За яго я быў спакойны. Збольшага перастала бунтаваць душа — Вераніка зрабіла крок насустрач, і адбыўся цуд. А цяпер ужо ўсё астатняе залежала толькі ад яго.
Пасля Змітрака падключыў касмічную прастору. Выбраў найважнейшае, пацікавіўся, ці не шукае хто мяне ў Сусвеце — можа, я каму спатрэбіўся ў гэтыя хвіліны?
Але Космас маўчаў. Правільней, не маўчаў, а жыў — крычаў і сварыўся, ласкава гаварыў і папярэджваў некага аб няшчасці, некаму помсціў, некага ратаваў... То мяне не тычыўся ніводзін сігнал. Тое радавала і крыху засмучала. На нейкую хвілю мне здалося, што я адзінотнік і нікому да мяне няма клопату...
І тут жа скрозь гул Галактыкі і пошум метэарытаў, праз вечныя песні чалавечых душаў уварваўся трывожны голас Яніны:
«Што з табою, любы? Што здарылася там, на Зямлі? Ты засумаваў без мяне і з крыўды адключыўся не толькі ад Зямлі, а і Сусвету? Чуеш цяпер мяне? Не рабі мне балюча, любы мой! Я ж была ў тваіх снах, але з табою чамусьці парушана сувязь».
«Я чую цябе, каханая, чую... Жывы я і здаровы. Спаў доўга, набіраўся сілы. Вылечыў Змітрака ад яго хваробаў і душэўнага болю. Цяпер чую цябе, і мне стала лепей, лягчэй».
«Гэта добра, Антон! Я забылася цябе папярэдзіць аб нараджэнні такога стану... Ты не крыўдуй, у нас тут невялічкія непаладкі, і таму абставіны вымушаюць затрымацца яшчэ на тыдзень... Абяцаю, што больш ніколі не будзе такіх доўгіх адлучак-разрываў. Я не разлічыла свае сілы, таму і здарылася такое... У мяне сэрца разарвецца ад болю, калі ты папракнеш ці падумаеш хаця б што лядайкае пра мяне».
«Янінка, не хвалюйся!.. У табе гаворыць спрадвечны інстынкт жанчыны — суперажываць за сітуацыю будучыні. Мы выстаім з табою, выпакутуем сваё заўтрашняе Ўдасканальванне і Разуменне самога сябе. То пра нас сведчанне ад Яна Святое благавеставанне: "Жанчына, якая нараджае, церпіць смутак, таму што прыйшоў яе час; але калі народзіць немаўля, то не памятае ўжо смутку ад радасці, таму што нарадзіўся Чалавек у Свет. Так і вы цяпер маеце сум; але я бачу вас зноўку, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас..."».
«Дзякую, каханы мой! Такія словы і ў такія хвіліны! Ты выратаваў мяне. Я нараджу нам сына, і назавём яго Ахутаван. Ён будзе мужны і дужы. Ён будзе чалавекам будучыні...»
«Добра. І я хачу таго ж!..»
«Раскажы, што цікавага адбылося? Ці ёсць што значнае?»
«Асаблівага нічога. Як і раіла, не ўмешваюся ў жыццё ліцвінаў. Дапамог, праўда, Змітраку і Вераніцы. Падказаў толькі зрабіць крок насустрач адно аднаму...»
«Што яшчэ? Мне цікава чуць...»
«Вывучаю людзей, іх псіхалогію. Яны не здагадваюцца, што я адбіраю пакрысе агіднае і злое, яны робяцца іншымі. Зразумеў, што трэба пэўны час, каб выцягнуць з іх душэўныя хваробы і болькі. Яён прыходзіў. Прасіў памагчы правесці практычныя заняткі ў Акадэміі...»
«Вы не можаце асобна існаваць. Так, як і ты без мяне. А я без цябе. Мы ўсе ўзаемазвязаны і злучаны ў адно цэлае. Як узаемазвязаны Зямля, Паветра і Вада...»
«Тады, выходзіць, я рабіў усё правільна і паводзіў сябе прыстойна. Не парушаў прынцыпаў суладнасці часу і касмічнай сістэмы. Чалавек настолькі наіўнае стварэнне і дурная істота, што нічога не каштуе зласліўцу пераканаць яго, што ён самае звычайнае быдла. Надзень яму яшчэ ярмо, і ён падзякуе, падумае, што так і трэба, што ярмо — яго воля і шчасце... Таму лячыць чалавецтва трэба даўно. Тое бачыў Бог і яго сын Ісус Хрыстос... Я стаў больш мудры і цярпімы да людскіх заганаў. Сёння я бачу глыбей, чым да гэтага, далей і дакладней. Дарэчы, ты далёка ад мяне цяпер?»
Нейкі час звінела маўчанне, і я падумаў, што між намі парушылася сувязь, але праз колькі доўгіх секундаў пачуўся яе чысты і ўпэўнены голас:
«Калі па часе, то далёка. Па адлегласці — не вельмі. А так, то ля Дзвіны, недалёчка ад ракі. Сафійка добра бачна, сонцам асветлена...»
«Пра які час ты гаварыла? І што там за крыкі ў цябе? Ты нешта не дагаворваеш, Яніна! У нейкім страшным ты часе, у якім?!»
Зноў маўчанне. Потым пачуўся ўздых. Некага папрасіла не замінаць ёй, вымаўленне было не сучаснае, як са мной гаварыла, а старажытнабеларускае. Праз колькі хвілін мне паведаміла кароткімі сказамі:
«Я — у Полацкім княстве. Спалены вёскі і паселішчы. Расейскі грозны цар Пётр Першы забраў беларусаў у рабства, у няволю. Нас вяроўчынамі павязалі і пагналі ў палон — у Масковію... Я ж — палачанка, нявольніца, прыгонная... І я разам з людскім натоўпам брыду босая па мёрзлай зямлі. Пнуць людзі — дзеці, жанчыны, дзяўчаты. Тут — пекла. Тут — жах і смерць...»