Настаўніца не магла ды і не хацела далучыцца да нашых сэрцаў, таму і не магла дастукацца да патаемных струнаў дзіцячых душ.
А я дык сёння думаю так: а ўсё ж, можа, і добра тое, што мы не здалі ёй у палон свае сэрцы, бо што карыснага пераняў бы? Вечную незадаволенасць і злосць? Скрыпучы і звяглівы голас?
Калечыла, яшчэ і як, нас савецкая школа. Найперш духоўна. З нашых сэрцаў вытраўлялі ўсё добрае і чыстае, а ў нашы вены заганялі бацылы страху і паслухмянства.
На сённяшні розум (каб жа яго раней можна было ўкласці ў дзіцячую галаву), дык за сотні і тысячы кіламетраў абабег бы яе, школу, каб не атрымаць тых калючых крывавых парэзаў на сэрцы і не згінацца пакорліва дугой перад уяўнымі арэоламі... Вялікія выхавацелі са скуры лезлі, стараліся, каб мы былі падобныя адзін на аднаго, каб былі адданыя і пакорлівыя, каб мы ў любы час маглі крыкнуць без раздумвання «Заўжды гатоў!» ці «Служу Савецкаму Саюзу!»... Саюзу рабоў Сістэмы?
Я не сагнуўся, я выпраміўся, разарваўшы ланцугі, што аблытвалі мяне: праламаў сцяну, што аддзяляла мяне ад духоўнай волі, прайшоў скрозь яе і — зноўку нарадзіўся, зрабіўшы першы ўздых, набраўшы ў лёгкія напоўніцу нейкага ўжо новага і дзівоснага паветра...
Ахутавана? Ахутавана...
Тым часам я пачынаў набываць ужо рэальныя абрысы. На мне сядзеў ладна касцюм. На лацкане, як і кожны дзень, прымацаваны белы, як воблачка, сцяжок з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Пры гальштуку. А штаны адпрасаваны так, што муха крылы паабсякае. На нагах карычневыя чаравікі на скураной падэшве.
Каб не ведаў, хто гэта такі, першы раз убачыўшы, яй-богу, падумаў бы, што гэта надта ж акуратны чалавек, педант, не з нашай дзяржавы, бо і трымаўся вольна і раскавана. Смелы і ўпэўнены позірк, а рухі... І дзе толькі ён так навучыўся хадзіць? У якіх акадэміях узорных паводзін вучыўся?
Я глядзеў неадрыўна на яго, а сам міжволі пытаўся ў самога сябе: «Я — гэта ён, тое зразумела. А тады ж хто я?!»
Хто ж тады я, калі ён — гэта я?
«Яніна, ты дзе? Куды знікла, што не бачу цябе? — запознена пытаюся ў каханай, павярнуўшыся ўжо ў той бок, куды яна накіравалася. — Ты была ці не?..»
«А як жа, любы, была, ёсць і буду. Заўжды».
«Чаго ж ты так доўга не прыходзіла? Я ўсе дні чакаў цябе...»
«Чакала, калі ты пачнеш свой верш да мяне. "Каханая, як цяжка без цябе..." Я выпрабоўвала цябе. Бо не верыла ў тваё каханне...»
«А цяпер — верыш?»
«Не скажу, сам здагадайся...»
«Дык то ты напісала мае думкі?»
«Я... А што — нельга? Ты ж для мяне рыхтаваў словы».
Я чуў яе голас, але не бачыў.
«Дзе ты, Яніна?»
«Ты бачыш мяне, але не хочаш у тое паверыць. Ты шмат у што не верыш яшчэ. Але хутка навучышся. Бо ты ж — немаўлятка яшчэ. Ты ж і хадзіць яшчэ не навучыўся. Як і размаўляць, лётаць, жыць пад вадой...»
«Здзекуешся, так?»
«Ды не, праўду кажу. Павер».
«Тады адкажы мне — што са мною адбылося?»
«Хіба ты яшчэ не зразумеў?»
Пэўна ж, не пасміхалася. І не здзекавалася. Ад яе слоў павявала дабрынёй і пяшчотаю, і вылучала яна чароўную энергію. Гаварыў маўкліва з ёю, яе ж не бачачы, але адчуваў яе прысутнасць, яе дыханне. Ведаў, што яна бачыць мяне, сочыць за мной.
«Такое, спадар Антон Клімовіч, адбываецца напачатку...»
«Напачатку — чаго?! Нічога не разумею...»
Чую яе смех. Яна то злева, то справа. То ўзлятае ўверх, то каля самага вуха.
«Твайго новага нараджэння. А калі больш дакладна, то — пятага перараджэння. Ты — чалавек пятай расы. Суперсенс».
«Што гэта азначае?»
«Раскажу трошкі пазней...»
«Ты мяне бачыш, Яніна? Я цябе — не».
«Бачу. І нават адчуваю. Хочаш, я дыхну табе ў твар. Ну, пачуў?..»
Я сапраўды пачуў дыханне — такое знаёмае і роднае. Яна не падманвала мяне. Бо адчуў нават пах яе кос. Яны казыталі шыю, пахлі васількамі і жытам.
«Але я ўсё роўна не бачу цябе, як і не чую голасу, — скрушна ўздыхаю і зноўку спрабую дакрануцца да яе — і безвынікова, бо пальцы адчуваюць толькі паветра. — Чую цябе не вушамі, а нечым іншым. Ты недзе побач і так далёка ад мяне. Чаму — адкажы?»
«Любы мой, які ж ты неразумны... Ты не бачыш мяне таму, што я злілася з табою, стала табой. А ты — мной. Ты ж пакінуў сваю абалонку і ўсяліўся ў мяне. Тое з табой зрабіла тваё каханне да мяне. Я ж, даражэнькі мой, папярэджвала цябе, умольвала, заклінала нават, каб ты не запальваў таго агню. Бо ведала, што яно можа перарасці ў полымя. Прасіла?»