«Чаму ж так, Яніна? Баяўся быць звышчалавекам?»
«Не верыў, што такое можа быць. Таму і не раскрываўся, бо людзі бачылі ў іх вядзьмарак і чараўнікоў. Казкі пра чараўнікоў — хіба казкі? Чыстая праўда...»
«Сапраўды так?»
«Сапраўды, Антон».
«Гэта людзі, якія маюць павышаную адчувальнасць да падзей, што здараліся ў дзяржавах і краінах. Яны ведаюць усё пра сваё здароўе і іншых. Могуць лячыць любыя хваробы. Яны ведаюць усё і пра ўсё. Для іх не існуе ніякіх тайнаў Зямлі і Сусвету. Калі ж ім трэба пра нешта тэрмінова даведацца, яны проста падключаюцца да крыніцы дадзеных энергаінфармацыйнага поля Зямлі і Сусвету. За долі секунды ім будзе выдадзена неабходная інфармацыя. Такіх людзей называюць суперсенсамі. Яны лёгка здымаюць інфармацыю з падсвядомасці любога субяседніка. Суперсенсы чытаюць думкі як Кнігу жыцця, могуць зрабіць дыягностыку любому жывому арганізму і вылечаць ад хвароб...»
«І нават камара?»
«Не смешная падначка... І камару, і любой казурцы. Суперсенс можа прадказаць падзеі будучага часу. Яны дасканала выкарыстоўваюць думкафільмы і думкавобразы, з якімі могуць працаваць на любой адлегласці...»
«На любой?»
«Так. Але наступнае іх дасягненне — тэлепартацыя. Што мы з табою і здзейснілі, зайшоўшы ў тэлефонную будку. Мы імгова перамясціліся з табою ў далёкую кропку Сусвету».
«Тады нам не трэба ні самалёты, ні чыгунка, так?»
«Так, любы, так. Гэтыя атрыбуты застануцца ў нашай памяці як музейныя экспанаты і гімн дваццатага стагоддзя і людзям, якія пераадольвалі прастору з дапамогай рухавікоў унутранага спальвання і электрарухавікоў. Медыцына суперсенсаў цесна пераплятаецца з духоўнасцю...»
«А каханне — духоўнасць?»
«Але, так. Каханне і любоў. Гэтыя два паняцці маюць вялікую энергетыку, якою можна за колькі хвілін узвесці эгіпецкія піраміды».
Яніна падляцела да мяне і села ў нябачнае крэсла — сядзела ў паветры без усялякага апірышча. Але я яго бачыў — то была паветраная канапа. Каханая гайдалася, як у шэзлонгу.
За блакітны гарызонт сядала зялёнае сонца.
Воблакі не рухаліся, як заснулі пад цёплымі промнямі.
Потым мы крочылі шырокай алеяй — як тунелем. Над намі звешвалі свае галіны дзівосныя дрэвы з шырокім лісцем. Яно падала ўжо долу, спрэс усцілала зямлю (зямлю?), але не шамацела пад нашымі нагамі, хаця мы і ішлі па ім — над ім.
«Што мне рабіць з маім адкрыццём? — упершыню ў сне я прамаўляю словы ўголас, жмуруся ад апошніх сонечных промняў, прыпыняю крок. — Нездарма ж ты паклікала мяне сюды. Нездарма ж вылучыла мяне з усёй грамады... Каго ж яшчэ ты вылучыла? І колькі ж нас, скажы?..»
Яніна зноў засмяялася, падляцела да галіны высознага явара і сарвала ліст з адмысловым узорам — малюнак «Пагоні» нашага Княства. Доўга глядзела, як вывучала яго, уздыхнула, журботна паглядзела на акрайчык сонца:
— Столькі пытанняў адразу... Што рабіцьмеш, пытаешся? Працаваць будзем, шаноўны спадар Антон, працаваць на карысць Ліцвініі, нашай радзімы. Так, паклікала нездарма. І вылучыла нездарма. Мы з табой павінны вылучаць іншых. Вылучаць і лячыць тых, хто духоўна цяжкахворы. Таму ты будзеш працаваць на зямлі ў любым тлумным месцы. Каб адчуў і зразумеў свае магчымасці. Каб канчаткова паверыў у сябе.
— А сюды як дапінаць — без цябе?
— У цябе ж ёсць ключ — чароўнае слова. Прамовіш — і ты тут.
— Добра. Колькі я тут прабуду?
— Некалькі дзён. Табе трэба набрацца моцы і сілы. Тады там, на зямлі, ты зробіш усё неабходнае.
Я спаў суткі, і двое, і трое...
Працоўны дзень у мяне пачынаецца а дзесятай гадзіне.
Але я прыходжу заўсёды на паўгадзіны раней, каб падрыхтаваць пустую тару, каб лягчэй і хутчэй было спраўляцца з работай, калі пачнецца ажыятаж са здачай пустых бутэлек.
Мой напарнік — шустры і зухаваты Змітрок Кісялёў — як метэор, носіцца то ў двор, выносячы напоўненыя скрынкі пляшкамі ад каньяку і ліманаду, гарэлкі і піва, то ў залу, то на вуліцу...
Змітрок — унікум. Змітрок — дзіўны і не падобны ні на кога чалавек. З ім добра і ўтульна. Неразгаданы і супярэчлівы чалавек...
Вечарам, калі хлопец вяртаўся дадому, напаў на яго ў цемры бамбіза — ударыў пляшкай з-пад шампанскага па галаве. У гарачцы паспеў яшчэ даць здачы — той і паляцеў старчмя на жалезны плот...
Зміцер, акрываўлены, паваліўся на зямлю. З сатрасеннем мозгу забралі раніцай у бальніцу. Ляжаў больш месяца. А пасля, як вылечылі, і паклікалі ў суд.