Выбрать главу

— Не здзекуюся, а пасміхаюся. У салдата, які вынес тую вайну, не было часу і здароўя сядзець над мемуарамі.

— Але ж мне ўсё роўна няёмка... Зразумейце правільна.

— Не перажывайце — усё па-людску. Не ўспамінайце кепскім словам. І — бывайце! Яшчэ раз прабачце!

Я пайшоў да парога, пачаў апранацца. Яна чакала ад мяне нейкіх слоў — важных і значных. Якіх — і сама не ведала, але чакала, спадзявалася. Я ж узяў яе за руку, пацалаваў, шапнуў:

— За ўсё прабачце. Мяне і Антона.

— За што?! — спалохалася здзіўлена і адхіснулася ад мяне. — Не разумею вас. Чаму так баліць у мяне душа?

— То мая баліць, не ваша. Выбачайце, што без запрашэння ўварваўся ў вашую душу і жыццё, што прымусіў расказваць пра Антона. Хораша вы пра яго расказалі. Цяпер я разумею яго. Праз яго і сябе.

— Чаму — сябе?!

— Не ведаю...

Здзіўляўся — чаму рука ў Людмілы такая халодная і безжыццёвая?

Ці то гарачымі былі мае губы? У вусны пацалаваць мне жадалася найбольш за ўсё. Але я ведаў, што тады пераступлю парог дазволенага, нараблю шмат бяды... І для сябе, і для Людмілы Герасімаўны...

«Не, усё-ткі нейкі загадкавы і незразумелы госць наведаў мяне. Незямны. Як прышэлец нейкі з незямной цывілізацыі. Вылучае нейкую энергію і ўздзейнічае на мяне. Але без шкоды, без чорных думак, як добры чараўнік з казкі. Не дзіўна, што я адчуваю лёгкае паколванне ў скронях — як быццам мяне шчыплюць алавяныя пласцінкі электрафарэзу. І губы, што дакрануліся да рукі, як электрычнасцю працялі. Ад чаго тое? Не здзіўлюся, калі ён чытае наскрозь мае думкі і жаданні...»

«Э-ээ, браток, ты перабольшыў свае паўнамоцтвы, — упікнуў я сябе, — загаварыўся, расчуліўся, забыўся пра перасцярогу... Мала табе паўгадзіны на разведку-допыт, табе гадзіны падавай! Яшчэ перадумай і ў ложак да яе папрасіся, пад гарачую коўдру — ты ж умееш тое рабіць. Захочаш толькі — яна сама пра тое папросіць. Ну, пакажы сваё майстэрства і ўменне, бабнік, кот памыйны!.. Ану, прэч, нягоднік, зараз жа вымятайся адсюль, ну-ууу?!»

— Бывайце, Людка! — заспяшаўся я і крутануўся на назе, выконваючы свой асабісты загад, баючыся, каб не сказаць тое ўголас. — Шчасця вам!

— Усяго добрага вам, Віктар! Добрай вам дарогі!

Ужо за дзвярыма я пачуў яе запозненае шкадаванне: «І чаго тэлефон не ўзяла ці адрас — мо калі што трэба было б, павіншавала б са святам ці пра Антона што...»

З вуліцы я доўга яшчэ назіраў за акном сваёй кватэры.

Чуўся ўсхліп жанчыны. Яна нікога не праклінала, не асуджала.

Калі ж выплакала свае слёзы, неўзабаве сцішылася. Ужо не адказвала нікому на тэлефонныя званкі, а потым і зусім адключыла яго. На душы стала суладна і цёпла. Яна праз нейкі час правалілася ў сон: гуляла па беразе Прыпяці, ногі мачыла ў прыпяцкіх хвалях.

Вось тады я і адключыўся ад яе, каб не трывожыць нічым — ні папрокам, ні тайным якім жаданнем...

Не я праганяў яе ад сябе, а яна мяне.

І ўсё роўна ў мяне не было крыўды на яе за тое. Наадварот, нечага радаваўся нават: Богу — Богава, жанчыне — жанчыніна...

Месячык заглядваў мне ў твар — адзінокі ліхтарык у небе. Ды яшчэ святло спальні Людмілы выдзялялася ва ўсім доме. А потым я выдаўжыў руку, варухнуў пальцам — і яно пагасла.

«Спі, Люда, няхай нішто не патрывожыць твой сон!..»

Спаў і Пятрусь, прыгожыя сны бачыў...

Доўга я яшчэ блукаў па родным горадзе, быццам развітваўся з ім назаўсёды. Разглядваў вітрыны з пустымі паліцамі магазінаў і крамаў, чытаў аб'явы і рэкламы пра «снікерсы» і «стымаролы», і ўвесь час брала жудаснае здзіўленне і крыўда — ніводнага слоўца на мове Ліцвініі! Ніводнай крапінкі ці пялёстачка кветкі нашага Княства!

Прыкра, але васілёк быў заменены гваздзіком чырвонага колеру. Скрывянілі яго, падагналі пад сатанінскі колер, якога баяцца на ўсім зямным шары...

Можна было падумаць, што стагоддзі лётаў-вітаў над нашым Княствам дух крыважэрнага Аляксея Міхайлавіча, які перамог ваяроў Вялікага Княства на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам... Той жа Януш Радзівіл яшчэ ў 1655 годзе сказаў пра таго ж цара: «Так шмат душ у няволю забраў і зямлю тую, што не ляхамі, але Руссю заселена, ні за што пагубіў, які ж то абаронца ваш і як вас абараняе?..»

Дык хіба ж толькі ў маім родным мястэчку моцны чужы смярдзючы дух? Дык хіба ж толькі тут атручана, вытраўлена царамі і яго служкамі роднае і блізкае? Служкі сатаны потым давяршылі пачатае чужынцамі...

Спіць гарадок. І не чужы, і не свой... І не родны, і не блізкі, Як быццам і ў нашым княстве, але ў венах чужая кроў, не нашая... І песні не нашыя, мелодыі не нашыя...

Спяць ліцвіны, нават і ў сне маўчаць, не бунтуюць. Звыкліся, змірыліся... А калі каму і прымроіцца ў сне зямля продкаў і далёкія прашчуры, то толькі падзівіцца, не паверыўшы, што ў іх душах заўсёды вітаў і жыў гонар за вольны край і што ён пагарджаў абдымкамі чужынцаў. Жыццё аддаваў, каб вызваліцца ад іх... У нашых жылах цячэ яшчэ кропелька паляшуцкай крыві, астатняе прымусова ўлілі ў нас...