— Жорсткія законы існавання, — тулю яшчэ больш да сябе Яніну. — А што будзем цяпер з табою рабіць? Паедзем дадому?
— А хіба ў нас ёсць дом?
— Не ведаю. А мо і ведаю.
— Тады — паехалі, Антон.
— На чым?
— Ты хацеў, каб на гэтай дарозе паказаўся аўтобус і ўзяў нас да горада?
— А чаму б і не? — падтакваю я ёй. — Я і сапраўды так падумаў.
— Тады пайшлі да дарогі. Вунь, бачыш, з-за павароткі паказаўся аўтобус. Вадзіцель спыніцца, забярэ нас. Рушылі?
І мы, узяўшыся за рукі, няспешна пайшлі да дарогі.
Усё адбылося так, як і абяцала Яніна. Калі ж зайшлі ў аўтобус, цётка з кашалём на каленях здзіўлена паглядзела ў наш бок:
— Бачце вы, людцы, на дварэ ліўняк як з бочкі, а на іх і кропля не ўпала. Пад якім дахам у лесе вы хаваліся? Ці закаханых і дождж абыходзіць, га?
Усе павярнуліся да нас, чакалі, пэўна, адказу.
— Правільна, цётачка, — вымаўляю нечакана для самога сябе, бо і не хацеў секунду назад загаворваць з жанчынай, і на петрыкаўскі манер тлумачу: — То ж каханне мы маем такое гарачае, як полымя, таму і кроплі дажджу згараюць над нашымі галовамі.
— Авойечкі мае! — Пляснула па каленях — кашэль стаяў ужо каля яе ног, хітравата зірканула на мяне, языком правяла па асмяглых вуснах, хацела нешта сказаць яшчэ, каб падвесяліць людзей, што маўкліва сядзелі і ўперыліся позіркамі на нас, ды слоў патрэбных не знаходзіла, усё ж ачомалася, радасна дадала: — Авойечкі, людцы! Чыстая і святая праўда...
— Такая, цётачка, праўда, як і тое, што вы ў радзілку едзеце. А дачка вашая, Ядзя, вам двух унукаў падаравала. А вы, канечне ж, чакалі ўнучку. І імя нават прыдумалі ёй — Зойка. Як яшчэ і праўда тое, што вы пасварыліся з вадзіцелем у вёсцы, што ён позна прыехаў...
Гаварыў я, але не свае думкі. То так падказвала Яніна — прыкусіла губу і стрымлівала ўжо сябе, каб не рассмяяцца. Яна пацяшалася не над цёткай Анэляй, а нада мною — я яшчэ ніводнага разу не гаварыў яе вуснамі.
І я ёй паказаў кулак.
Жанчына шырака раскрыла вочы, ашаломленая і здзіўленая, азірнулася на пасажыраў, як бы чакала ад іх якой падтрымкі ці абвяржэння, выдыхнула, не паверыўшы:
— А ты адкуль, добры чалавек, ведаеш пра ўсё?
— Сарока-белабока на хвасце прынесла, — адказаў весела, нахіліўшыся да жанчыны, шэптам дадаў: — І яшчэ сарока сказала, цётачка Анэля, каб тыя пяць тысяч, што вы схавалі пад ліфчык, не аддавалі зяцю ў рукі — адразу прап'е...
Жанчына зусім зніякавела, паспрабавала нават адсунуцца. Я пачуў яе недавер і страх: «Што ж за насланнё такое на мяне? Адкуль ён дазнаўся пра ўсё? Няўжо падгледзеў, як грошы хавала? Ніхто ж, здаецца, і не бачыў, нават Рыгор... А пра ўнукаў як дазнаўся, мяне ж першы раз бачыць... Авойечкі, што ж мне рабіць?..»
— Што рабіць? — перапытваю я ўголас і гляджу на цётку. — Анічога не рабіць. Не бойцеся, зла я вам не зраблю, — супакойваю ўжо жанчыну і толькі цяпер заўважаю сябе на першым сядзенні — таго, хто выйшаў з мяне, пайшоў ад мяне, што ператварыўся ў бетонную статую, а потым жа і ажыў, — толькі меней распускайце язык. Шмат пакут вы з-за яго перанеслі, ці не так?.. І думкі чорныя выкіньце з галавы. Што вы пра людзей будзеце думаць, тое і яны пра вас...
Цётка Анэля пракаўтнула сліну і сцялася, схіліўшы на грудзі галаву, хуценька загаварыла пра сябе: «Маўчу, маўчу, добры чалавеча! Зла табе таксама не жадаю — едзь сваёй дарогай, і паненцы тваёй шчасцейка... Дзякуй, што навучыў, бо я баба дурная і бесталковая. Прабачай мне, Божачка, і ты, добры чалавек!»
— Прабачаю, цётка Анэля!
Ён — я, значыць, называць яго трэба — Ён-я! Не, не так, непрыгожа гучыць. А мо — Яён? Так дык яно і лепей.
Яён пра нешта засяроджана гаварыў з вадзіцелем, на мяне не звяртаў ніякай увагі, як нічога нас і не звязвала — ні да гэтага, ні цяпер.
Яніна драмала на маім плячы, адпачывала. Я адчуваў дотык цёплага і даверлівага цела.
За акном ужо добра змерклася.
Мне шкада было будзіць маю спадарожніцу — моцна спала. Думак яе не чуў — роўна білася жылка на руцэ, якую трымаў у сваёй.
Яён сядзеў, адвярнуўшыся да акна. Мо назіраў за мною, гледзячы ў чорную шыбіну — як у люстэрка. Вадзіцель, пад'ехаўшы да гарадской аўтобуснай станцыі, голасна абвясціў:
— Спадары палешукі! Мы прыехалі. Не пакідайце ў салоне свае рэчы.
«Божа! — пачуліся сігналы ад Яніны. — Як я кахаю цябе, Антон! І толькі дзеля цябе я пайшла на ўсё...»
«Ведаю, Янінка, і веру табе да кожнага слова. Ты — мая адзіная і назаўсёды...»
«Дзякую, любы! А на Яёна не звяртай увагі. Пакуль што не чапай яго. Ён яшчэ і сам не разумее, што адбылося з ім, як і не ведае, кім быў да гэтага. У яго няма яшчэ ні думак, ні жаданняў. І ён не ведае нават, куды едзе... Пакінь яго ў спакоі. Прыйдзе яшчэ час зблізіцца з ім, расказаць адзін аднаму пра ўсё...»