Я смяюся, гляджу ў шчаслівыя вочы жанчыны, радуюся, што бачу яе, чую яе голас і рытм сэрца. Змітрок ёй спадабаўся — назычыла яму шчасця. Мы гаворым пра яго. Ён і не здагадваецца. Калі я ўзяў сумку, зазваніў тэлефон у закутку.
«Няўжо?! Няўжо?..»
Змітрок без затрымкі бяжыць у бакавушку, хапае слухаўку і прыстаўляе да вуха.
— Вераніка, ты?! — не верыць у сваё шчасце Зміцер Кісялёў і шчыльней прычыняе дзверы ў бакоўцы, каб не замінаць нам у размове. — Я ўжо і не думаў, што пазвоніш калі-небудзь...
«Ды вось надумалася... Хацелася, каб...»
Мы адключаемся адначасова з Янінай ад яго поля і хвалі, бо ведаем, што скажуць адно аднаму два спакутаваныя сэрцы. Радуемся за іх.
— Я зноў вымушана з'ехаць, Антон Клімовіч. Толькі не крыўдуй на мяне. Нічога не паробіш. Адказнасць — вышэй за нас.
— Адлучышся надоўга?
— На тыдзень. Не больш.
— Далёка?
— Як табе сказаць? Не так далёка, але ж і не блізка.
— Тут ты сабе не падпарадкоўваешся?
— Пакуль не. Ты на першай стадыі, я на пятай. Каб дасягнуць найвышэйшага ўдасканальвання, трэба быць у шостым полюсе. Тады я навучуся накопліваць у сабе энергію і ашчадна карыстацца ёю.
— І калі тое будзе?
— Усяму свой час. Не хвалюйся, любы, усё будзе добра. Каханне і ёсць вечнае выпрабаванне. Памятаеш, як у Першым пасланні святога апостала Паўла карынфянам? «Цяпер ведаю я часткова, а тады спазнаю накшталт таго, як і я спазнаны. А цяпер зіхацяць толькі тры: вера, надзея, каханне. Але каханне — найбольшае з іх. Дасягайце кахання; раўнуйце аб дарах духоўных, асабліва ж пра тое, каб прадказваць...»
— Вучымся гэтаму. Вучымся прадказваць. Чым мне займацца ў час тваёй адсутнасці?
— Працуй. Услухоўвайся. Вылучай асаблівых. Не абмяжоўвай сябе ў дзеяннях. Але ж надта і не ўмешвайся ў жыццё людзей. Зміцер нездарма заўважыў, што яму лёгка ўсё ўдаецца. Не трэба так, Антон, мы ж не ў цырку працуем...
— Згодзен. Ён так напакутаваўся, што яму трэба знайсці сябе. Яму неабходны маленькі штуршок. Ён жа чалавек новай фармацыі, чалавек пятай расы. Абраны Богам.
— Не праяўляй залішнюю актыўнасць.
— Я пра ўсё памятаю. Памятаю і тое, што залішняе шкадаванне можа нарабіць зашмат бяды. Бо сказана Богам: «Глядзіце, паступайце асцярожна, не як неразумныя, але як мудрыя...»
— Правільна — але як мудрыя.
Мой уздых быў глыбокі і працяжны. Яніна паклала рукі на мае халодныя далоні, як хацела сагрэць іх, перадаць мне сваю ўпэўненасць і спакой.
— Мне будзе не ставаць цябе.
— А мне — цябе, — Яніна глядзела праніклівым позіркам мне ў вочы, і ў яе зрэнках люстраваўся сум, але не адчай.
Як суцешыць яе, пераканаць, каб не брала боль на сваё сэрца, бо не ведаў, ці магчыма такое ў нашым імкненні да дабра.
Ведаем, што за развітаннем будзе сустрэча, і гэта сагравае і суцешвае нас.
Мы адключылі і сваё паралельнае поле. Нашы думкі цяпер не будуць вярэдзіць адно аднаму душу.
На Яніне лёгкі, колеру марской хвалі плашчык. Пад ім тонкая блузка. Доўгія распушчаныя косы звісалі на плечы.
— Заданне цяжкае? — цікаўлюся пра галоўнае, выказваючы сваё хваляванне за яе.
— Не зусім. Сярэдняй складанасці. Праз нейкі час вазьму цябе з сабою — удваіх будзе цікавей. Я вярнуся хутка, ты і засумаваць не паспееш...
— Вяртайся. Я спакойны. Вунь і Змітро спакойны — колькі радасці ў яго сёння! Ён хоча напаіць мяне і выведаць нейкую важную для яго тайну.
— Так можна і алкаголікам стаць, — папярэджвае мяне госця, усміхаецца, як дзякуе за разуменне яе ад'езду.
Мне хораша і прыемна, адказваю з гумарам:
— Ат, тае бяды, вылечаць, калі што, у ЛПП.
— Пакалечаць, а не вылечаць. Дзе ж ты бачыў такога чалавека, якога вылечылі, які пазбавіўся б ад алкагольнай хваробы?
Адказаў поціскам плячэй.
— Ну, мне сапраўды пара, — уздыхнула Яніна Альшанская, паглядзела яшчэ раз пільна мне ў вочы, чакала маіх слоў.
— Добрага табе падарожжа. Вяртайся хутчэй...
— Пастараюся.
Я так і застаўся сядзець у крэсле — загадала Яніна. Яна пайшла да дзвярэй, прачыніла іх, азірнулася.
Кіўнуў галавой, паспрабаваў усміхнуцца, падбадзёрыць.
Не ведаю, ці тое мне ўдалося.
Праз колькі хвілін набілася столькі людзей, што можна было падумаць, што пазачыняліся ўсе ППШ горада. А можа, то так Альшанская пастаралася, каб мы са Змітром не сумавалі?
Адразу ж на падмогу прыбег памочнік. У вачах радасць, акрыленасць. Шчасце так і выпірала з яго душы. Цяпер ён горы мог перавярнуць, сілы ў яго прыбавілася столькі, што мог падзяліцца ёю з дзесяццю чалавекамі...