«Яно было напачатку ў Бога».
«Усё праз яго пачало быць, і без яго нічога не павінна быць, што пачалося быць».
«У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей».
«І святло ў цемры свеціць, і цемра не зацьміла яго...»
Я набіраю ў лёгкія паветра — гаючага, мяккага, адчуваю прыліў незвычайнай сілы, пругкасці ў нагах і руках, яснасці розуму, бязгучна крычу ў палескую прастору:
— Ахутавана! Зрабі цуд, Божа! Вярні мне бачанне і адчуванне!
Першае, што я адчуў, дык гэта лёгкае паколванне ў скроні, і нехта (ці не Яніна?) падказаў, каб я зажмурыў вочы. Тады ж наліліся цяжарам рукі, ногі, і лёгкі боль пранізаў шыю, потым патыліцу, перакінуўся ў скроні. Але то былі прыемныя адчуванні, якія не выклікалі больш трывогі, а, наадварот, нараджалі веру ў тое, што цяпер усё будзе добра. Будзе так, як я зажадаю...
— Адплюшчы павекі, не бойся... — шэпча, падказвае зноў Яніна. — Ну, асмелься...
«Божачка, ты пачуў маю малітву?!»
Я адчуваю яе рукі на маіх плячах. Яе косы датыкаюцца да маёй шчакі. Калі ж расплюшчваю вочы, мяне ахоплівае здзіўленне: я бачу яе, бачу! І трымаю ў сваіх абдымках! Бачу і свае рукі, плечы, ногі.
Вочы ў Яніны ці то блакітныя, ці то зеленаватыя. У яе пяшчотная ўсмешка, поўныя і сакавітыя вусны, ямачкі на шчоках.
Уздыхаю з палёгкаю, як вызваляюся ўсё роўна ад нябачнага цяжару, не верачы яшчэ ў тое, што адбылося, што здзейснілася.
Я нараджаўся зноўку. Я вяртаўся, рабіўся тым, кім быў і да гэтага. Быў ці буду?
— І Слова стала істотаю і стала жыць з намі, поўнае лагоды і ісціны.
— І мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Бацькі...
Мы гэтыя словы прамовілі ўслых. Прамовілі адначасова, сінхронна, бо выразна бачыў, як шавяліліся вусны Яніны.
— Ахутавана!
Што за такое чароўнае слова? І хто прыдумаў яго?
— І ўсё ж адкажы — што з намі адбывалася? — папытаўся і пачуў свае словы, сябе пачуў. — Што са мною было?
— Анічога, любы мой. Ты вярнуўся да самога сябе.
— «Закаханыя! Будзем любіць адно аднаго, таму што каханне ад Бога, і кожны, хто кахае, народжаны ад Бога і ведае Бога». Ты хацела так сказаць?
Яніна радасна паглядзела на мяне, дадала:
— «А той, хто не кахае, той не пазнаў Бога, таму што Бог — і ёсць каханне». Так сцвярджае святы Ян, хаця ён у гэтыя цудоўныя словы ўкладваў яшчэ і іншы, куды больш глыбокі сэнс — любоў да Бога.
— Тады хто мы ў гэтым свеце, Яніна?
— Найперш, Антоне, людзі.
— Але ж чалавек не ўмее і не можа рабіць тое, што ўмеем мы. Не можа бачыць так, як мы. Адчуваць, як мы...
— А ён і не павінен тое рабіць. Ён такім стаў сам. А напачатку быў створаны Ўсявышнім усёмогучым і ўсёўмеючым. Чалавек развучыўся тое рабіць. Ён павінен вярнуць сабе тую здольнасць. Мы навучым гэтаму людзей. Нам і дадзена такое даручэнне.
Асцярожна, каб не выказаць залішнюю цікаўнасць, перапытваю:
— Кім — дадзена?
— Вярхоўнай Радай Ліцвініі. Мы павінны сабраць усіх ліцвінчукоў з усяго свету. Ліцвінія — то ж наша з табою Радзіма. Мы яе сыны і дочкі. І кожны з нас павінен зрабіць для яе пачэсны ўчынак.
Зноў раздумваў над яе словамі. Пра нешта здагадваўся, пра нешта падазраваў, але канчатковы сэнс не даваўся мне — выслізваў, як уюн. Тое мяне злавала.
— Тады, выходзіць, ён, чалавек, навучыцца распазнаваць і зло, якое рыхтуецца супраць яго?
— І не толькі. Ён будзе вольны і несмяротны.
— Дзіўна. І няўжо ад гэтага ўмення ў чалавека будуць нараджацца толькі чыстыя і добрыя памкненні? Ён жа будзе вымушаны штохвілінна кантраляваць свае памкненні і жаданні. Яму нельга будзе пераступаць мяжу недазволенага — бо пра тое ж будуць ведаць і ворагі і сябры...
— Разумееш усё правільна, спадар Антон!
— Але ж у мяне сумненні ёсць. Адкажы — а ці не сумна тады будзе чалавеку жыць на сваёй зямлі? І ці правільна ўсё тое? Ён жа, чалавек, пасля ўсяго не будзе аддадзены самому сабе. Ён жа будзе закаваны ў ланцугі адказнасці. Кожны крок, кожная думка ці жаданне — пад самакантролем! Жах! Ці не занадта жорстка падыходзяць сябры Рады, беручыся за ўдасканальванне ліцвінчукоў? Ці ж гэта шчасце?
Яніна ўсміхнулася і ўздыхнула:
— Чорная аўра пакіне яго зусім і назаўсёды. І таму чалавек ніколі не будзе нікому рабіць зла. Як і самому сабе.
— Але ж...
— Ты хвалюешся, што чалавек не будзе належаць самому сабе? Але ты ж забываеш, што яму падуладна ўсё-ўсё. Ён жа не цацка ў нейкіх чужых руках. Ён сам сабе камандзір, спадар і гаспадар. Адно яго слова — і чалавек раствараецца ў прасторы і часе, і яго ўжо ніхто не можа пачуць і ўбачыць...