Выбрать главу

Я абняў яго, сціснуў у абдымках, шапнуў:

— Дзякую, дружа, што паверыў бацьку... Мужнасці табе і поспеху тут. Будзем трымаць сувязь праз бацьку.

— Выстаю. Усё перамагу, — паабяцаў Пятрусь.

У тым у мяне ўжо не было ніякага сумневу.

Дачка Таццяна сказала раніцай, як я прачнуўся:

— Званіла нейкая Віка. Сказала, што вельмі хацела цябе чуць.

— Не сказала чаго?

— Не. Ты ёй пазвоніш?

— Яна не дала мне свой тэлефон.

Вечарам пазваніла незнаёмая жанчына, удакладніла, ці я Антон. Назвалася мамай Вікі.

— Прабачце, Антон. Ведаеце, з Вікай творыцца нешта незразумелае. Маўчыць, не размаўляе. У яе нейкі ўнутраны крызіс. Памажыце. Толькі вы тое можаце зрабіць.

— Як? Што я павінен зрабіць?

— Не ведаю, — голас у жанчыны дрыжаў, яна амаль плакала. — Вы ж ведаеце, яна не ходзіць. Мы акурат у дзень выбуху на Чарнобыльскай станцыі ездзілі садзіць бульбу. Ад рэактара два кіламетры... Праз месяц у яе выпалі косы. Перастала хадзіць. У інваліднай калясцы ездзіць. Дактары махнулі на яе рукой...

«Божа, я ніколі не падумаў бы, што Віка — няшчаснае дзіця! Дзіця Чарнобыля! Якой вясёлай старалася быць, калі расказвала пра сябе, распытвала ў мяне. А я не адчуў яе, яшчэ свой боль перадаваў ёй... Хто ж я пасля таго?!»

— Дзе яна цяпер?

— У ваннай мыецца.

— Скажыце, хай пазвоніць мне, я прызначу на заўтра сустрэчу, і мы пабачымся. Дзе вы жывяце?

— Каля парку.

— Вось бы ў парку і пабачыцца.

— Добра, я пастараюся пагаварыць з ёю...

Віка не пазваніла праз гадзіну, не было званка і праз тры. І вечарам. Званок пачуўся раніцай. Слухаўку ўзяла жонка.

— Цябе твае малалеткі турбуюць, вазьмі трубку.

То была, канечне ж, яна, Віка.

— Я хачу ўбачыцца з табою, Антон.

— І я хачу пабачыцца. Прыходзь у парк.

— А як ты пазнаеш мяне?

— А ты будзь каля фантана. Трымай у руцэ газету.

— Тады — да сустрэчы!

— Да сустрэчы!

Яшчэ здалёк я ўбачыў, як дзяўчынка, седзячы ў інваліднай калясцы, махала мне скручанай газетай.

Я памахаў у адказ і ўсё бліжэй і бліжэй рухаўся да яе. І першым жаданнем было абняць, пацалаваць яе, сказаць радасна:

— Вось я і прыйшоў, Віка!

Нас сабралі на вялікую нараду журналістаў у Доме друку. Нешта нуднае чытаў дакладчык, і яго ніхто не слухаў, кожны займаўся сваім — чыталі газеты, часопісы.

У суседа па крэсле я ўбачыў «Звязду», убачыў чарговы выпуск розыгрышу — афіцыйную табліцу. Папрасіў на хвілінку.

Дастаў з кішэні ўсе дваццаць тры латарэйныя білеты і пачаў звярацца з лічбамі. Першы — пуста, другі — пуста... Пятнаццаты, дваццаць другі...

Ад нечаканасці я падняўся, тупа глядзеў на білет, праказаў сам сабе ўголас:

— «Жыгулі»...

Дакладчык спыніў свой маналог, спытаў у мяне:

— Вы нешта хацелі сказаць, малады чалавек?

— «Жыгулі»...

— Пры чым тут «Жыгулі»? У нас гаворка ідзе пра эканамічны крызіс...

— Ён «Жыгулі» выйграў, — падказаў, стаўшы побач са мною, сусед, — толькі што. У маёй газеце — магарыч з цябе, Антон!

— Кіньце жартаваць! — наліўся чырванню дакладчык, пэўна, не любіў, калі няўважліва слухалі яго разумныя думкі і аргументы.

— Сябры, трэба павіншаваць нашага калегу з білетам удачы, — павярнуўся да ўсіх сусед і першы ўдарыў у далоні.

А я доўга стаяў ачмурэлы і не ведаў, што рабіць з білетам...

За апошні час адбыліся вялікія змены.

На нашую газету, калі прыйшла камуністычная дэмакратыя ў рэспубліцы, падпісалася ўсяго сем тысяч маладых людзей. Рэдактар паклікаў да сябе і сказаў, каб шукаў сабе работу. Я, здаецца, абрадаваўся такім пераменам.

Праз тыдзень я трымаў кірунак да Барсучынага котлішча.

З маіх плячэй зваліўся вялікі груз, і вольным чалавекам адчуў я сябе. І шчаслівым як ніколі. Мне выпаў шчаслівы білет.

А дадому я рашыў не вяртацца. Думаю, што і жонка асабліва перажываць з-за гэтага не будзе.

Ноччу Петрусю сказаў:

— А што, калі з намі і яшчэ адна паселіцца дзіцячая душа? Як у казцы — церам-церамок, хто ў церамку жыве? І яе, Віку, ахрысціў Чарнобыль... Як глядзіш на тое?

Пятрусь-Джо памаўчаў, а потым прамовіў:

— Месца ўсім хопіць. Толькі як яна, малая, з намі будзе?

Я яшчэ не ведаў, што яму адказаць, але яскрава бачыў, як жыве сярод нас Віка, расказвае нам цікавыя гісторыі, а мы смяёмся, адчуваючы, як у нашай леснічоўцы пасялілася радасць. І шчасце. І ўсё мы раздзелім пароўну.

Бадай упершыню я адчуў, як і пра што трэба пісаць.

І ведаю, што адказаць цяпер дзеду Рыгору...

А што, калі і сапраўды да нас падсяліць Віку?!