Выбрать главу

Пэўна ж, не — не заўсёды і не ўсім...

3...

Ранак росны, халодна-бадзёры.

Скрозь густое голле і лісце, скрозь высозныя ствалы медзяных сосен прабіваюцца промні малінавага сонца; ад узболатку, дзе яшчэ не ўвайшлі ў сілу ягады малін і ажын, калі яшчэ далёка да чырвані каліны, дзе ўецца спорна па алешынах уверх хмель, плыве церпкі водар, кружыць голаў; у сухой вершаліне дуба шчыруе без стомы дзяцел — выдзёўбвае шышкі, дробная пацяруха ляціць жоўтым сняжком і сцелецца па зямлі...

Я зажмурваю вочы і чую, як бяжыць мураш да свайго жытла, несучы на спіне груз у сем разоў важэй, чым сам; адчуваю, як паўзе гадзюка па сваёй сцяжыне і выбірае месца, дзе можна стаіцца і адпачыць; разумею, як нараджаецца вецер у лясных нетрысках, набірае сілу, мацнее і імкнецца на волю, туды, да высокіх вяршынь, дзе ніхто і нішто не перашкодзяць яго свавольству — і ён стане магутным Ветрам; мне вядома, як набрыньвае сілай маладая бярозка, быццам цікаўнае дзяўчо, наліваецца маладой сілай, жаданнем і прыгажосцю...

Але чым далей і болей пазнаю яго і адкрываю, тым больш адчуваю, што я невук і дылетант. Тым больш разумею, чаму мне непадуладны таямніцы бацькавага лесу.

Але тое я ўцяміў пазней, значна пазней...

Прайшоўшы палову шляху, я знячэўку адчуў, не, найперш зразумеў, што мяне чамусьці не радуе гэты дзень, які падарыў мне бацька, свята адкрыцця таямнічай радасці я не адчуў. Чаму? У маёй душы пасяліліся незразумелая трывога і страх — як быццам мяне наперадзе чакала нешта горычнае і непадуладнае майму дзіцячаму ўяўленню і розуму.

Следам улеглася за намі нейкая жоўтая птушачка — ці не амялушка? — з чорненькімі вочкамі-бісерынкамі, шустрая, як праменьчык сонца, яна шмыгала ад дрэва да дрэва, ад галінкі да галінкі, гаварыла нешта на сваёй птушынай мове і злавалася, што яе не чуюць, — уздрыгвала, як быццам ёй было холадна.

Я міжволі спыніўся. Мяне нешта спыніла. Пільна прыгледзеўся да птушачкі. Што яна ціліўкала? Каму? Мне? Я не разумеў яе мовы, але ж кожным кароткім ціўканнем усё глыбей і глыбей пад сэрца шыўся калюча-млявы халадок, і трывога ўзрастала ўсё больш і больш.

Бацька, здавалася, не чуў амялушку і нічога не заўважаў наўкола — мераў зямлю размашыстым крокам, думаў заўсёдную леснікоўскую думу. У такія хвіліны роздуму я яму ніколі не замінаў, трымаўся воддалеч.

Азіраючыся на амялушку, я пабег даганяць бацьку.

На дзялянцы сустрэліся з братамі Аляшкевічамі — Зміцерам і Аленціем, дужымі дзецюкамі, якія і ў жонкі пабралі родных сясцёр — Лёдзю і Анюту, дачок удавы цёткі Антолі. Былі з імі і дзядзька Віталь з другога канца вёскі, Мікіта, малады хлопец, які толькі што вярнуўся з войска.

— Прывітанне, мужыкі! — паручкаўся бацька з кожным.

— Дзень добры! Здароў быў! — адказалі разам. — О, ты сёння з памочнікам — дзве нормы забяспечаны...

— А як жа, мо і тры нарэжам, га, сын? — смяецца бацька, паглядаючы на мяне, хваліцца: — Амаль мужчына ўжо... Бацьку вунь даганяе.

Пасядзелі, пагаманілі, выкурылі па цыгарэціне. Потым, не згаворваючыся, падняліся, пайшлі да намечанай дзялянкі, у якой намерыўся бацька рабіць расчыстку ад старых і хворых дзеравін. Там раслі бярозы — пераросткі, яны вымкнулі ў неба, іх мог паваліць і разламаць вецер ці буран.

Гэпнулася вобземлю першая бяроза, за ёй другая.Мікіта спорна ўпраўляўся «Дружбай» — і пырскі жоўтага пілавіння ляцелі пад ногі, пакрываючы сівы ціпец і мох. Памагаў і я, махаючы сякерай, — абсякаў сучча, складваў галіны ў лаўжы, каб потым спаліць.

Мужчыны жартавалі, перакідваліся словамі, рагаталі са сваіх жыццёвых няўклюдзіц, смешных эпізодаў жыцця — пачутых ці перажытых.

А я не пераставаў услухоўвацца ў цішыню, шукаў позіркам амялушку — дзе яна, мо зляцела куды. Не, яна і не адлятала нікуды, пырхала непадалёк ад нас, ціліўкала, чорным вочкам страляла ў мяне, як крычала ўсё роўна: «Бяжы за мною, бяжы за мною — памагчы трэба!..»

Мусіць жа, я адзін і ўчуў яе. Усе астатнія былі занятыя сваёй работай, а прыслухацца і ўбачыць маленькую жывую істоту ў іх не хапіла слыху — не ў тым жыццёвым вымярэнні жылі.

І зноў я не адгукнуўся на яе покліч.

Мужчыны абедалі ў цяньку, гэтак жа рагаталі без дай прычыны. А потым і кімарнулі, лежачы на зямлі.

Лёг і я збоч — пад маладую куртатую бярозку.

Амялушка села над маёй галавой. Я замілавана глядзеў на яе, і карцела пагаварыць, як з чалавекам, папытацца ў яе — што так хвалюе, непакоіць? Па чыёй душы ўбіваецца — птушынай, чалавечай? Чаго так просіць-умольвае? Мо які свавольнік гняздо разбурыў і яна просіць дапамогі, каб не загінулі яе дзеці?