Абрыдла тады ўсё.
Прахапіўся ад дотыку цёплай і знаёмай рукі.
— Ты?! — не расплюшчваю вачэй і тут жа адзначаю, як радасць тоненькімі іголачкамі пабегла па ўсім целе. — Даўно каля мяне?
— З паўгадзіны. Назірала за табой. Я люблю глядзець, як ты спіш. Ты падобны тады на маленькага дзіцёнка. І такі ж смешны тады робішся.
— Калі вярнулася?
— Заўчора. Суткі адпачывала. Засумавала па табе.
Калі расплюшчыў вочы, убачыў зблізку яе зрэнкі. У іх убачыў сябе. Яна была стомленая, але ж нейкая памаладзелая. Стала больш спакойнай і, здаецца, мудрэйшай. Больш прыгожай. Усмешка выпраменьвала пяшчоту і дабрыню, нявыказанае каханне.
— Раскажаш? — не адрываю ад яе вачэй, адчуваю, як гарачыня і жаданне пранізваюць мяне. Яе вусны, бы магніт, засланілі ўсё на свеце. Яны ледзь-ледзь уздрыгвалі, як клікалі мяне, прыспешвалі...
— Тое не перадаецца словамі. Нездарма ж летапісцы падбіралі ёмкія і кароткія словы, каб было магчымым дадумваць і ўяўляць яскрава той час...
— Мне цікава ведаць, што там адбылося, што табе прыйшлося перажыць?
— Тое ж, што і Княства Ліцвінія, — і здзек, і жах, і жорсткасць. Яшчэ — бяспраўе і безабароннасць. Але не будзем цяпер пра тое, пазней. Тады ты ўсё ўбачыш і зразумееш...
— Што — убачу і зразумею?
Да мяне пачало пакрысе вяртацца ўсведамленне таго, дзе ўсё ж была Яніна.
— Тое, дзеля чаго мы існуем на гэтай зямлі.
Яніна дакранулася да маіх губ і апякла гарачым полымем. Усё захісталася перад вачыма. Здавалася, яна ніколі мяне так не цалавала. Жанчына злівалася зноў са мною, і я рабіўся бязважкі і бязвольны, наліваўся лёгкасцю і пяшчотаю да яе, жаданнем адчуць зліццё на вяршыні Гары Шчасця і Суладнасці, каб разам згарэць на кастры Апантанасці і ўваскрэснуць на беразе акіяна Задавальнення...
І адно, і дзесяць, і сорак доўгіх імгненняў доўжылася нашае злучэнне вуснамі. Нам не хапіла дыхання, нам не хапала сіл трываць. Скроні, здавалася, разрываліся ад незвычайнай пульсацыі хмельнай крыві...
— Паляцім да мяне? — шэпча мне на вуха Альшанская, задыхаючыся ў маім дыханні.
У адказ толькі ківаю галавою.
— Заплюшчы вочы! Дай руку. Паўтарай за мной — Ахутавана! Ахутавана!
— Ахутавана!
Мяне нешта прыўзняло ад падлогі, правільней, ад раскладушкі — і панесла, панесла некуды ўвысь. Барабанную перапонку ўвушшу сціснуў лёгкі боль — як падняліся на самалёце на вялікую вышыню. Я мацней сціснуў руку Яніны. Злёгку закружылася галава, потым нас апусцілі на нешта мяккае — ці не на ложак?
— Цяпер расплюшчы вочы.
Альшанская смяецца, сядзіць побач:
— Ахутавана! Мы на месцы.
Так, я ляжаў у прасторным ложку. І мы знаходзіліся ў нейкай шыкоўнай, як не князёўскай, святліцы-патаемніцы. На вокнах зялёныя фіранкі — з пералівам блакітнага, празрыстыя, як неба. Святло выпраменьвалася ад сцен.
Усё адбылося так нечакана і проста, як у дзівоснай казцы. Але ў казкі я перастаў верыць даўно. Наша жыццё было як суцэльная казка, а мы ігралі галоўныя ролі.
— Яніна, мне здаецца, што я тут ужо некалі быў, ці не так?
— Так, любы, так... Мы ўжо прыляталі сюды. З тэлефоннай будкі.
— Тады гэта — не казка? Не сон?
— Правільна, не казка і не сон. Хаця, калі паглядзець, і тое, і другое. Так, гэта ява.
Голас яе ліўся пяшчотнай музыкай, празрыстай, як крынічка, мелодыяй.
— Ты толькі не здзіўляйся, спадар Антон, навучыся глядзець на ўсё, як на звычайныя рэчы. Цяпер усё падпарадкавана тваёй волі. Калі б ты меў духоўныя заганы, калі б ты не належаў да абраных Богам людзей пятай расы, то ты не падняўся б сюды і той раз, і гэты... Першае тваё з'яўленне сюды лічылася пропускам у Вярхоўную Раду Ліцвініі. Касмічную Раду...
— Не здзіўляюся. Прымаю ўсё як належнае.
І быў дзень. І была ноч. І надышла раніца.
І праляцеў той час як адно імгненне, хаця час там доўжыўся павольней, чым на зямлі. Крылы кахання атулілі нас сваім цяплом, і мы дзівоснымі птушкамі лёталі ў прасторы, не адчуваючы ні паветра, ні вышыні. Нас не брала стома. Мы шапталі адно аднаму чароўныя словы, якія жывілі духоўным нектарам нашыя душы...
Калі ж намі авалодала стома, тады Бог паслаў нас на сцежку да крынічкі наталення. Дзіўна, але мы і напіцца не змаглі, наталіць сваю смагу — пілі і пілі боскі напітак. Чым часцей дакраналіся нашы губы да дзівоснага збанка, тым болей і з новай сілай нараджалася ненатольная смага...
— Ахутавана! Ахутавана!
Дык вось яшчэ што азначала чароўнае слова!