Нас некуды вязуць, і я моцна стаміўся за доўгую дарогу — заснуў на сядзенні аўтобуса. Калі ж разбудзілі, незнаёмая цётка нейкім злым голасам (чамусьці запомніўся яе голас, як марозам і сцюжай павеяла ад яе) абвясціла:
— А хто кепска сябе паводзіў у час паездкі, таго будзем абліваць гарачай вадой...
Нам завязалі чамусьці назад рукі, павялі ў пакойчык з кафельнымі сценкамі. Сапраўды, ішла пбра, лілася з крана гарачая вада. Тая ж цётка абліла і мяне кіпнем, а яе таварышкі рагаталі ад таго, як я спуджана ўскрыкнуў... Для мяне яна была цёткай, а тады ж ёй было за дваццаць пяць, і звалі яе (запомніў на ўсё жыццё!) Таццяна Анатольеўна. Я ж паслізнуўся і ўдарыўся галавой аб рог сцяны. З твару пайшла кроў. Але я не мог яе выцерці, бо нам яшчэ не развязвалі рукі... Я тады нават не плакаў, бо я не адчуваў сябе чалавекам і мне не было балюча. Я адчуваў сябе нейкім нечалавекам, бо ні ад кога на маю істоту не сыходзіла чалавечая цеплыня і я быў як нежывы прадмет...
Але пасля таго я не мог спаць начамі: у мяне на целе выступілі чырвоныя пухіры, яны не зажывалі... Ноччу было холадна, ці маглі сагрэць нас дзіравыя коўдры, але ў той жа час нас распраналі дагала і зноў каралі — станавілі на калені, накідвалі прасціны на галаву і загадвалі не рухацца. Калі ж хто не вытрымліваў такой паставы, шавяліў рукой ці нагой, таго білі чым папала — па галаве, па спіне... Але самых маўклівых і, як ім здавалася, настырных ставілі на калені, на падлогу, падсыпалі абавязкова гарох ці металічныя кнопкі, а то і сухую грэчку. Помню, як яны ўпіваліся ў калені і цела крывяніла... Я не вытрымліваў, агрызаўся, упіваўся зубамі ў руку ненавіснай жанчыны, і тады мяне яшчэ білі, білі, білі... Ды што мяне, маіх сябровак Таню і Віку білі па пальцах металічным прутом, заціскалі ў дзверы...
— Ты мне пра канцлагер расказваеш такія рэчы? — не вытрымліваю я. — Ды ці можа такое быць у нашым хаця і былым сацыялістычным грамадстве?! Ты паклёп узводзіш на нашую рэчаіснасць. Дзе, у якой дзіцячай установе было такое?
Пятрусь як і не чуў маіх слоў. Тым жа размераным тонам працягваў сваю споведзь. Я адчуваў, як па маім целе пачыналі бегаць мурашкі-палямуды і кусаць мяне, запускаць у цела кропелькі атруты. Няўжо я сляпы быў, што такога не заўважаў? Ці не хацеў заўважаць, а мяне прымушалі пісаць толькі пра шчаслівае дзяцінства савецкіх піянераў?
— Чамусьці сярод ночы Таццяна любіла хадзіць сярод нас голая — у чым маці нарадзіла. Але мала таго, яна выбірала сярод нас, хлопчыкаў, некага, хто ёй падабаўся, і распранала яго, садзіла на сябе. Лажыла на сябе і моцна прыціскала да свайго цела, абдымаючы нагамі. А потым дзіка енчыла і знясільвалася, адпускала хлопчыка ад сябе.
Побач са мной быў ложак Нэлі Лелюковай, якая жыве ў Гомелі. Яна, як магла, супакойвала мяне, хаця ж сама перад гэтым плакала ад невыноснага болю — заціскалі пальцы ў дзверы за непаслухмянства, шаптала: «Петрык, мы выстаім, мы ўсё вытрымаем — Бог усё бачыць...»
Нас білі пастаянна. Білі часцей ноччу, пад раніцу, а то пужалі, падкраўшыся нечакана да ложка, насунуўшы на твар нейкую страшную маску... Прымушалі мыць падлогу, туалеты, нават мыць ніжнюю бялізну той жа Таццяне... І кожным разам над нашым вухам гучала адно і тое ж пагрозліва-караючае: «Паспрабуйце толькі каму паскардзіцца, ноччу прыдушым, ніхто і ведаць не будзе...» Я ўпэўнены сёння, што яны спраўдзілі б сваю пагрозу, каб нехта з нас паспрабаваў некаму сказаць. Таму ж дырэктару нашага дашкольнага дзіцячага дома. Але яна так рэдка сустракалася і гаварыла з намі, што мы не ведалі, хто і дырэктар і ці ёсць такі...
Я баяўся спаць у ложку і запаўзаў кожны раз пад яго. Баяўся, што зноў будуць прывязваць да металічных пруткоў ложка пякучымі вяроўкамі і біць металічным дроцікам па пятках. Чамусьці яны любілі гэтае пакаранне — біць па пятках. Не ведаю і сёння — чаму ў жанчын жыла такая лютая нянавісць да нас, безабаронных дзяцей? Яны ж нараджаюць нас, даюць жыццё. Тады жанчыны — гадзюкі? Бо і гадзюка, нараджаючы сваіх гадзючанят, выціскаючы іх з жывата, ловіць на ляту і з'ядае...
Калі ж я чую, як здзекуюцца з маіх сяброў, не вытрымліваю, крычу што ёсць сілы: «Не біце іх, яны слабенькія, хворыя, не біце!..» Тады яны яшчэ больш балюча спаганяюць зло на мне. Плачуць Колька Шаўчук, Славік Ярмоліч, Алёнка Скрыпчанка, Нэля Лелюкова, просяць пашкадаваць іх, не біць так балюча... Але тая ж цётка з высокай прычоскай выганяе нас зноў на вуліцу — на мароз, босых і голых, гыркае на нас, зачыняючы дзверы: «Будзеце ведаць, як не слухацца, — дэбілы, падзаборнікі!..»
На тым Страшным судзе пацвердзяць пра тыя здзекі і катаванні мае сябры і сяброўкі, якіх лёс параскідаў па зямлі, але ні яны, ні мы не згубіліся, падтрымліваем сувязь між сабою. Яны не дадуць схлусіць, не дадуць зманіць і пацвердзяць, што я не шызік, што я нармальны чалавек, што не з'ехаў з глузду ад тых здзекаў, пацвердзяць, як мы пакутавалі ў дзіцячым дашкольным доме, што ў Навабеліцы, на ўскраіне Гомеля...