Калі ж ачысцімся ад прымесяў, якія мяняюць характар, душаць нашую волю, нашыя памкненні? Калі ж станем самімі сабой? Хто адкажа? Адкажы, гарадок на плыткай рацэ! Маўчыш?
Дзе, на якой глыбіні косці маіх прашчураў, якіх загубілі казакі Багдана Хмяльніцкага і Залатарэнкі? Пасылаў іх цар на вайну з ліцвінамі, каб палюндравалі Княства...
Маўчыць зямля. Але я чую яе стогн. Шмат касцей у ёй, і зямлі ад таго балюча, невыносна, што палітая крывёю нашых прашчураў...
Каркае ў начной цемрадзі ці то крумкач, ці то варона, як наклікае чарговую бяду на прыпяцкую зямлю. Ці то мне прарочыць птушка чорны заўтрашні дзень?
У небе праляцела камета, чырканула белай ніткай па шэрым небе.
Я паглядзеў у далёкае сузор'е і адразу падумаў пра тое, што быў ужо вельмі позні час. Над горадам лёталі іншыя жыцці, якія існавалі толькі ноччу. Пра іх людзі не ведалі, нават не здагадваліся...Я ім не перашкаджаў: мне нельга было з імі наладжваць сувязі. Пакуль што. Папярэджвала пра тое Яніна.
«А як жа там Альшанская?! — апякла мяне раптоўна думка. — Ці выстаяла? Ці вытрымала? Яна ж на сабе, на сваім целе адчула ласку і пяшчоту крыважэрнага цара...»
Не ўключаўся пакуль на яе хвалю — строга выконваў загад.
«Ахутавана, ахутавана...» — толькі ўздыхнуў, але без думак і загадаў, проста захацелася прамовіць слова, якое яна падаравала мне. Каб супакоіцца і прыглушыць трывогу...
Адчуў — адразу стала лягчэй...
Зміцер Кісялёў не падвёў мяне — усё было даведзена ў нашай гаспадарцы да ладу. Скрынкі з бутэлькамі складзены ў тры рады да самай столі — заўтра па іх прыедзе грузавая машына. Падбіты рахункі — колькі атрымана бутэлек, колькі заплачана грошай, колькі адпраўлена посуду. Асобна зроблена заяўка на тару... Усё сыходзілася, па кожным дні.
Цаны яму няма, Змітраку!
Як і паложана, ён даваў хабар кожны раз вадзіцелю, а той далей — намесніку раённага гандляра. Так павялося. Так было не адзін год. Бо лічылася гэтая «кропка», як і ўсе па горадзе, залатым дном. Калі жыць умеючы. Калі галава, як кажуць, ёсць на плячах.
Я гэтак і прыйшоў сярэдначы, як і выйшаў, ведаючы, што ён і не хадзіў усе дні ў свой інтэрнат на Чарнігаўскай шашы, што, напрацаваўшыся пад завязачку, спаў, як немаўля пасля груднога кармлення...
Стан яго быў спакойны, але выразна набірала моц прастуда — працяло хлопца скразняком, не ўбярогся на нашых перакрыжоўках-вятрах. Заўтра ў яго падскочыць тэмпература, і ён, зняможыўшыся, пойдзе ў паліклініку.
Сон яго прадвяшчае хваробу — купаецца Зміцер у бруднай вадзе, ногі грузнуць у балотнай твані, і смярдзіць яму страшэнна праціўна...
Маладзічок за акном увабраўся ў сілу, памацнеў — ражок патаўсцеў нашмат.
На наступным тыдні пачнецца поўня. То мае самыя моцныя дні, якія будуць напітваць мяне незвычайнай энергіяй. Яна мне і патрэбна для здзяйснення ахутаваны...
Я буду стаяць, падставіўшы небу твар, зажмуру вочы і адчую, як ад мяне праз босыя ногі ў зямлю пачне выцякаць лядайкае і чорнае нерыва, што пастаянна накоплівалася і замінала мне, непакоіла, перашкаджала ў дасягненні Вялікай Мары...
Потым ужо сонца давершыць працу месяца, падсілкуе мяне іншай, дабратворнай рунай, новым дадатным зарадам, і я, як магутны касмічны акумулятар, пачну аддаваць яе на прапаведванне Дабра, траціць сілу і моц на Аднаўленне, кіруючыся Божым бласлаўленнем, якое спасылае Ён на людзей нашай Ліцвініі...
Гадзіну з паловай стаяў я пад маладзіком. Пасля адправіўся ў прыбудоўку.
Доўга ляжу на раскладушцы, аж пакуль мяне не зморвае сон. Перад гэтым паспяваю яшчэ адправіць сябе ў самую харошую для маёй душы мясцінку — у чарнічны бор з пракаветных высозных сосен. Потым доўга буду блукаць між стромкіх дзеравін і дыхаць напоўніцу гаючае паветра, аж пакуль не стамлюся і не ўпаду пад шаты магутнага дуба. А яму пад шэсць стагоддзяў.
Буду тады доўга ўслухоўвацца ў яго дыханне і чуць яго думкі-шэпты, і ён абавязкова падзеліцца са мною пра тое, што накапіла яго памяць і розум за сівыя стагоддзі, раскажа, што чуў і што ўбачыў... І тое таксама прыдасць мне сілы і яснасць думкі, мудрасць і прасвятленне — з усіх дрэваў ён для мяне самы родны, самы блізкі...
Гудуць пчолы. Шэпчуцца патаемна вяршыні дрэў. Плыве па лесе мройная цішыня. А я плыву ў чоўне свайго задавальнення і радасці. Адчуваю, як вырастаюць у мяне нябачныя крылы, святлее розум, і я не адчуваю пад нагамі зямлі.