Выбрать главу

— Чаму ж няможна? Можна. Чырвонае віно ў Францыі' п'юць як кампот падчас абеду.

— Праўда, Антон?

— Сам бачыў, як быў там. І піў таксама кожны дзень. Пасля работы і я з табою вып'ю. Разам з табою прыму на грудзіну. Добра?

— Дак там жа не застанецца пасля мяне... — Сябрук глядзеў на мяне разгублена. — Дак тады мо я збегаю ў камок — грошы ў мяне ёсць.

Я ўсміхнуўся і адмоўна пакруціў галавой:

— Не хвалюйся. Мне прынясуць.

— Хто?

— Сам убачыш. Таму не пакідай для мяне.

Кісялёў паціскае плячыма, нічога не разумее зноў. Губу прыкусіў, хмыкнуў, не паверыўшы, але пайшоў да тумбачкі. Праз хвіліну зноў вярнуўся, яшчэ больш падвесялелы зрабіўся, падабрэў.

— Усё. Да кроплі. Нават мышам на пахмелку не пакінуў. Так што ты можаш праляцець, як фанера над Парыжам, у якім ты меў гонар быць.

— На здароўе. Палепшала табе?

— Цяпер адчуваю сябе выдатна. Дзякую. Не разумею толькі — для таго каб выраўняцца, каб прыйсці ў норму духоўнага стану і раўнавагі, — мне неабходна заўсёды «браць на грудзі».

— Неабавязкова. Віно цябе супакоіла на тры адсоткі, астатнія дзевяноста сем — ты сам сябе вылечыў. Ты сам можаш вылечыць сябе і ад астатніх хваробаў — больш значных...

Зміцер хмыкнуў, недаверліва пахітаў галавой. Не верыў. Не хацеў верыць.

Калі ж людзей не стала, маўкліва пасунуўся ў свой закутак. Гітару ўжо не браў. Сядзеў і думаў, гледзячы ў адну кропку. Курыў, разважаў пра нешта. І думкі яго былі простыя і зямныя. Я адключыў іх ад сябе, каб засяродзіцца на сваім.

Кісялёў хварэў. Хварэў каханнем да Веранікі. І любоўю да сваёй зямлі. Гэтыя два паняцці зліваліся ў адно цэлае, даючы яму дзівосныя крылы. Ён, каб ведаў, мог узляцець над Сусветам, над сваімі клопатамі і трывогамі. Не здагадваўся, якія ў яго былі магутныя крылы. Не спрабаваў узляцець.

Драмалі ў ім сілы. Чакалі свайго часу.

Той час павінен быў наблізіць я.

Харошы, задушэўны ў мяне сябрук — Змітрок, Зміцер, Дзімітрый! Я не прыхарошваў яго, не ляпіў у сваім уяўленні такім, якім хацеў бы бачыць. Такім нарадзіла яго маці, якая ж і адмовілася ад яго, а жыццё ўдыхнула ў яго паляшучка-бабуля. На такіх бабулях, пэўна, і трымаўся залаты дух Ліцвініі.

Я прысеў на мяккае крэсла, якое выменяў у вадзіцеля грузавіка на пляшку гарэлкі. Ведаў, што ён збіраецца яго выкідваць, а яно мне адразу спадабалася, таму і папрасіў яго прадаць. Вадзіцель Пятрок Піліповіч нават таргаваўся са мною, апасаўся, каб не прадзешавіць. Для прыліку я павагаўся і аддаў яму пляшку белай.

Гэпнуўся ў крэсла, выдаўжыў ногі і паклаў іх на табурэцік. Склаў рукі на жываце, прымружыў павекі і — адключыўся ад усяго свету: нічога не чуў, не бачыў, не адчуваў.

І лётаў я па сваіх маршрутах, хадзіў па сваіх сцежках, бегаў разам са звярамі ў пушчы, узлятаў разам з птушкамі ў неба.

Шчаслівым чалавекам адчуваў я сябе!

— Вы чаго спіцё на рабочым месцы? — пачуўся над вухам знаёмы голас — вясёлы і бадзёры. То прыйшла яна, Яніна.

— Я не сплю. Я думаю і адпачываю, — адказваю, паварочваючыся да яе, і ў мяне ледзь чутно іголачкі кальнулі ў скроні — прыйшла праверыць ці з чым іншым?

— Ад думак рана сівее галава, — папярэджвае яна, і між сакаўных вуснаў белізной высвечваюцца роўныя зубы. — Урэдна шмат думаць...

— Добра, не буду шмат думаць. Сядай, калі ласка, адпачні са мной. Прабач, што сустрэў цябе вось так, правільней, зусім не сустрэў. Не чакаў цябе.

— Дзякуй за шчырае прызнанне. Ну і як у вас тут жыццё?

— Нічога. Уежна і ўлежна. Зміцер памочнік спраўны, праблем з ім няма.

— Я тут прынесла, што абяцала.

Госця паставіла сумку на стол, і тут да нас падышоў Кісялёў.

«Што за птушка такая? Чаму яна прынесла Антону віно і за што? Не бачна, каб паддавальшчыца, але ў сумцы, б'юся аб заклад, некалькі пляшак... Думаю, што там чырвонае сухое. І чаму ўвесь час толькі чырвонае віно? Як кроў Хрыста? Эх, каб пазваніла сёння Вераніка... каб толькі пазваніла... Якое было б у мяне сёння свята! Божа, зрабі так, як я мару!»

— Дзень добры вам, шаноўная спадарыня!..

— ...Яніна, — падказваю, памагаю яму.

— Дзень добры, Змітрок! — бадзёра адказвае госця, усміхаецца, пэўна, чытаючы тыя ж думкі, што і я. — Як у вас тут жыццё?

— Як у ангельскай каралевы: што ні зажадаеш, усё збываецца — аніякіх праблем. Аж нецікава часам робіцца... Жартую, канечне. Клопатаў шмат, і круцімся мы з Антонам, як вавёрка ў коле. Але нічога, уцягнуліся, спраўляемся паціху з клопатамі.

«Ну і індывідуум твой напарнік, Антоне! Мяне, тваю каханую, зганіў. Ганьба мне! І паверыла я табе, што самая прыгожая ў свеце. Во дурніца! Якая я дурніца!..»