Дзядулю замест дзесяткі даў сотню — ён і не заўважыў. Па рытму сэрца ведаў, што жыць яму заставалася тыдняў тры. Бачыў: над ім згасала энергія жыцця, а брала верх шэрае воблака — подых смерці. Яму ніхто ўжо не мог памагчы.
— А малочныя вы прымаеце? — зазірнула ў акенца дзяўчына — вусны нафарбаваныя, бялявая, у карычневай скуранцы. Погляд вясёлы, бесклапотны, з іскрынкамі жарту.
— Толькі ад прыгожых наведвальніц, — тым жа тонам гаворыць Змітрок, падміргвае нават ёй, выклікае на шчырасць.
«Каб быў ён трошкі чысцейшы, аддалася б яму ў першы ж вечар... А то Андрэй мой нешта не вельмі... Як спакусіць яго, вымыць перад гэтым, пырснуць французскімі духамі ды зацягнуць у цёплы ложак?»
— А я — прыгожая? — абрадавалася жанчына-дзяўчына, што так удала закінула вуды — абнадзеілася, паспадзявалася.
— Такая прыгожая, што каб прыснілася ноччу, то крычаў бы так, што і суседзі пазбягаліся б, — прызнаўся шчыра Зміцер Кісялёў, заўсміхаўся, залатым зубам бліснуў.
Яна пачырванела, прыкусіла язычок і пеканула, як ёй здавалася, едка і балюча:
— Прапойца! Ды ты ж год не мыўся, а туды ж...
— А чукча ніколі не мыецца, а дзяцей рабіць умее, — абыякава заключыў ён і загадаў: — Давай бутэлькі, прыгажуня, а то зачыню кантору!..
Яна хутка выканала загад, маўчала, чакала грошы. Напарнік паклаў перад ёю скамечаныя паперкі і пачаў ставіць бутэлькі ў ячэйкі скрынкі.
«Думае, што яна пава... Выпендрываецца яшчэ. Выпіць бы сёння не шкодзіла. Шклянку-дзве сухога віна. Чырвонага. Якое і радыяцыю, кажуць, выганяе чарнобыльскую... Вераніка, пэўна, і не ўспамінае пра мяне. А мо і правільна, што не ўспамінае — хто я ёй? Што магу даць, чым ашчаслівіць?..»
«Эх, Вераніка, Вераніка! — не гляджу я ў бок напарніка. — Якая ты вялікая дурніца, што не разумееш Змітрака! Як не ўцяміць табе, што ён адзіны ва ўсім свеце можа зрабіць цябе шчаслівай... Тое, што пад рукамі, не каштуе нічога, пра тое, што недасягальнае, марыш».
— Змітрок-Кісялёк, — дакранаюся асцярожна да пляча, — у маёй шафцы стаіць пляшка. Пачні, а я пасля цябе...
Хлопец напачатку не разумее, што я сказаў яму. Але ж пайшоў, адчыніў дзверцы і ўбачыў пляшку кабернэ. Адкаркаваў, наліў у вялікую шклянку. Зажмурыў вочы, выдыхнуў паветра і выпіў.
Падышоў да мяне, зазірнуў цікаўна ў вочы:
— Слухай, стары, а адкуль ты ўведаў, што мне страшэнна захацелася выпіць? — у яго цяплее позірк, мякчэе голас. Паралельна чую словы падзякі і пахвалы ў мой адрас. Але я не адрываюся ад работы — лічу бутэлькі, што паставіў перада мною маўклівы пажылы мужчына.
— Ты ж сам сказаў: «Эх, каб цяпер чырвоненькага!..»
— Так і сказаў? — не паверыў мне сябар. — Не можа таго быць. Ну і мастак ты хлусіць. Я ж усё памятаю, што гаварыў.
— Значыць, Змітрок, можа. Яшчэ і як можа быць. Мы ж часта не ведаем — ці мы так гаварылі, ці так думалі.
— Ну і няхай так будзе. Але ж перад гэтым не было ніводнай пляшкі. Я ж некалькі разоў заглядваў. Адкуль яна, скажы мне, узялася? — Ён не рабіў мне допыт, у яго адлегла ад сэрца, і ён дэманстраваў свой добры настрой, хаця ж і дзівіўся адначасова з таго, што адбываюцца з ім такія метамарфозы.
— Мышы прынеслі і схавалі. А потым я ў іх купіў за скарыначку хлеба. Жытняга. Свежаспечанага.
Ён маўчыць, выцірае рукавом узмакрэлы лоб, моршчыць яго, уздыхае. Пачынае крыўдаваць, што я з ім у хованкі гуляю.
— Ты выпадкова ілюзіяністам у цырку не працуеш? На паўстаўкі... А мо і на цэлую цягнеш.
— Не. На паўстаўкі я працую яшчэ ў лазні. Лазеншчыкам. І масажыстам. У выхадныя дні. Хіба ж я не казаў табе? Разумееш, грошы вельмі патрэбны. «Жыгуля» думаю купіць.
— А-а, вось яно што. Дык так то яно, канечне, па правілах, але калі яно не там, то так і будзеш лысым хадзіць, але тое паправіць лёгка — бо калі каза заходзіць у агарод, а гаспадар думае, што то карова, ды яшчэ і яго, то яно, канечне ж, не бульдзянёж...
Абракадабру ён прагаварыў на адным дыханні, не спыняючыся. Любіў ён тое рабіць, калі хацеў паздзекавацца з мяне, падкавырнуць... І не мацюкаецца, але ўсё ж...
Пахадзіў вакол, патаптаўся, зноў падышоў, паўшэптам спытаў:
— Антон, а можна яшчэ шкляначку?
Ведаў жа, што не адмоўлю, куражыўся, дысцыпліну дэманстраваў перада мною, лісіцай хітрай слаўся. Вуркатаў, як котка на сонцы.
«Што са мной творыцца, Божа? Чаму я такі неўладкаваны? Выпіць хочацца — гэта што, падзенне? Дэградацыя? Ці натуральны стан чалавека? Што падумае пра мяне Антон? А Вераніка?..»