Выбрать главу

Адам нічога не сказаў — ці не бачыў, стоячы да яго спінай, ці не хацелася гаварыць на гэтую тэму.

Праз нейкі час мы з ім развіталіся, а мне дадому не хацелася ісці, і я пабрыў за раку, знайшоў ціхую мясцінку і лёг на зямлю...

2...

Урэзаўся ў маю памяць даўні эпізод.

Не такі, можа, і даўні, але які яскрава запаў у маю памяць. І пасля з прычыны і без дай прычыны з'яўляўся да мяне, прымушаў уздрыгваць сэрца — кожны раз аднолькава балюча, быццам тое страшнае тычылася блізкага і роднага чалавека.

Бацька, як і абяцаў, узяў мяне нацямочку ў лес. Такое надаралася не часта, бо ў яго сваіх леснікоўскіх клопатаў было процьма, і насіўся ён па сваіх дзялянках, як воўк, — было не да мяне. А тады, напэўна, у бацькі быў ці то добры настрой, ці вальней стала з работай, прапанаваў вечарам:

— Не хочаш заўтра са мною ў лес?

— Хачу! — адразу ж адказаў я, як бы баючыся, што ён перадумае.

У мяне адразу заныла соладка сэрца, мройная і шчымлівая асалода прадчування дзівоснага і незвычайнага апанавала мною, напоўніла ўсю маю дзіцячую істоту, і я не знаходзіў сабе месца: і не раз, і не два правяраў гумовікі і анучкі, сумку са сцізорыкам і маленькай сякеркай, якую ранічкай утыркну за папружку і буду, як дарослы, крочыць следам за бацькам.

Бацька ў мяне чараўнік, няйначай. Ён ведае кожную сцяжынку ў сваім абходзе, кожнае дрэва — здаровае і хворае, як ведае, якія звяры жывуць у яго кварталах і дзе. Да гнязда чорнага бусла бацька мяне прывозіў летась, і мы з гадзіну пазіралі на яго са свайго сховішча. Не ведаў, што бацькавы назіранні, а асабліва запісы ў тоўстым сшытку, праз пятнаццаць гадоў дапамогуць мне не толькі напісаць аповесць пра нашую пушчу і Крушнянскія бары, а і стануць яны багатым матэрыялам для сталічнага біёлага, які разам з бацькам створаць падручнік па фітатэрапіі...

Можа, ад яго, ад бацькі, і перадалася мне неадольная цяга да прыроды, да ўсяго, што акружае нас, — ад травінкі і мураша да рыбіны і лісця... Адчуваў незвычайную асалоду ад таго, што зліўся з прыродай, стаў неад'емнай часткай яе, яе мікраскапічным ланцужком-звяном; калі кожны дзень адчуваеш, што ты створаны з касмічных часцінак, з неба чэрпаеш незвычайную сілу, умееш накопліваць энергію і распараджацца ёю па ўменню і разуменню, — то прырода прыняла цябе, атуліла сваім цяплом.

Бацька мой — дзівак. Ніколі не есць мяса. Ён траваед. Сыраед. Есць усё сырое — бульбу і буракі, прарошчаныя боб, гарох і жыта. Тлумачыў, калі дапытваліся, што чалавек створаны Богам самым бяскрыўдным, дабрачым і пяшчотным. А агрэсіўнасць і зло з'явіліся ў чалавека з таго часу, калі ён забіў жывёліну і сасмажыў яе мяса на кастры і з'еў яго. Чалавека бацька параўноўваў з каровай, са свіннёй, даводзіў, што і язык, і кішэчнік у нас аднолькавыя — для пераварвання сырой, натуральнай стравы. Казаў нават, што і хлеб шкодны для чалавека. Ну, тут ужо я не мог з ім пагадзіцца. Хлеб? Гэта ж аснова жыцця!

Толькі праз шмат гадоў, калі мяне патрэ жорстка жыццё, калі мяне пашкамутае Афган і неба здасца ў капеечку, калі я паўстану перад выбарам — альбо жыццё, альбо смерць, я паслухаюся дзеда Рыгора, які ў цяжкія хвіліны прыходзіць да мяне, каб паўшчуваць ці падказаць адзіна правільнае рашэнне ў маім цяжкім выбары.

— Унучак, калі ты не паверыў свайму бацьку, — тлумачыў дзед Рыгор, шкадуючы, што я такі неразумны, выхаваны на дурных кніжках ленінска-сталінскай сістэмы, што нам навязвалі прымусова ў школе, — то навучыся вучыцца ў жыцця. Слухайся разумных людзей. А выбавіць цябе ад смерці ўзводны... Калі яму паверыш, то будзеш жыць, унучак. Ты павінен прачнуцца, скінуць са сваіх вачэй пеляну невуцтва і папяровага розуму. Вашыя ідэі, адобраныя ўрадам і роднай партыяй, закліканы зрабіць з вас пакорных рабоў, маленькіх чалавечкаў, злых і агрэсіўных, якія па загаду «правадыроў» гатовы кінуцца ў бой і страляць, ламаць, крушыць...

Дед знік, як і не было яго, а я доўга ляжаў у прапахлай ёдам і нашатыром палаце і ніяк не мог даўмецца, што ён хацеў мне сказаць, чаму навучыць, ад чаго засцерагчы. І пры чым тут узводны — наш смелы і адчайны камандзір, які не ганяў нас без сэнсу на душманаў. Бярог нашыя жыцці.

Але пра тое не цяпер... То тэма асобная, вельмі важная для мяне. І не толькі для мяне.

Я ўдзячны яшчэ бацьку, што ён адкрыў мне дарогі і сцежкі ў сваім лесе, навучыў разумець яго, як самога сябе. І адкрыў таямніцу, пазней ужо, бадай, самую галоўную. Ён вадзіў мяне кожным разам праз адно і тое ж месца — Барсучынае котлішча, дзе, ідучы дадому, скідвалі свае сумкі і адзенне, каб упасці на мяккую цёплую зямлю і адпачыць, набрацца сіл.