— Значыць, былі ночы саладзей за тыя, што былі ў вас з Антонам. Прабачце, і я крануўся недазволенага і патаемнага... Прабачце, дзеля Хрыста!..
«Госпадзі, ён распранае маю душу. Дамагаецца адкрытасці і шчырасці. Для чаго? Навошта тое яму? Каб выратаваць мяне спадзяваннем-спавяданнем? Тады ж чаму ў мяне няма на яго ні зла, ні крыўды?! Няўжо ён валодае патаемнай сілай, якая можа змяніць Чалавека?..»
На пытанне не адказала, быццам маўчаннем сваім сцвярджала правільнасць маіх здагадак. Ды што здагадак — маіх перакананняў.
— Ведаю, ён будзе і на тым свеце крыўдаваць на мяне, — уздыхнула скрушна, сашчапіла на каленях пальцы рук, — але што паробіш... Назад ужо нічагуські не вернеш, як таго ні жадаў бы...
«Ну, дзякуй табе, Людміла, хоць за гэтае прызнанне, — ці не першы раз мяне кранулі яе шчырыя словы, — то ты ж сама сябе падахвоціла каньяком да шчырасці, то не я, і не прымаў у тым ніякага ўдзелу... Хаця трошкі падлячыць цябе трэба. Лягчэй жыць будзе далей...»
«Напэўна, мы не змаглі абодва распаліць той касцёр кахання... Дровы, мусіць, нам папаліся сырыя і асінавыя. А тут смалячок напачатку павінен быў. А пасля ўжо дубовыя ды бярозавыя паленцы... Мы ж не здагадаліся прасушыць іх на сонцы, правеяць скразнячком, каб касцёр потым быў дык касцёр, каб полымя з яго — дык полымя! Не інквізітарскае, а полымя Кахання. Полымя Ўзнёсласці, Шчасця і Вечнасці. Грэшныя мы перад Богам, грэшныя. Мо з-за таго, што не вянчаліся ў царкве, — я ж была камсамолка, а ён пад партыяй. Хіба ж без партбілета яму маглі даверыць пасаду галоўнага інжынера? Адабралі ў нас Бога, адабралі і спаганілі душы, падсунулі замест Бога нешта агіднае і ліпкае, пачварнае і крыважэрнае...»
— Пасаду не даверылі б, з тым было вельмі строга — наменклатура, адным словам, — уставіў я тры грошыкі і тут жа думкава абсек сябе: «Ёлупень! Што ты нясеш?! Вар'ят! Замоўкні зараз жа!..»
— Я казала яму, — пераключылася Мілка на голас, таго сама не заўважыўшы, — давай павянчаемся... Тады Бог нас уратуе ад няшчасцяў. А яны ў нас здараліся на кожным кроку. Бо ўсюды быў падман, хлусня, няпраўда... Чыталі пастановы партыі, прымушалі іх вывучаць, а ніхто не верыў у іх праўду, усе смяяліся ў душы, а перайначыць ніхто не змог... Дзякуй Гарбачову, што ўзарваў той гнілы нарыў на целе грамадства.
— Не згадзіўся Антон?
Былая жонка адмоўна пакруціла галавой. Тут яна ўжо не хлусіла, казала чыстую праўду. Як быццам баялася, што можа саграшыць перад нашай памяццю...
«Святы Божа! Я прыехаў, каб пераканацца ў вінаватасці жонкі, а пераканаўся, што сам у сто разоў больш вінаваты, чым яна... Эгаіст, калун, пень, кавалак ільду... Ды такога і слоўніка няма, каб адшукаць там словы, якімі можна было б абазваць цябе. Не выдалі яшчэ такі...»
Нешта зласліва піснула злева — за сценкай.
Жаночы голас некаму даводзіў: «Зноў Людка свайго хахаля прывяла. Каньякі імпартныя п'юць. Во для чаго ёй патрэбен быў развод! З-за яе, мусіць, і пайшоў Антон на той свет — а залаты ж чалавек быў, заўсёды вітаўся каля пад'езда. Грошы пазычаў, калі нявыкрутка была...»
«А, гэта ты, Якаўлеўна? Пра ўсіх ўсё ведаеш, усяму ацэнку сваю дасі, — пеканула мяне крыўда — я ўжо, здаецца, пачынаў абараняць сваю жонку, у крыўду не даваў — усяму ж ёсць мяжа. — У следчых органах табе працаваць бы... Ды Бог з табой... Я і не ведаў, што ў цябе такая душа, а на людзях прытваралася дабрадзейкай...»
— Ну, што, Людміла Герасімаўна, загаварыліся мы з вамі. Пара мне. Прабачце за візіт, прабачце, што прымусіў вас зноў успомніць пра гора... Мой лёс амаль падобны на ваш. Так што я разумею вас і спачуваю.
— Прайшлі ўжо тыя хвіліны, пра якія вы казалі?
— На жаль, праляцелі.
— Віктар, я ўсё разумею, але з грашыма не ведаю... Бралі ж у Антона, не ў мяне. А аддаяце мне.
— Ён жа і вашыя грошы аддаваў. А вы маглі тады купіць сабе нешта неабходнае, а не купілі, пазычылі мне. Гэтыя грошы выратавалі мяне ад бяды. Яшчэ раз дзякую.
— А вы што — мільянер?
— Амаль што... Кнігу аднаму генералу напісаў. Слабую, праўда, кнігу. А ў яго грошай — не ведае, куды і дзяваць... А такіх генералаў ды палкоўнікаў, якія хочуць пакінуць сваё прозвішча і след у ваеннай гісторыі, сотні. Ім усім карціць расказаць падрастаючаму пакаленню, як яны здабывалі перамогу, як мудра камандавалі на цяжкіх участках вайны... Я ім аддаваў рукапісы праз паўгода. А потым яны ўжо прабівалі іх у выдавецтвах. Мне ж плацілі свой ганарар. Павышаны. Халтурай гэтай я заняўся і не так даўно, калі прыйшла пара аддаваць Антону доўг. А потым і ў азарт увайшоў, цікава нават стала пісаць такія мемуары. Так што грошы я зарабіў сумленна, сваімі мазгамі.
— А вы злы, аказваецца, чалавек, калі здзекуецеся з людзей.