«А дзе ён сёння спаць будзе? Няўжо папросіцца на ноч? Не хапала мне яшчэ незнаёмага госця... А грошы як — пакіне? Ці забярэ назад? Ды пра што я, дурніца, якое гэта мае значэнне?»
Хударлявыя знаёмыя плечы, косы, якія кожны раз абразала Людміла — ніколі не любіла доўгіх. Як толькі датыкаліся да плячэй, адразу бегла ў цырульню. Усё тое навявала нейкія далёкія, як у дзіцячым сне, успаміны, але якія ўжо не выклікалі ў мяне ні шкадавання, ні жалю, ні горычы...
— Ніколі не ведала, што так цяжка будзе адной...
— Я разумею вас. Я вельмі вас разумею.
«Хрэна лысага ты разумееш... Такі ж змей, як і Антон. Сэрцам адчуваю. Чаму я адразу неўзлюбіла цябе, не ведаю...»
У калідорчыку зазваніў меладычна тэлефон.
— Прабачце, — паднялася Людміла і, падышоўшы да палічкі, узяла слухаўку: — Ало, слухаю...
«Добры дзень, Людачка! Ці можна праз паўгадзінкі заскочыць да цябе? Які ў цябе, дарэчы, настрой? На якой ты цяпер хвалі — хвалі жадання ці смагі?»
— Ведаеце, сёння не трэба, Рэгіна Пятроўна! Да мяне прыехаў Антонаў сябра з Растова — мы з ім тут гаворым... Мо заўтра тады прынясіце, я буду дома...
«Сапраўды, Людка, не падманваеш?»
— Ну, во і дамовіліся. Усё будзе добра, не хвалюйцеся. Да заўтра...
Яна прыйшла і села ў крэсла, адпіла гарбаты, здзівілася, што яна астыла, ахвотна прапанавала:
— Я нагатую свежай — ахалола...
Я кіўнуў галавой.
«Хаця б не здагадаўся, што мне Ён пазваніў... Мо і пачуў, калі слых добры — голас у слухаўцы зычны. Ну і хрэн з ім, калі і здагадаўся. Што з таго? Справаздачу перад ім трымаць? Хіба не маю права на асабістае жыццё? Сумленне ў мяне чыстае...»
Эх, Людка, Людка, ніхто цябе ўжо не пераробіць, не перайначыць... Як жыў у табе недавер да ўсіх і зло на ўсіх, так і жыве, з гэтым ты і памрэш... І як цябе твой дырэктар кахае — за што толькі, хацеў бы я ведаць? Ты ж — як той лёд, як айсберг у акіяне... Падманваеш усіх і сябе ў першую чаргу, кожны дзень жывеш з хлуснёю. Я ж памятаю, як ты на дарогу мне істэрыку закаціла: «Каб ты дадому не вярнуўся, каб ты ў самалёце тым разбіўся! Як ты мне абрыд за жыццё!..»
Мілка-Людка маўчала. Чамусьці не пасылала ніякіх сігналаў — як усё роўна ўмела адключацца ад майго поля. Што мяне ў нейкай меры і здзіўляла.
— Можа, вас пакарміць з дарогі? — стала яна на парозе кухні, паглядала на мяне, як адчувала нейкую віну. — А то гарбатай голад не прагоніце...
— Не, не, дзякую, не хачу, — паспяшаўся адмовіцца і не глядзеў на яе, задумліва ўперыўся ў паліраваную паверхню журнальнага століка.
— Тады мы зробім інакш, — прыняла рашэнне мая былая жонка. — Ёсць праваслаўны звычай — памянуць нябожчыка... А вы чалавек веруючы, нават не веруючы, а той, хто жыве неаддзельна ад Бога і Божага вучэння, таму вы не павінны адмовіцца...
Мне нічога не заставалася рабіць, як згадзіцца. Мілка злавіла мяне на маім жа полі. О, тое яна ўмела добра рабіць! Загаворыць, прытушыць пільнасць, а потым нечакана пытаннечка ў лоб...
«Трэба хоць чарку наліць, а то падумае, што я злая ведзьма... Не ведаю, як і паводзіць сябе з ім, нейкі незразумелы тып. Каб не прынёс грошы, то падумала б, што абрабаваць мяне збіраецца... Здаецца, што ён бачыць мяне наскрозь і думкі мае нават чытае...»
«Адкуль гэта ў яе? Няўжо я праколваюся на дробязях?..»
— Людміла, я не сказаў у пачатку, што ў мяне вельмі мала часу. Я ж праездам — праз Калінкавічы, зрабіў супынак. Закампасціраваў білет на менскі цягнік. Так што ў мяне ў запасе, — зірнуў я на гадзіннік, — хвілін сорак-пяцьдзесят. Я думаю, што не багата адыму ў вас часу...
— Не, што вы... А то маглі б і застацца, — высіліла з сябе гаспадыня ветлівасць, — пераначаваць жа ёсць дзе — два пакоі.
— Мяне там сябры чакаюць. Будуць хвалявацца, дзе я падзеўся, што са мною. Заўтра ж у вашай сталіцы міжнародная нарада па правах чалавека. Я яе ўдзельнік.
— Ну то глядзіце самі, як вам лепей.
«Во які паварот нечаканы. А я і не ведала, што рабіць. Добры, вельмі добры паварот... І выгнаць не выганіш, і пакінуць — не выпадае... А так усё і вырашылася адразу. Ды ці наўрад у яго цягнік, мо ў гатэль пацягнецца, а так далікатным чалавекам прыкідваецца... Але чаму яго не ўзрушыла смерць Антона? Сябрам жа быў, сам хваліўся... Пэўна ж, мужчыны так не перажываюць, як мы, жанчыны, ім тое не дадзена...»
Мілка разліла каньяк па крышталёвых чарачках. Ведама ж, павесялела, хаця выгляду не паказвала, паводзіла сябе як удава, якая не можа забыцца пра мужа.
— Хай пухам яму зямля, — кажу ціха і першы выпіваю да дна.
— Хай пухам, — паўтарыла гаспадыня, адпіла палову, прыкусіла скрылікам лімона.
Маўчым. Я неўпрыкмет назіраю за рухамі і позіркам Людмілы, адзначаю, што яна прыкметна супакоілася, калі ўсё стала на свае месцы, і больш не пасылае сігналаў. Улагоджана веданнем сітуацыі.