Перад судом наведваўся да яго «пацярпелы». Шапнуў на вуха, нахіліўшыся да яго, што калі Зміцер адваліць яму пяць тысяч, то ён забярэ назад сваю заяву ў судзе. Зміцер паказаў яму дулю, ды яшчэ падсунуў яе пад самы нос, што аж задраў таму кудлатую галаву, яшчэ і ў твар плюнуў пры ўсіх. Каб бачылі, што не страціў ён яшчэ чалавечую годнасць і гонар.
Ну і загрымеў хлопец на чатыры гады — суддзя ўбачыў у ім злоснага злачынцу.
З ім я сустрэўся нечакана ў людскім натоўпе. Пачуў яго голас — крык аб дапамозе. Ён думкава прасіў Бога выбавіць яго з бяды, выцягнуць яго з яміны, у якую трапіў.
Тады ж я і вырашыў быць побач з ім, тым больш што працаваў ён у такім прыдатным для мяне месцы.
Змітракоў бацька кіраваў будаўнічым трэстам.
Бацькі былі ў разводзе. Таму хлопец ні да кога з іх не наведваўся.
Маці дазналася пра яго зняволенне праз тры гады пасля суда. Жахнулася, але не з'ездзіла да яго, нават не напісала хаця б кароценькае пісьмяцо.
Зміцер вучыўся ў чыгуначным інстытуце. Скончыў адзін курс. Выдатна вучыўся. А калі выключылі ў сувязі з судзімасцю, потым, адседзеўшы, аднаўляцца не стаў.
Бацька сустрэўся з ім пасля адбыцця тэрміну. Прасіў, каб адумаўся, перагледзеў сваё жыццё, абяцаў падтрымку і дапамогу. Раіў аднавіцца ў інстытуце. Пасаду добрую абяцаў.
У другі раз, як зацягнуў да сябе ў кабінет, грошай цэлую гару перад ім паклаў. Але не загарэліся вочы ў юнака — маўчаком падняўся і пайшоў з бацькавага шыкоўнага кабінета. Нават не развітаўся. Маўчаннем сваім даў зразумець, што чужыя яны і што дарогі іх больш ужо ніколі не перакрыжуюцца.
Нікому ў свеце не дадзена зразумець Змітрака. Як і не пачуць боль яго спакутаванай душы.
Любіў Зміцер Кісялёў іграць на гітары. Толькі ёй давяраў тугу сваёй душы, свае патаемныя думкі. Калі ў нас пачынаўся абедзенны перапынак ці з-за недахопу тары білі лынды, ён сядаў у сваім закутку і браў у рукі гітару...
Што за песні спяваў ён? Ды то і не песні, мусіць, былі, а нешта іншае, ні на што не падобнае. Маналогі? Прытчы? Балады?.. Я не ведаў, якім жанрам іх вызначыць можна было. Экспромты-фантазіі жыцця? Каскад добраўплыннай энергіі, якая давала сілу таму, хто слухаў? І гэта таксама. А вось што было галоўным лейтматывам яго споведзі, то тое, мусіць, не ведаў ніхто...
Ён быў загадкавым самародкам. Ён быў геніем. Песні ён спяваў нікому быццам бы і не вядомыя, але зразумелыя і блізкія — як быццам ён апавядаў пра патаемныя памкненні душы кожнага з нас.
Песні, дарэчы, былі невядомыя і самому Змітраку, бо яны ніколі не паўтараліся. Выконваліся ўсяго адзін раз. Адзіны раз яны і прыходзілі да яго. Словы былі даўночаканымі і выпакутаванымі ў яго свядомасці. Ён іх клікаў да сябе з нетрыскаў сваёй памяці, свайго натхнення.
Экспромты нараджаліся адразу ж, як толькі ён дакранаўся пальцамі да струн. Словы песень былі родныя і блізкія, як пах паляшуцкай зямлі перад сяўбой. Слухаў яго, а чуў рык зубра. А то аднекуль накатваўся магутнай хваляй паланез Агінскага і пранізваў мяне ўсяго наскрозь. Уплятаўся яшчэ пошум дубраў і пушчаў, спакой надпрыпяцкіх узболаткаў і лугоў. Так нараджалася з крынічкі Прыпяць.
Так нараджалася каханне ад раптоўнага позірку прыгажуні паляшучкі...
Колькі жыву, не чуў такога. І таму я ўдзячны Богу за такую асалоду — ні на якім канцэрце славутых зорак, ні на якой творчай сустрэчы прызнаных не адчуваў тое, што падараваў мне Змітрок Кісялёў...
Найперш мяне здзіўляла і ўражвала чароўнасць і мілагучнасць слоў, словазлучэнняў і параўнанняў. Тое было нешта ад паэзіі, ад касмічнага ўзлёту — слова няўлоўнае, але пранізвала сэрца, нараджала незвычайную асалоду Адкрыцця. І тады адбывалася дакрананне да Святога і Светлага, Найчысцейшай крыніцы Жыцця, адчування Прысутнасці Бога...
Гаварыла-бунтавала хлопцава душа. Дзялілася болем і пяшчотай, радасцю і дабрынёй.
Ці можна перадаць боль параненага звера, які перадсмяротным рыкам скаланае Сусвет?
Ці можна перадаць боль сваёй Радзімы — паднявольнай і зняважанай, абрабаванай і аплёванай, — якая хоча стаць на ногі і не знаходзіць апірышча?
Адкуль, адкуль у Змітраку жыла гэтая адданасць родным гаям і пушчам? Бацька ж даўно адрокся ад мовы. Пасада вымушала часта бываць у Маскве. Яму снілася пасада міністра Саюза па будаўніцтву.
Маці была настаўніцай. Выкладала расейскую мову і пасміхалася з мовы сваіх жа бацькоў. Перакладала знарок «Анегіна» на беларускую мову і смяялася разам з вучнямі, як гучыць непрыгожа пераклад на мужыцкай мове... З сябе, выходзіць, і смяялася...