Выбрать главу

«Добра. Прачынайся...»

Мы першыя ступілі на мокры асфальт.

Я падаў ёй руку. Думкі яе былі роўныя і ўпэўненыя, як і хада.

«Але ж дзе мы сёння будзем начаваць? Мне здаецца, што мы прыехалі ў нейкі незнаёмы горад, у якім ні знаёмых, ні сяброў...»

«Ты зноў забыўся пра ўсё...»

— Прабач, Яніна!

2...

— Вось тут мы і будзем начаваць. І не толькі начаваць, а і жыць, — падышла Яніна да тэлефоннай будкі, прачыніла шкляныя дзверцы, пераступіла парог.

— Тут? — не выказваю здзіўлення, разумеючы яе жарт — хоча пазваніць знаёмым і папрасіцца на ноч.

— Заходзь, — запрашае ўсмешліва.

Зайшоў следам і я, прычыніўшы за сабою дзверцы. У вачах гарэзлівасць і загадкавасць.

— Абдымі мяне, Антон, — шэпча жанчына і туліцца да мяне, — і зажмур вочы, уяві, што мы з табою ўзляцім вышэй зорак. Зажмурыў?

— Як прасіла.

Яна абняла мне галаву і дакранулася вуснамі да маіх губ. Ад дотыку хмельна закружылася галава. І кружылася яна некалькі секунд — колькі і не адрывалася ад мяне Яніна.

— А цяпер пайшлі.

— Куды?

— Які нездагадлівы. Сам жа пытаўся, дзе начаваць будзем.

— Але ж ты хацела некаму пазваніць.

Яніна шчыра засмяялася, адкрываючы дзверцы.

— А я і пазваніла.

Найперш мне кінулася ў вочы тое, што я не пазнаў тое месца, дзе мы былі. Мы знаходзіліся ў нейкім вялізным памяшканні, у якім ніколі не быў. Рухі, мне падалося, былі нейкія запаволеныя, бы на нашы рукі і ногі прывязалі нябачны груз.

— Дзе мы?

У маім голасе не было здзіўлення. Адчуў, што пачаў жыць у іншым вымярэнні, якое ўспрымаў як належнае, да якога быў гатовы даўно.

— У нашым доме, дзе мы будзем з табою жыць.

Яніна не жартавала. Тое я зразумеў па яе сур'ёзным выглядзе і па тэмбры голасу.

— Табе неабходна цяпер паспаць, адпачыць, — дакранулася яна да маёй рукі, — шмат нечаканасцей звалілася на цябе ў адзін дзень...

Мяне сапраўды ахутала стома, хіліла ў сон. З цяжкасцю перастаўляў ногі. Як скрозь туман бачыў, як Яніна адчыніла дзверы. Мы прыйшлі ў нейкі цёплы і вялікі пакой. Не распранаючыся, упаў на ложак...

Нешта шаптала мне над вухам жанчына, але голасу яе не чуў.

Сон мне сніўся дзіўны, які мне ніколі не сніўся да гэтага. А мо то і не сон быў зусім? Я яскрава яго бачыў, жыў у ім. Я не хадзіў, але ж і не лётаў. Затое лёгка перасоўваўся з месца на месца. Для мяне не існавала адлегласці і часу. У сне была і Яніна — у тым жа самым адзенні: у плашчыку, у чорных туфлях, на галаве бел-чырвона-белы пасачак.

Пра свой стан я не цікавіўся ў яе, хаця тое яшчэ мяне непакоіла. Проста я перастаў у нейкі момант здзіўляцца. Уражанне было такое, што даўно жыву такім жыццём, таму і прымаў яго такім, якім і бачыў.

Мне было лёгка і ўтульна ў маім сне. Я бачыў кожную жылку і нерв у маім целе, бачыў, як сэрца перакачвала густую вадкасць, як яна, кроў, цякла па венах, пульсавала... Нічому я ўжо не здзіўляўся. Я даўным-даўно ведаў сябе такога.

На левай руцэ бачыў, як кроў слаба прабівалася ў адным сасудзе — ёй замінала звужанасць. Мо ад таго і нямела зрэдку рука — не мог даць рады. Калі ж я дакрануўся да таго месца даланёй правай рукі, то кроў прабіла сабе дарогу шырэй, і я адчуў лёгкі боль. Затое праз хвіліну адчуў неймаверную сілу ў левай руцэ.

І я зразумеў, што магу сам сябе лячыць.

Пашкадаваў, што тое было толькі ў сне.

«Чаму толькі ў сне? — узлятаюць тонкія бровы над усмешлівымі вачмі. — Такое ты ўмеў рабіць даўно, ды не здагадваўся пра тое...»

«А хто ж у мяне адкрыў такі дар?»

Я ўсеўся на галіне тоўстага дуба (а мо і бука?), насупраць мяне — спадарыня Яніна Альхоўская, нагамі боўтае паветра.

«Я і адкрыла. Ты сам адкрыў бы сябе з цягам часу. Проста я прыспешыла падзеі».

Яна пераляцела яшчэ вышэй, але ляцела не як птушка, а як паветраны шарык. Уселася ямчэй на самым вільчыку. Мне ж не хацелася падымацца вышэй, застаўся ўнізе.

«Яніна, ты толькі адкрыла ў мяне "тое"?»

«Ды не... Людзей пятай расы ўжо шмат. Мо і не так шмат, але яны ёсць...»

«Пятай расы? — я гляджу на яе знізу ўверх, як кепскі вучань, перапытваю ў настаўніцы незасвоены ўрок. — Як тое зразумець, растлумач...»

Над намі праляцелі незнаёмыя птушкі — ці то буслы, ці то жоравы. Яны паляцелі клінам у бок сонца і згарэлі ў яго зыркіх промнях.

«Мы жылі ў чацвёртым вымярэнні і адносіліся да людзей чацвёртай расы. Жылі звычайным жыццём. Бачылі свет і наваколле сваім зрокам, але не бачылі трэцім вокам і не чулі трэцім слыхам. Ты цяпер і бачыш трэцім зрокам. Бог даў жыццё людзям у пятым вымярэнні даўно — як даў Леанарда да Вінчы і Настрадамусу, Блавацкай і Скарыне... Нехта так і не адкрыў у сабе новага чалавека і застаўся чалавекам чацвёртай расы...»