне ў свае ўспаміны...
— Ведаеш, дружа, — парушае першым маўчанне Пятрусь, — чаго я крычу ў сне? Бо на мяне заўсёды насоўваецца нейкая страшэнная пачвара і кашчавымі рукамі ўчэпліваецца ў твар. Тады я крычу і клічу некага на помач. Каго? Маму? Бацьку?
Голас у яго спакойны, значыць, ён прыйшоў у ранейшы стан, можа смела расказваць пра ўсё.
— Божа, нават на Вялікім судзе я не адмоўлюся ад сваіх слоў, ад сваіх думак,ад свайго пастаяннага болю, які нашу ў сваім збалелым сэрцы, у сваёй спакутаванай душы. Божа міласэрны, як позна ты прыйшоў да мяне, у маю свядомасць, але як шмат даў... Мо таму і даў памяць...
Не ведаю, з якога ўзросту можа памятаць сябе чалавек, але я яскрава бачу сёння тое, што было са мною ў тры гады...