Выбрать главу

Я зноў раблюся чалавекам Космасу.

Раніцай катурхае мяне пад бок Змітро, сіпла гаворыць, адвярнуўшыся:

— Дабраніцы, Антон! Добра, што ты прыехаў.

— Здароў быў!

— Не буду... Не памочнік я табе сёння — занядужаў, здаецца. Баюся цябе заразіць... Адчуваю, што надоўга захварэў. Без памочніка будзеш...

У яго чырвоныя вочы, слабы голас, працінае калатун — холадна, ніяк не можа сагрэцца.

— А ты сваё адрабіў... Цяпер я на змену. Можаш лячыцца і адпачываць хоць тыдзень, хоць месяц... З лазняй я ўладжу, падменяць.

— У паліклініку мне трэба — пайду на бальнічны.

— Правільна, схадзі. Я табе і раней казаў, каб праверыўся. Не падабаўся ты мне сваім здароўем.

— Ну то цяпер пайду. Прыйшла, значыць, пара. Вось адляжуся трошкі і з'езджу. Як з'ездзілася?

— Нармальна. Справіўся з клопатамі. Мо не так, як жадалася, але ўсё ж...

— Ну то і добра. Абы справіўся.

Занядужаў ды і вельмі сур'ёзна Змітрок. У вачах патух агонь, у паглядзе адсутнічалі жвавасць і жаданне. Нават сплыла на другі план Вераніка — ён ужо не думаў пра яе, не клікаў да сябе. Саромеўся свайго нягеглага выгляду і стану. Баяўся, што, убачыўшы такога, яшчэ расчаруецца ў ім...

— Згатаваць табе гарбаты, Змітро? У нас жа файная ёсць заварачка. Лекавая.

Сябрук маўчаў, прыплюшчыўшы вочы. Не было сіл адказваць. На лбе пот, у руках дрыготка. Яго пакідалі сілы. Тэмпература падымалася да самай высокай сваёй рыскі...

Ускакваю з лежбішча, хапаю чайнік і наліваю ў яго вады, стаўлю на электраплітку. Я не лячыў яго, хаця мог тое зрабіць за адну секунду — толькі дакрануўшыся даланёй да лба. Я стараўся толькі аблегчыць яму пакуты — проста праяўляў сяброўскія клопаты. І ён тое зрабіў бы, калі б я захварэў. Не было, здаецца, у маіх паводзінах і дзеяннях нічога падазронага і дзіўнага...

Але дзіўнае было вось у чым — Змітрок сябе таксама мог бы вылечыць. Калі б паклаў на сваю грудзіну растапыраную далонь правай рукі. Але пра тое ён не ведаў...

У кіпень я ўкінуў святаяннік і мяту, чабор і багун, дадаў яшчэ маладыя лісты малінніку і парэчак.

— Каўцяні, Змітрок, мо палягчэе...

Ён абдымае далоньмі слоік, апякае рукі, але робіць некалькі глыткоў. Уздыхае, пераводзіць дыханне. Вялікі боль сыходзіў ад яго — як і трываў толькі.

— Дзякую, Антон! Добрая гарбата. Умееш гатаваць... Лугам пахне. Здаецца, трошкі лепей стала. Дадалося сіл.

— Толькі каб дайсці да паліклінікі.

— Ды дайду ўжо...

— Мо я «хуткую» выклічу, га? Ты ж гарыш увесь.

— Ды што я — маленькі? Не смяшы...

— Ну то глядзі сам, — не настойваў на сваім, паслухаўся яго, хаця ведаў, што раблю глупства.

Ён зрабіў няспешна яшчэ колькі глыткоў і зняможана апусціў на падушку галаву. Ён увесь мокры. Яго блажыць. Змітрок аддыхваецца, як пасля цяжкай працы, не расплюшчвае вачэй. Здаецца, пачаў засынаць... Праз колькі хвілін падымаецца, апранаецца моўчкі, накідвае на плечы плашч.

— Мацуйся тут. Не сумуй. Поспехаў.

— А табе — хуткай папраўкі.

Ён паціснуў мне руку, і я адчуў, якая яна ў яго гарачая — бы агонь. Ды ён сам гарэў на тым агні. Праводзіць не дазволіў, сам падаўся да доктара.

Быў чацвер. Праз нейкі час я адкрыў наш ППШ. Адкрыўся на дзве гадзіны пазней — па графіку ў такі дзень павінна была ісці пагрузка-разгрузка тары.

І рушылі з вуліцы людзі з сумкамі і мяшкамі. Загаманілі, загудзелі на ўсе лады. Тут жыццё дыктавала свае прынцыпы і законы, і іх ніхто адмяніць не мог. Нават указ прэзідэнта.

— Не піхайцеся, не нервуйцеся — тары сёння дастаткова, хопіць на ўсіх, — пастараўся супакоіць натоўп, настройваючыся на рабочы рытм, адчуваў, што дастанецца мне па самую завязачку.

Так, як і даставалася Змітраку, калі я адсутнічаў...

Вечарам ледзьве дапоўз да сваёй раскладушкі — спіну не разагнуць. Падэшвы ног гарэлі, як цэлы дзень хадзіў па гарачым вуголлі, а рук, здавалася, і зусім не адчуваў — як анямелі.

Я нічым не аблегчваў свой лёс. Працаваў, як і Зміцер, гэтак жа мацюкаўся, гэтак жа і агрызаўся, калі «сіняносік» настойліва ўпрошваў прыняць бітую бутэльку... І зусім забыўся, што адарваўся ад душ людзей, ад Яніны.

Ляжаў і думаў: вось-вось збяруся з сіламі і ўключуся на антэну Сусвету і часу, абавязкова злаўлю Планету Яніны, і тады мяне перастануць турбаваць неспакой і трывога.

Але працягваў ляжаць, збіраўся з сіламі.

Во выбраў сабе месцейка працы! То ж не пасада галоўнага інжынера буйнога завода, калі толькі і ведаў тое, што збіраць людзей і даваць ім накачку за кепскую працу...

А падумаўшы, то і невялікі мёд быў на той пасадзе — кожны дзень як на Галгофе. Нездарма і жонка неўзлюбіла мяне, цельпука, — што з мяне ўжо можна было патрабаваць пасля работы, калі я падаў на ложак без задніх ног...