Выбрать главу

— А мяне сёння зноў моцна білі. Толькі ты не расказвай нікому, бо мяне заб'юць...

Мяне пеканулі словы. Я паверыў яму. Хлопчыку ніхто не паверыць, калі б ён паскардзіўся, і ты не паверыў бы, каб пачуў ад яго такое. Не пярэч. Трэба прайсці самому праз тое савецкае таталітарнае і крывавае пекла, каб адчуць яго, хлопчыка, маленькі боль і вялікую праўду. А так ён дастукаецца да каго-небудзь? Ні да аднаго правяраючага, ні да аднаго начальніка — ні абласнога, ні раённага.

— Не плач, Мішка, не плач, — я прыціснуў яго моцна да сваіх грудзей. — Я некалі вярнуся сюды, я раскажу людзям праўду пра сябе і пра вас. Толькі мне трэба вучыцца, вывучыцца і падрыхтавацца. Ты мяне зразумеў?

Мішка глыбока-глыбока ўздыхнуў, як адчуў палёгку, як зразумеў мяне ўсё роўна, маральна падтрымаў. І я ўжо не меў чалавечага права падвесці яго. І сябе. І сяброў сваіх — бязбацькавічаў, дзетдомаўцаў. І перад Богам не адступлюся. Мяне яшчэ ніхто не вучыў маліцца — у дзіцячых дамах Яго, Бога, не ўспаміналі, мо ад таго і пасяліўся сатана ў душах жанчын і яны выглядаюць карнікамі і катамі? Але я маю Евангелле, і вывучаю яго, і дзіўлюся з яго, і радуюся — мне адкрыўся другі свет, я ўведаў шмат малітваў. Я веру цяпер ва Ўсявышняга, а цяпер, калі на маім шляху сустрэўся твой бацька, я паверыў канчаткова і веру, што толькі Бог даў нам усім жыццё і розум. І дабрыню. І даў веру, што я не адступлюся, што дамагуся свайго...

Вось таму я ўзваліў і яшчэ адну ношку на свае плечы: паступіў вучыцца ў юрыдычную акадэмію, вячэрнюю, што пры Харкаўскім універсітэце. Мне трэба абавязкова стаць адвакатам. Абавязкова!

— Пятрусь, а ты хіба на завочным?

Ён уздыхнуў:

— Не, калі я адчуў сваю хваробу, кінуў вучобу. Навошта траціць сілы, калі жыцця заставалася зусім мала. Я ж ведаў пра тое...

— Трэба аднавіцца, Пятрусь! Вось вылечыць цябе бацька, ты станеш на ногі, і паедзем разам у Харкаў, абаб'ем усе парогі, а адновім, твая мара здзейсніцца. Ты цяпер у адказе не толькі за сябе, а і за тых дзяцей. А мама, прабач, дзе яна цяпер?

— Няма. Памерла. Не паведамілі, не адшукалі, дзе яна, хаця я прасіў іх пра тое. Праз тры гады прыехаў на магілу. Людзі сказалі, што старэйшы брат у турме. Хацеў есці, украў нешта.

Я не верыў пачутаму. Як страшны сон быў перада мною. Колькі ж гора прыйшлося перанесці Петрусю! Колькі пакут! Доўга я ляжаў і не мог вымавіць слова.

Маўчаў і ён, прыплюшчыўшы вочы.

Сіл, каб расказаць такое і яшчэ раз перажыць ва ўспамінах, прыйшлося патраціць шмат.

Божа, дай яму сілы і доўгіх гадоў жыцця! Памажы яму!

Яшчэ праз тыдзень бацька прынёс новую тэлеграму:

«Прыкрываць болей не магу. Трэба, каб ты з'явіўся...» Жонка пісем больш не пісала — пэўна, пакрыўдзілася за мае доўгія адсутнасць і маўчанне.

Я безуважна паклаў паперчыну на стол, як выкінуў. Нават смешна было, што недзе там, у Менску, я некаму яшчэ патрэбен.

Агледзінамі Петруся бацька застаўся задаволены, толькі ўдакладніў:

— Спіш добра?

— Як забіты.

— Слабасць яшчэ падступаецца?

— Не без гэтага.

— Так і трэба. У арганізме ідзе барацьба. І яшчэ яна будзе цягнуцца нейкі час. Трэба тэрмін, каб перамагло здароўе. Ёсць яшчэ сілы?

— Адступаць няма куды, Сяргей Пятровіч. І няма сэнсу адступаць. Гэта будзе ўжо як здрада.

— Во, во, — бацька паляпаў па плячы, заўсміхаўся, — здрада. І сабе, і мне здрадзіш. Я не памыліўся — усё ідзе так, як і планаваў. Праз паўгода з цябе поўнасцю выйдзе радыяцыя. Даю слова гонару...

У вачах Петруся з'явіліся слёзы:

— Дзякуй вам, Сяргей Пятровіч.

— Не трэба, Петрык, не трэба, — няёмка стала бацьку, і ён хапіўся за кубак вады, прыклаўся да яго, як быццам пакутаваў ад смагі...

8...

Калі ж прыйшла трэцяя тэлеграма, што пытанне стаяла ўжо аб маёй рабоце, мы прынялі з Петрусём кампраміснае рашэнне: я еду ў сталіцу, а ён застаецца.

— Рашэнне добрае, — адобрыў бацька, — але ж як ты тут адзін у лесе? Ці не страшна будзе?

— Страшна, напэўна, другое — спыніць на пачатку шляху вашую задумку. У мяне ж усё ёсць — ежа, вада, дровы. Мне тут хораша, хораша, як ніколі. Мне дастаткова будзе, калі мяне Сяргей Пятровіч праведае хаця б раз на месяц...

— Я і часцей буду. І не я, а і дзед Макавей — ён любіць блэндацца па лесе і цябе праведваць будзе. Так што мы арганізуем дзяжурства, так бы мовіць.

Голас у Петруся настойлівы, упэўнены, што ён паступае правільна і яго нішто не зрушыць з месца. Значыць, ён ведае цяпер, што такое аптымізм, што такое вера ў самога сябе... Значыць, дзед Рыгор, калі з'явіцца, будзе задаволены.

— Я буду пісаць пра ўсё, што думаю. Буду весці дзённік — каб сумна не было. А потым аддам табе, добра?