Выбрать главу

За сцяной леснічоўкі спакойна і мройна гаманіў пракаветны лес. Высозныя патрыярхі-дубы дзяліліся з намі сваёй адвечнай тайнай...

Мы разумелі іх мову.

Яны непакоіліся і клапаціліся пра нас...

Мы перажывалі сваё новае, і невядома, ці апошняе, перараджэнне...

Кактэбель, жнівень 1992

Ахутавана

Кніга другая —

прытча аб мроях

1...

...каханая, як цяжка без цябе. Без погляду твайго, твайго кахання... Згараю ў полымі гарачага дыхання. Ці ажыву я зноўку у святой мальбе?!

Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў.

Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Пісаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто?

Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адкрыць шуфлядку. Раніцай, калі адкрыў яе, убачыў зверху жоўты аркушык паперы. Чатыры радкі былі напісаны невядомым мне чарнілам.

Непакоіла хіба адна думка — хто вадзіў маёй рукою? Ці не ты, Ойча? Усёмагутны і Ўсёмогучы Божа! Калі ж я пачаў першыя радкі, памажы дапісаць астатнія. Толькі на Цябе мая надзея...

...каханая, як цяжка без цябе...

З маіх душэўных нетрыскаў не выходзіў нясцерпны боль.

Мне не было вядома, калі ён нарадзіўся.

Мройна памятаўся нядаўні сон. Каляровы сон. Ён прыходзіў да мяне не раз і раней. Бачыўся адзін і той жа малюнак: зялёна-ружовы, у кветках, луг; крумканне жаб і гудзенне пчол; малочная квецень вішанніку... Адмысловыя пялёсткавыя карункі на маіх вачах пачыналі ажываць, надзімацца, і тады яны адрываліся ад галін і імкнулі ў блакіт неба, каб стаць аблокамі і далучыцца да іншых...

І вось з гэтага казачнага хараства — з гукаў і пахаў вясны, з маіх думак і жаданняў, з майго трызнення і радасці прадчування ўзнікаеш ты, нараджаючыся з небыцця, з нічога. Ты крочыш мне насустрач — жаданая і казачная, расхінаеш, бы крылы, рукі — ці то хочаш узляцець з гэтага дзівоснага лугу ў бездань неба, ці то імкнешся да мяне, каб агарнуць сваёй пяшчотай...

Ты не прыйшла на сустрэчу на другі, і трэці, і чацвёрты дзень... Штовечар я наведваўся на нашае месца сустрэчы, чакаў да поўначы тыдзень і другі, але ты не з'яўлялася.

Ведаў, што вельмі завінаваціўся перад табою. Пакрыўдзіў неасцярожным словам, параніў позіркам тваё сэрца. Не ведаў, якім чынам выправіць памылку, чым і як замаліць сваю віну.

Ад невядомасці ў мяне разрывалася сэрца.

Я думкава дасылаў табе словы роспачы, пытаўся ў Бога, чаму ты так жорстка абышлася са мною. Не верылася, што больш ніколі не ступіш крок насустрач...

Потым быў вымушаны ляцець самалётам на Кіеў. У камандзіроўку. Мяне цікавілі матэрыялы ў архівах, што тычыліся Вялікага Княства Ліцвінскага.

Мо за гэты час ты і прыходзіла, не ведаю...

Праз тыдзень я вяртаўся на «ТУ-104» дадому...

Таму не паверыў, калі ты з'явілася перада мною ў мройным тумане. Перакананы быў — прывід.

Але міжволі раблю некалькі крокаў табе насустрач і гэтак жа ўскідваю рукі, каб злавіць цябе, атуліць і ніколі ўжо не выпускаць са сваіх рук, упусціць у сваё сэрца і не выпускаць больш на волю... Хацелася зрабіць цябе вязнем замка Кахання, сваёю ўласнасцю, сваім дарагім і неацэнным прыватным шчасцем. Памятаю ж: у хвіліны свайго найвышэйшага ўзлёту душы ты, перапоўненая жаноцкасцю і асалодай, прамовіла:

— Я тваё кацянятка, якое заўсёды будзе вуркатаць табе над вухам і прыносіць толькі радасць...

Ты памкнулася мне насустрач. Неяк лёгка адарвалася ад зямлі і ўжо не ішла, а ляцела, бязважкая, — і трапіла акурат у мае абдымкі. Але я не паспяваю прытуліць да сябе — во дзіва! — ты прайшла скрозь мяне. Твае ногі прайшлі праз мае ногі, рукі — праз рукі, галава — праз галаву. Толькі два сэрцы не сустрэліся адно з адным: палавінка твайго засталася ў маёй грудзіне, а мая палавінка засталася ў цябе...

Твае косы аксамітным шлейфам яшчэ доўга абвівалі мае грудзі, плечы і шыю, калолі нябачнымі іголкамі... Ці то ты сама, ці то шолах тваіх кос шапталі нейкае загадкавае для мяне слова:

— Ахута... вана... ахутавана!..

Я сілюся паўтарыць гэтае дзіўнае слова — як быццам хто прымушаў тое рабіць, — але мае губы не варушацца, яны здранцвелі і зрабіліся нежывыя — як і не мае, як быццам дакторка Перліна зрабіла мне ўкол-замарозку, каб палячыць хворы зуб, і навакаін скаваў мне язык...

«Аху... та... ва... аааа» — паўтараў толькі думкава, запомніўшы гэтае загадкавае і чароўнае слова.