Выбрать главу

Немаўляткам здала мяне мая мама ў дзіцячы прыёмнік.

Як і старэйшага брата Юрку.

— У цябе і брацік ёсць?

— Ёсць, Антон. Толькі я яго ніколі не бачыў. Як і маму.

— Як такое можа быць, Пятрусь?

— Значыць, можа. Самую ж маму спалярушавала, і яна не магла даглядаць нас. А нарадзіліся мы ад розных мужчын, якія не былі мужамі для яе... Так сказалі мне пасля людзі. Я быў у дзіцячых дамах Жодзіна, Цярухі, Кармы, а апошняе — Рэчыцкая школа-інтэрнат, ад якой таксама ўспаміны не з лепшых... Я ўсё жыццё буду памятаць толькі адно: здзекі, абразы, катаванні. Не ведаю, у якім савецкім падручніку педагогікі было закладзена такое, але тое мы паспыталі на сваёй скуры. «Свіння», «падонак», «казёл», «падзаборнік», «дэбіл» — гэта далёка не ўвесь пералік эстэтычнага лексікону настаўнікаў і выхавацеляў. Каб жа я запісаў іх выразы на твой дыктафон, ты б ачмурэў ад іх тупасці і нянавісці да малых дзяцей. Усё было скіравана толькі на адно: падавіць дзіця, яго волю, прынізіць, зняважыць, растаптаць самыя светлыя пачуцці і імкненні, не пакінуць і іскрынкі нечага чалавечага.

Чаму, чаму дарослыя людзі, асабліва жанчыны, атрымлівалі неймавернае задавальненне ад таго, калі бачылі, як на нашых вачах выступалі слёзы пасля таго, як нас выводзілі з душэўнай раўнавагі і мы зрываліся?.. А ім зноў жа была прычына жорстка караць нас — за грубасць, за супраціўленне... Каралі не фізічна (мы ўжо трохі падраслі, маглі паскардзіцца альбо даць і здачы, хаця б грызануць крыўдзіцеля зубамі), а маральна, словам і аўтарытэтам, пасадай і бяздушнасцю...

Каб жа гэта вёў дзённік з таго трохгадовага ўзросту — колькі жахаў умясціў бы той дзённік! Відэажахі, што я глядзеў, дзіцячыя казачкі. А можа, і добра, што нешта забываецца, а толькі прыходзіць у страшным і пачварным сне, і ты крычыш, ратуешся ад экзекуцыі выхавацелькі, махаеш рукамі... Калі ж цябе будзяць сябры, во як ты ўчора ноччу, то абрадавана адзначаеш, што тое ж не наяве, то толькі страшны сон... Не раз ноччу будзіў сяброў і я — і яны заходзіліся ў жудасным крыку. У дзяцінстве. І цяпер тое ж, калі ў каго прыходзіцца пераначаваць у гасцях... Хаця тое вельмі рэдка надаралася.

Але светлым успамінкам прыходзіць заўсёды на памяць Сяргей Дыбко — трэнер у Рэчыцкай школе-інтэрнаце. Яго ўсе любілі, давяралі сваю душу і тайны. Калі ад'язджаў на Поўнач, не ведаю, чаму туды падаўся, мы ўсе плакалі. Мо таму мы і сталі ўсе спартсменамі, што ён здолеў кожнаму не толькі прывіць любоў да спорту, а і выхаваць у сабе сілу і настойлівасць.

«Калі вы слабыя, вас можа пакрыўдзіць нават і камар! — гаварыў ён нам. — Вы павінны пастаяць за сябе пры любых абставінах. Толькі вы можаце самі сабе памагчы...»

Пэўна ж, ведаў дарагі наш настаўнік, што нам патрэбна ў жыцці! Дзякуй яму за тое, не забудзем яго ніколі.

Мо дзякуючы яму і яго памочніку Валеру Фалінскаму сталі спартсменамі з вялікай літары Юрый Петух, майстар спорту па лыжах, Наташа Дзергунова вучыцца ў інстытуце культуры... Коля Шаўчук — майстар спорту па футболе, Ігар Пішкун і Ларыса Канаваленка вучацца ў Гомельскім універсітэце на фізкультурным аддзяленні...

На ўсё жыццё нам спатрэбіцца загартоўка, падораная настаўнікамі. Каб выстаяць у гэтым жорсткім жыцці.

І вось нам выдалі па сотні рублёў пасля выпускных экзаменаў, апранулі ў летнюю форму — і едзь у белы свет, ніхто за цябе не адказвае. Падаўся я ў Харкаўскі інстытут. Выбраў фізіка-тэхналагічны факультэт — ядзерную фізіку. Праз ноч, калі начаваў на вакзале, у мяне ўкралі рэчы...

Усе мы будзем памятаць кожны дзень, праведзены ў савецкіх катавальнях. Так мы называем дзіцячыя дамы. Можа, цяпер, калі мая родная Беларусь стала вольнай, адарвалася як калонія ад старэйшага брата, урад задумаецца над тым, каго выхоўваюць у дзіцячых дамах — ці будзе гэта здаровы генафонд нацыі?

— Наведваўся ў дашкольны дом калі?

— Ды наведваўся. Зусім нядаўна. Найперш да дзяцей зазірнуў, у той пакойчык, дзе начамі раздзіралі цішыню дзіцячыя крыкі. Мая крыўдзіцелька цётка Таццяна не паказвалася мне на вочы, а мо і проста не была на рабоце — так яна і пабаіцца мяне... Палічыў, ёй жа сёння толькі за трыццаць пяць, а тады здавалася сапраўды цёткаю...

У кутку ўбачыў зарумзанага хлапчука. Падыходжу, сядаю побач на падлогу. Ён адчуў ува мне свайго, шапнуў: