Змітрок два леты быў у бабы Еўдакеі на Петрыкаўшчыне, у Навасёлках. Бегаў босы, купаўся ў крыніцы, пасвіў кароў з бабкай. Хадзіў з ёю па грыбы і ягады. Слухаў казкі і паданні, міжволі запамінаў... Першае незразумелае слова, якое пачуў і запомніў, — мульмо. На руцэ бабуля ўбачыла мулякі — касіць вучыўся. Спадабалася хлопцу бабчына навука. Зразумеў, што ёсць шмат прыгожых і нечаканых слоў. Прасіў і прасіў бабку расказваць пра сябе, пра сваё жыццё...
Спявала яму Еўдакея толькі свае песні, якія ўнук ніколі і не чуў. Казкі расказвала, ад якіх прыходзіў у захапленне. Бабка і не падазравала, што сеяла ў дзіцячую душу зярняткі надзеі на тое, што песні бабкі вечныя, як само неба і жыццё на зямлі, што яны як абрус на святочным стале ліцвінаў.
Пэўна ж, зярнятка стала парасткам, і расцвіў ён у хлапчуковай душы буйным дрэвам...
«Мусіць жа, нічога чалавек гэты Антон, — пачуў я яго думкі. Ён не пераставаў спяваць, а я прыхінуўся да сцяны спінай, прымружыў вочы. — Не лезе ў душу,не дапытваецца ні пра што. Не павучае і не дакарае, размаўляе, як з роўным... А вось самога не зразумець — маўклівы нейкі, як асцерагаецца нечага, хаця кепскага ад яго не зыходзіць... Трэба з ім чару добрую калі ўзяць, раскрыецца тады, быць такога не можа, каб не расслабіўся...»
Мне хораша, яй-богу хораша побач з ім, і мне жадалася, каб яго песні ніколі не сканчаліся... Але ўспамінаю, што мае жаданні могуць збывацца, спахопліваюся:
— Пара ўжо і ў дзверцы нашыя кулаком грымнуць — трэба ж табе і адпачыць ад канцэрта...
— За гэтым не заржавее, — усміхаецца Кісялёў, — сумаваць нам не дадуць...
І тут жа нечы кулак страсянуў дзверы.
— Эй вы, алкаголікі! — даносіўся хрыплы голас п'янай жанчыны. — Вы нас тут доўга марынаваць будзеце? Панапіваліся там і песні гарлапаняць, а нам тут гібей...
Змітрок замоўк. Нейкі момант сядзеў з заплюшчанымі вачыма, а потым устаў, павесіў гітару на цвік.
— Усіх абслужым — не хвалюйцеся! — крыкнуў у дзверы і пайшоў іх адчыняць — дзве палавінкі з драўняна-стружкавых пліт, пафарбаваных у цёмна-зялёны колер. — Вось прыедзе машына са скрынкамі — і прымем ад вас бутэлькі.
— Ды ты што, хіба яшчэ не прыехала машына?! — узрываецца тая ж цётка і крые нас мацюкамі на чым свет стаіць. У яе маўчыць другі канал, усю сілу ўкладвае ў словы. — Якога ж хрэна вы тут рабілі паўдня? Я на вас буду скардзіцца ў райком...
— Цётачка, які райком-гарком, калі яны даўно накрыліся жаночай хусцінкай, — рагоча Зміцер і трасе весела русявай галавой. — Ты б лепей да пракурора схадзіла... Ён бы нам паказаў, дзе ракі зімуюць, а твой райком... Ні туды, ні ў Красную Армію.
— Бач, ён яшчэ мяне і вучыць, — закіпала цётка, як самавар, і я пачуў яе клопат: «З-за гэтых прыдуркаў і не пахмелішся, а галава як цэбар — пустая-пустая... От бардак развялі...»
— Яшчэ паспееш пахмяліцца, Агата Піліпаўна, — кажу я, не вытрымліваю несправядлівых папрокаў, — машына з тарай будзе роўна праз дзесяць хвілін...
— Сам ты алкаголік! Вунь які нос сіні. А ён мне — «паспееш пахмяліцца!». А ты мне наліваў, га, скажы?
— Ну не я, дык сужыцель твой — сусед Міхаіл. Ці не так?
Жанчына акругліла вочы. Хацела нешта сказаць, але тут Зміцер шуснуў у калідор, набраў гару пустых скрынак з кузава машыны, прынёс і гэпнуў каля акенца, загадаў:
— Давай, цётачка, твае пляшкі! Правільна Антон кажа — яшчэ пахмелішся. Вымай, стаў на прылавак!
«Адкуль ён ведае, што я сплю з Міхалам? — Цётка чамусьці не спяшалася выстаўляць бутэлькі, дзівілася са слоў, пачутых пра сужыцеля. — Мо побач жыве? А ці няма тут каго з нашага дома — за тры кіламетры цягнулася сюды, каб не сутыкнуцца з кім. Каб жа жонка дазналася, павырывала б косы пры людзях. Казала ж, асцярожна трэба, дык за шклянку «чарніла» гатовы і на клумбе — навідавоку ва ўсіх...»
Жанчына здала дзве сумкі бутэлек, схапіла свае законныя тысёнцы, борздзенька шуснула ў дзверы — не аглянулася, не затрымалася. Гарэлі ў жанчыны «каласнікі»...
Пачаў выстаўляць на прылавак бутэлькі сівы згорблены дзядок у дзіравай світцы. У яго дрыжалі рукі, слязіліся вочы.
«Як жа ты там, Ганулька, на тым свеце? Каб жа ты ведала, як цяжка без цябе... Уласці хочуць выселіць мяне з нашай хаты, а мяне здаць у дом састарэлых. А як жа я без тых сцен, якія чулі твой голас, бачылі цябе. Мне ж ніяк нельга без цябе — ты штохвілінна сядзіш побач са мною... А мне і пенсіі не хапае на хлеб — другі дзень галодны. Во бутэлек у парку назбіраў... Сорамна, але што паробіш. Ганулька, каханая мая, забяры мяне да сябе, не магу я тут, бо тут не краіна, а прыбіральня — смярдзіць, дыхаць няма чым... Лішні я тут чалавек. Нікому не патрэбны. Ваяваў за савецкую ўласць, а яна мне жабрацтвам аддзячыла... Як здзек прыдумалі словы: «Молодым везде у нас дорога, старикам везде у нас почет!» Які абсурд! Можа, і саграшыў, Ганулька, але я свой і твой парцейныя білеты з профілем сатаны на вокладцы аднёс на плошчу і кінуў да падножжа яго ж помніка... Твая душа побач са мной — днём і ноччу...»