— Дзядзечка, а вы каго чакаеце? — крануў мяне за рукаў хлапчук, задраў галаву ўверх, шукаў мой позірк — яму хацелася памагчы незнаёмцу, ды не ведаў як.
— Не, Пятрусь, я гуляю, — адказаў ціха і не адрываў позірку ад акна на чацвёртым паверсе — жанчына перастала хадзіць: мо сядзіць цяпер на кухні і ўдыхае водар гарбаты.
— А адкуль вы ведаеце, як мяне завуць? — здзіўляецца хлапчук — жыве ў трэцім пад'ездзе, сын майго сябра Багданава, з якім разам працавалі на заводзе. Ён і цяпер працуе — галоўным ужо інжынерам. А перад тым здарэннем са мной быў маім намеснікам...
— Я і бацьку твайго ведаю, Валодзю.
— Вы з ім працуеце?
— Працаваў. Цяпер на іншай рабоце.
— І ў нас у хаце былі?
— А як жа. Толькі даўно. Ну, бяжы, Пятрусь, дадому. Бо маці хвалюецца, цябе ўжо даўно з балкона выглядае. Бацьку прывітанне перадавай.
— А ад каго?
— Ад яго былога начальніка.
Ён прайшоў колькі крокаў і азірнуўся.
— А я вас раней бачыў. І не раз. Праўда.
Толькі як адышоў Пятрусь ад мяне, пачуў, як ад яго зыходзілі біятокі чалавека новай фармацыі. Пятрусь, як і Змітрок, валодаў чароўным дарам правідцы і прадказальніка. У дзяцей тое праяўляецца чамусьці мацней...
Мяне працяў холад. «Засакаталі» зубы. Што тое азначала? Страх? Хваляванне? Не думаў, што так цяжка будзе сустракацца са сваім мінулым. І з жонкаю, якая не кахала і якая цяпер не прызнае і не пазнае мяне...
«Ну, смялей, рабі крок наперад — ты ж так імкнуўся прыехаць сюды, ну!..» — падштурхоўваў я самога сябе, здзіўляўся нечаканай нерашучасці, якой у мяне і быць не магло.
Але мяне ўсё нешта яшчэ ўтрымлівала, нейкая патаемная сіла прывязала да месца — як хто трымаў за крысо. І ўсё ж я не хацеў быць іншым. Не хацеў уключаць усе свае дапаможныя сродкі. Тады і не будзе жаданага эфекту, натуральнасці, дзеля чаго і намерыўся з'явіцца.
І — рашыўся. «Ат, будзе як будзе! — падахвоціў я сябе жартоўна. — Ну, тарэадор, смялей у бой! Карыда чакае цябе!..»
Знаёмая чорненькая кнопачка на вушаку дзвярэй.
Заўсёды, калі быў у добрым настроі, націскаў на яе і даваў сігнал марзянкі: «Дай-дай-закурыць», што азначала два працяжнікі і тры кропкі. То нас некалі ў войску Алесь Вінчук вучыў так азбуцы Морзе. Каб мы, маладыя байцы, лепей запаміналі, ён прыдумваў розныя спалучэнні слоў.
Ледзьве так і не зрабіў, але адумаўся. Націснуў адзін раз — кораценька і нясмела. Прайшло мо з паўхвіліны, а дзверы ніхто і не збіраўся адчыняць. Хацеў паўтарыць сігнал — доўгі і патрабавальны, але перада мною адчыніліся дзверы.
Людміла здзіўлена прыжмурылася, гледзячы на мяне (а я так баяўся і адначасова жадаў, каб яна пазнала мяне, кінулася на грудзі, гаварыла нейкія банальныя словы, прасіла за нешта прабачэння...), чакала, што скажа начны госць.
У яе вачах не было ні суму, ні скрушнасці. Мо хіба трошкі стомлена выглядала. Але абыякавасці, здаецца, не прыкмеціў.
— Добры вам вечар, — апамятаўся я. — Прабачце, што позна. З Растова я. Прозвішча маё — Рашын.
— Вечар добры. Вы да каго?
— Да Антона Клімовіча.
Яна ўздыхнула, памуляла ненафарбаванымі вуснамі, сцепанула недаўменна плечуком:
— Заходзьце, калі так.
Знаёмы калідор, дзе нічога пасля мяне не змянілася — гаспадыня, мусіць, не хацела нічога мяняць. Мне было прапанавана распрануцца, павесіць на ласіныя рогі плашч. Рогі нам падараваў ляснік Язэп.
«Што за візіцёр з'явіўся? На злодзея непадобны. Толькі чаго ў мяне ёкнула сэрца, калі зазірнула яму ў вочы? Чаму працяло ўсю — з ног да галавы? Напомніў нешта?..»
— Праходзьце, сядайце. Вы з дарогі? Я падрыхтую вам гарбаты. Ці мо лепей кавы?
— Глыток гарбаты, калі можна.
Ведаў, што ў бляшанай каробачцы, што некалі прывезлі мы з поўдня, заўсёды былі зборы зёлак. Ці нарыхтавала іх без мяне Людміла?
Сапраўды, праз колькі хвілін па хаце паплыў фантастычны водар карпацкіх і палескіх лугоў. Я ў прадчуванні асалоды прыжмурыў вочы.
— Вось і гарбата. З дзевяці траў. Хочаце, цукар насыпайце.
— Дзякую. Лічу, што гарбата сама па сабе як цукар.
«Так і Антон гаварыў некалі... Але што гэта ён салаўём заліваецца? Што яму трэба ад Антона? Мо ў якіх чорных справах быў замешаны?.. А як яму сказаць, што Антона няма ў жывых? Пазней сказаць ці цяпер, адразу?..»
— Дык слухаю вас, госць Рашын...
— Рашын Віктар.
— Слухаю, Віктар. А я — Людміла.
— Спытаеце, чаго прыехаў? Ды служылі мы разам з Антонам у войску. У Нямеччыне. Была такая група савецкіх войскаў у Нямеччыне. Як і ў Польшчы, Венгрыі, Румыніі... Перапісваліся пасля дэмабілізацыі. Да мяне прыязджаў адзін раз, як не быў жанаты. Мо і расказваў пра мяне. Працую я ў абласной газеце на чыгунцы. Неяк было мне цяжка — з жонкаю атрымаліся нелады. Знайшла яна сабе больш прыстойнага і багатага — пісьменніка, з пасадай і прывілеямі. Ну, падала, само сабой, на развод...