— Гэта я вам дзякую, Альберт Альбертавіч, што са мной вы гаворыце на маёй роднай мове...
Прагаварылі мы з ім не дзесяць хвілін. Каля трох гадзін ішла даверлівая размова. Ды не інтэрв'ю ў нас атрымалася, а сяброўская размова за кубкам гарбаты. Я і пытанняў не задаваў. Альберт расказваў пра сябе, можа, як ніколі і нікому не расказваў. Хвілінка такая, пэўна, падкацілася да яго — выгаварыцца хацеў. Мне было цікава слухаць і ўяўляць, як ён, хлапчуком, паступаў некалі ў ваеннае вучылішча і старшына сярод ночы прымусіў яго мыць туалет. Сказаў нешта супраць, і старшына ўдарыў па твары. Даў здачы, ды такой здачы, што ў таго і юшка пабегла з носа. А каб пазбегнуць непрыемнасцей, раніцай забраў свае дакументы (здаўшы амаль усё на «выдатна») і паступіў у політэхнічны інстытут... А потым некалькі сутак ехаў у цягніку «Масква — Ерэван». Ляжаў на самай верхняй паліцы. А ўнізе грузіны пілі віно і елі шашлыкі, дражнілі пахам яго пусты страўнік, сцякаў слінаю. «Дарагой, садысь к нашаму сталу, госцем будэш», — гасцінна, не адзін раз запрашалі да сябе, калі ён спускаўся ўніз. «Спасіба, я сыт», — адказваў ён. У кішэнях гуляў вецер — ніводнай капейкі не было, нават на кубак гарбаты.
Калі ж дабраўся да месца, апошнія сто метраў не мог ісці — падкошваліся ногі. Да парога ўжо амаль дапоўз, узяўся за дзвярную ручку і страціў прытомнасць...
Перад развітаннем Альберт аддаў мне свой даклад па навуковай канферэнцыі, сказаў: «Рабі з гэтага што хочаш. Але найбольш можаш выкарыстаць крытычныя заўвагі. Шмат прэтэнзій у мяне да метадаў навучання...»
Джо не Альберт. Што ён расказаў бы мне, не ведаю, але чамусьці ўпэўнены быў, што і яго было б цікава слухаць.
— Слухай, а што з білетам рабіцьмем? — напомніў Адам, трымаючы яго ў руках. — А раптам «Волга» ці «Калхіда»? — яхіднічаў ён. — То ж за твае грошы куплены. Глянь, і нумары якія цікавыя. Злева, дзе серыя, адны тройкі, а справа, нумар, — адны пяцёрачкі. Запамінаць лёгка...
— Адны няшчасці ад тых выйгрышаў.
— Чаму?
— Там, дзе буйныя выйгрышы і вялікія грошы, абавязкова няшчасці будуць. У нас у бухгалтэрыі працуюць Іда Абрамаўна і Сара Ізрайлеўна. Неразлучныя сяброўкі з дзяцінства. Пры сустрэчы цалуюцца, ласкавыя словы гавораць... Ішлі па вуліцы. Сара ўбачыла, што прадаюць «спрынт», і прыстала да Іды — давай купім. Тая аднекваецца — не хачу. А потым паддалася на ўгаворы. «Добра, толькі купі на мяне, грошы аддам раніцай на рабоце...» Купілі па два. Спачатку свае разарвала — пуста, пуста. Іда Абрамаўна разарвала адзін — пуста. Другі... Аж войкнула і ледзьве не асунулася на зямлю: «Волга»! Ачомалася, кінула сяброўку і хутчэй дадому, да мужа. Сара следам — то я ж купіла табе білет, дзяліся. Але дзе там! Пасварыліся. Муж Сары Ізя Мордухавіч пасля, як атрымаў легкавую, спецыяльна паўз вокны праязджаў і сігналіў — іграў на нервах...
— А ў маёй вёсцы таксама нешта падобнае было. Стаю ў магазіне, курыва купляю. А побач цётка Людвіся бярэ хлеб, грошы падае. Прадаўшчыца, маладое дзяўчо, дае, во як сёння нам, латарэйны білецік. «На шчасце, кажа, цётачка, вось пабачыце, выйграеце...» — «А на трасцу мне твая батарэйка!» — завярэдзіла крыўдліва Людвіся і шпурнула пад ногі «батарэйку». Ззаду мяне стаяла яшчэ адна жанчына, даяркай усё жыццё працавала, Аміля, у гадах, мужа ў лесе хваінай прычавіла. Двое дзяцей у горадзе, дарослыя ўжо. Падняла білецік. «Не камень, спіну не сагне панасіць», — так сказала, купіла пачак солі і пайшла дадому. Яна заўсёды трушком, хуценька так хадзіла, як усё роўна бегала. Яна ў Мазыр за дзень дапінала, а гэта за сорак кіламетраў. Пад восень ужо, перабіраючы ў стале паперкі, наткнулася жанчына на сваю «батарэйку», якую падняла ў краме. Пайшла на пошту, просіць загадчыцу: «Правер, донька, маю батарэйку, валяецца во...» На пошце яшчэ людзі былі, чулі і бачылі ўсё. Загадчыца як крыкне на ўсю пошту: «Аміля! Шчасце табе падваліла!» — «Якое шчасце?» — не зразумела. «Матацыкл ты выйграла з каляскай і мяне пракатаеш...» Аміля аслупянела, выхапіла з рук паперку, не паверыла... Але тут жа адбіла сыну тэлеграму, каб прыязджаў. Вечарам таго ж дня прыбегла да яе Людвіся — дачулася ж, вясковае радыё працуе бездакорна — і з парога заявіла: «Аддавай мой матацыкл! Зяцю акурат добра будзе на работу ездзіць...» А тая кажа: «Ты ж сама выкінула яго, той матацыкл... А можа, то і не твая батарэйка, дакажы, што твае нумары...» І — пайшло-паехала. Да суда дайшло. І мяне на суд выклікалі. Сведкам. Папалам суддзя грошы прысудзіў падзяліць. Во як бывае.
— Ну во, а ты гаворыш. Закажам яшчэ піўка?
— Давай.
На гэты раз я ўзяў лішні куфель. Для Джо. Калі паставіў перад ім, усміхнуўся, удзячна кіўнуў галавой. Мне ён здаўся паніклым і стомленым, хваравітым. Гаварыць яму не хацелася, і я адразу адышоўся. Гэтак я адпомсціў Адаму за яго недавер да хлопца.