«Яніна-ааа! — крычу занепакоена ў прастору, малю Сусвет, каб не абарвалася нашая сувязь. — Янінка! Каханая! Мне можна да цябе? Я выратую і выбаўлю з таго жудаснага царскага палону...»
«Не, не і не! Ні ў якім разе! За мяне не турбуйся — усё будзе добра. Ты ж ведаеш, што я ў тваім часе жывая. Таму і не павінна са мною здарыцца кепскага. То з княствам кепска. Чорныя часы ў гэтым стагоддзі... Гісторыкам не пад сілу апісаць і перадаць тыя пакуты, што выпалі на долю Полаччыны. Адключыся ад мяне на некалькі дзён. Так трэба. Цалую, любы! Набірайся сілаў для будучых сваіх падарожжаў. Наперадзе ў цябе вельмі адказнае і цікавае жыццё. Бывай, каханы, чакай мяне! Хутка пабачымся!..»
«Цалую. Да сустрэчы!..»
Нічога сабе камандзіровачка — на вайну ў Полацкае княства! Ці не ў самы страшны і крывавы час занесла яе? Сама ж, пэўна, і выбрала. Для чаго тое ўсё? Хіба ж мы можам цяпер што-небудзь змяніць, памяняць ход гісторыі, пусціць у другое рэчышча? Ці можа якая больш важная задача стаіць перад ёю і перад тымі, хто паслаў яе туды? Пэўна ж, збірае тыя камяні-сведкі, што і лягуць у агульны падмурак княства Ліцвініі...
Зноўку ўсё аціхла. Цяпер выразна было чуваць, як Змітрок пасвістваў носам, нешта мармытаў у сне.
Я прыняў рашэнне. Унутраны стан мой прачнуўся і прагнуў нейкіх дзеянняў. На месцы ўжо заставацца больш не мог.
«Мой харошы і шчыры сябар Змітрок-Кісялёк! — накрэмзаў я на паперы зварот да яго. — Не крыўдуй, але мне трэба адлучыцца па вельмі і вельмі вялікай патрэбе на дзянёк-другі... Згода? Пацярпі мяне ўжо такога. Я адраблю сваю радоўку, усе дні потым вярну табе працай. Буду ўкалваць дні і ночы...»
На вуліцу выйшаў нашым тайным калідорчыкам. Зачыніў на сакрэтны папіхач дзверы і падаўся ноччу на чыгуначны вакзал.
Было ціха і зорна ў небе.
На вакзале процьма народу — з клункамі, кашалямі, сумкамі, чамаданамі... Спалі «працоўныя масы» на сваім законным месцы — на падлозе, сярод пляўкоў і харкаў уперамежку з крывавымі высілкамі; падсцілалі якую газеціну ці світку, а то і зусім нічога — клаліся на халодны, вытаптаны мільёнамі падэшваў, бетон.
Людзі ніколі не абураліся, радаваліся за месца. За доўгія гады быдлячага існавання прыцярпеліся, прызвычаіліся.
Мне можна было пайсці ў вакзальны гатэль. Але мне нельга было тое рабіць. У мяне ж, як і ўва ўсіх астатніх, не было ўдосталь грошай. Ліцвін лепей прасядзіць ноч на падлозе, перадрэмле, перачакае, перацерпіць, чымся заплаціць грошы за выгоды і зручнасці. Заўсёдна думае: «Не, лепей я іх, свае грошыкі, на нешта іншае патрачу, карыснае і значнае, а адпачнём некалі пасля, на тым свеце адаспімся...» Такім ужо нарадзіўся ліцвін. Такім выхавалі яго жыццёвыя абставіны...
Прысеў упобачкі з бабуляй у старым паношаным паліто і ў хустцы-канаплянцы, слухаў сны і думкі, смяяўся разам з усімі, радаваўся, перажываў...
Не, тут быў не ППШ, тут іншы пласт і настрой. Той пласт людской дабрача-шчымлівай энергіі, калі выпадковыя людзі, перакінуўшыся словам-другім, адразу пачынаюць цяплець душой і гатовы падзяліцца сваімі нават самымі патаемнымі думкамі і меркаваннямі, планамі і марамі...
Дзіўнае стварэнне чалавек — непрадказальны! Адкрывай і адкрывай у ім прыгожае і добрае — і дарэшты ніколі не адкрыеш!
Што ні чалавек, то новая загадка. Што ні жанчына, то клубок эмоцый і жаданняў... Чаго толькі не жадалася жанчыне! Пра тое яна нікому-нікому не раскажа, якая б ні была балаболка. Ёсць у яе забаронныя тэмы, вядомыя толькі аднаму Богу.
Жанчыны марылі пра дужых і здаровых мужчын, пра бяссонныя ночы ў іх абдымках, пра салодкія словы, ад якіх млела душа і маладзела сэрца, абнаўлялася ў венах, як не закіпала, кроў. І ў той жа момант чуў, як іх добрыя памкненні раз'ядала рэўнасць. Кожнай здавалася, што яе не так кахаюць, не ўсё аддаюць, што ёй належыць...
Мне прыйшлося адключыцца ад іх хвалі, бо пачаў чырванець ад іх жаданняў і мрояў. Чуўся ўжо плёскат хваль Мора Спакою і пошум палескага бору... Падумалася: «Дык, пэўна ж, і Яніна думае гэтак жа — і яна ж Жанчына!..»
Вочы ў мяне заплюшчаны. Адчуваю, як да мяне падсеў хлопец. Яго зацікавіў мой партфель, што стаяў побач са мной. Рашыў паджартаваць над злодзеем. Захроп яшчэ мацней. Хлопец радасна хапіў партфель і спакойнай хадой пашыбаваў да выхаду. Не ўтрымаўся, на хаду раскрыў яго... Раскрыў, зазірнуў туды і нема закрычаў, выпусціўшы яго з рук, адкінуўшы нагой ад сябе...
— Гадзюкі! Там поўна гадзюк! — крычаў і бег ён далей ад гэтага страшнага месца.
Людзі глядзелі ў раскрыты партфель і нічога не бачылі — ён быў пусты.
Двое юнакоў заспрачаліся між сабою пра жыццё ў Ліцвініі. Пра мову гэтай дзяржавы заспрачаліся. Адзін гаварыў на ліцвінскай, другі — на мове суседняй дзяржавы, якая стала радней за родную.