Спрабую павярнуцца, каб паглядзець, як гэта ты змагла прайсці скрозь мяне (ці я праз цябе?), але ў мяне нічога з таго не выйшла — я як скамянеў, не мог пашавяліць ні рукой, ні нагой...
І тады мяне ахапіў жах. Я памятаў, калі мае кашмары ў снах пераходзілі за мяжу майго цярпення, я звычайна ратаваўся крыкам аб дапамозе і прахопліваўся.
Тут жа было ўсё інакш...
Мяне ахапіў страх. Ён не перарываўся, наадварот, узмацняўся яшчэ больш і больш. А пасля ўжо я і зусім нічога не разумеў — раздзяліўся на дзве палавіны. З мяне ўжо выйшаў... хто?! Я выйшаў з сябе? Божачка, ці можа быць такое не ў сне?
А тое, што то быў не сон, ведаў дакладна...
Я бачыў сумны позірк майго другога «я», але ён чамусьці не заўважыў мяне, бо глядзеў, як павярнуўся да мяне, скрозь мяне. Калі ж я прасцярожліва дакрануўся да пляча, то не адчуў яго — мая рука праляцела ў пустэчы, ні за што не зачапіўшыся. У мяне не было рук? Ды што рук, у мяне зусім не было нічога — ні рук, ні ног, — анічога! Я быў бесцялесны. У тым я пераканаўся, калі паглядзеў у люстэрка — адлюстравання свайго не ўбачыў...
Божа, што са мною адбылося?!
А я не адрываў позірку (чым жа я мог глядзець?) ад свайго двайніка, майго другога «я». Ён падняў павольна нагу і апусціў яе, потым гэтак жа другую. Тое чамусьці напамінала мне тых салдатаў, што неслі ганаровую вахту ля мармуровага скляпення сатаны...
Толькі праз нейкі час ногі сталі спружыністымі, гнуткімі. Але імі ўжо я не кіраваў — у мяне было сваё асабістае асяроддзе і біяполе, свае пачуцці і адчуванні.
Што адбылося ўсё ж са мною? Трагедыя? Здзек? Злы выпадак?
Праз якое паўгадзіны я ўжо не адчуваў ні страху, ні боязі. Нават цікаўнасць пакінула мяне, і я ўжо амаль перастаў задумвацца над сваім становішчам.
Мне стала нечакана лёгка. Незвычайна лёгка. Быццам хто ненарокам скінуў з маіх плячэй неймаверны груз, які прыгнятаў мяне ўвесь час, прыціскаў і згінаў да зямлі, згінаў у дугу, каб я быў падагнаны пад стандарт паставы раба.
Я шмат гадоў згінаўся, амаль навучыўся складвацца, як сцізорык, і ўкладваўся ў тыя пачварныя рамкі пракруставага ложка, які прызначаўся кожнаму з нас яшчэ з пялюшак... Каб жа той сатана-творца пакінуў у нашых мазгах толькі ўсяго адну звілінку, то тады мы і сапраўды ператварыліся б у быдлячча, пакорны статак нелюдзяў, і можна тады было б аддаваць любыя каманды ці загады — і не было б тады сумневу, што нехта з нас не выканаў бы іх...
Бабця Настазя, а было ёй пад дзевяноста, мудрая і спакойна-разважлівая, раптам пасуровела, калі я прынёс дахаты партрэт сатаны і павесіў яго на сцяну, прамовіла:
— От бо ўдумаў, унучак, утварыў... А гэны думаў, што сябе замест Хрыста ў кут павесіць... Дык то ж ненадоўга, ведалі пра тое ўсе... От бо... А што ні кажы, сатана і ёсць сатана. Так і ў Святым пісанні напісана... Здымі, унучак, выкінь... з маёй хаты...
Нічога не зразумеў я з бабульчыных слоў. Але ж перапытваць не асмеліўся — баяўся пакрыўдзіць бабу. Два словы — Хрыстос і сатана — уяўляліся мне нечым таямнічым і недасягальным для дзіцячага розуму. Усё тое і прымусіла сцяцца сэрца і ўпершыню задумацца над тым, што, пэўна, існуюць у жыцці рэчы, якія трэба спасцігаць самому, без чыёй-небудзь помачы...
Навука ў школе — то адно, што не аб'едзеш, не абыдзеш. Светапогляд спагадлівай і дабрачай бабы Настазі — тое зусім іншае, адчуваў — больш грунтоўнае, бо гаварыла яна ўпэўнена і пераканана, мудра і проста. Значыць, ведала, пра што казала.
Калі ж прыняць за праўду, што чуў і вучыў у школе, то выходзіла, што баба зусім ужо дурная і страшная, неадукаваная, багна дрымучая, — хіба можа яна навучыць чаму-небудзь разумнаму? Але ж сэрцам адчуваў, што не такая яна, мая добрая, чулая і мудрая бабулечка, — ніводнага разу ад яе не пачуў злоснага ці крыўднага слова...
Колькі ж мне яна казак расказала, колькі тайнаў раскрыла ў лесе, калі брала з сабою па грыбы ці ягады. Колькі калыханак праспявала мне замест мамы — і сёння перад сном, здаецца, чую яе голас і пяшчоту... Яна раскрывала мне таямніцы дабра і валодання энергіяй душы, якая ўмацоўвала ў мяне ўпэўненасць і сілу...
У школе, памятаю, мне было заўсёды сумна і нудотліва, страшэнна нецікава і нявесела, хоць плач. І так мне не ставала штодня маёй бабкі! Ратавала хіба тое, што мне ўяўлялася яна побач са мною. Быццам сядзела, супакойвала: «Не ўбівайся так ужо, унучак, і не бяры адно ў галаву — што паробіш, гэтую бяду — вучобу-пакуты — не абыдзе ніводзін дзіцёнак... Цярпі адно, такая ўжо доля, значыцца, на тваёй Планеце...»
От каб гэта яна, бабка, выкладала ўрокі мовы замест заўсёды падпітага і занудлівага Зіновія Арсенцьевіча ці маршчакаватай злой пенсіянеркі-хіміцы Паліны Адольфаўны... Яна гаварыла б і тлумачыла ўсім, як для мяне асабіста, а тут выходзіла, што Паліна тлумачыла ўсяму класу — і нікому аднаму. Не было сувязі паміж вучнямі і настаўніцай. І таму мы замыкаліся ў сабе. Баяліся, што выкліча яна адказваць урок тады, як не падрыхтуешся...