Памерці — і зноўку нарадзіцца, нарадзіцца — і зноў памерці. Памерці для таго, каб забыцца, што было з табою колькі хвілін таму. Тады прыходзіла радасць нараджэння і апаноўвала з новай сілай шчасце існавання на зямлі, абнаўлення, пераўтварэння з адной якасці ў нешта іншае — чароўнае і незвычайнае, непадобнае на ранейшае існаванне. Кожны раз — нараджэнне. Нараджэнне душы. Нараджэнне Кахання і Любові — вечнай крыніцы, якую падараваў Усявышні. Тады ў чалавека нараджалася новае жаданне і ўлівалася новая энергія, новая ненатольная смага. То быў вечны рух, вечны рухавік, які ніяк не могуць прыдумаць на зямлі вучоныя людзі. А ў прыродзе ён існуе даўно. І будзе працаваць бясконца...
— Ахутавана!..
— Цяпер ты пераканаўся, што ў нашым жыцці няма нічога немагчымага? Абы нашае жаданне. Але жаданне светлага і жыватворнага, што дае жыццё Дабру, Святлу і Спакою.
— Пераканаўся, Яніна.
— Нашыя душы жывуць у спакоі і для спакою. Наш унутраны спакой бязмежны. Як бязмежнае неба.
За акном праплывалі ці то белыя воблакі, ці то нейкі туман Галактыкі ахутваў нашае жытло.
— Найвышэйшая мудрасць і ўменне — ствараць Дабро і перамагаць зло. Шукаць спакой унутры нас. Ён і з'яўляецца асновай нашага жыцця. Калі ж наш фундамент моцны, там нам не можа пагражаць ніякая небяспека. Таму што спакой унізе, спакой — уверсе, спакой — унутры нас, спакой — звонку, — гэта ўсё нашая засцярога...
«Можна я даскажу тое, што ты мне расказваеш, каб даказаць, што я поўнасцю далучаны да ўлады Спакою і нашай Суладнасці?»
«Можна, слухаю цябе...»
— Спакой сам па сабе — ёсць Моц. Калі мы маем унутры Спакой, мы можам мець радасць і захапленне. Уступаючы ў Знешні Свет — куды б мы ні заляцелі — мы ствараем свой Уласны Спакой. Ніякая цана не з'яўляецца вельмі вялікай, каб заплаціць за яго. Бо ён — гэта гарманічнае кіраванне намі, вібрацыя між энергіяй і жыццём. Але ўсё ж ён, чалавек, неадлучны ад зямнога існавання. Калі ж кожны чалавек, няхай то мужчына ці жанчына, паспрабуе адчуць, што ён належыць да ўсіх народаў, да ўсяго Свету — цалкам, і прыняць Сям'ю — Свет як сваю ўласную і родную, — тады і будзе Мір і Спакой ва ўсім свеце.
— Так, Антон, правільна. Ты зразумеў, што Перамога і Параза цесна пераплецены і знітаваны Богам. Таму мы не будзем імкнуцца раздзяліць гэтыя два паняцці, а паспрабуем выйсці за іх межы... Пакуль мы будзем займацца клопатамі і болем нашай Ліцвініі...
— Жыве Ліцвінія!
— Жыве!
Ад Яніны плыў водар спелых суніц. Яе вусны і сапраўды ў сунічным нектары. Вярнулася толькі што з сунічнай паляны? Яшчэ патыхаў водар жытнёвага поля і свежай атавы. Гуляла па лузе? Чуўся водар неба і космасу. Лётала між воблакаў, прагульвалася між зорак?
Усе пахі кружылі мне голаў — быццам кружыліся мы з ёю ў вясельным танцы, а пляцоўкай было прасторнае неба і воблакі былі для нас шлюбнай пярынай...
Я баяўся аднаго — каб не прайшло Наталенне, каб ніколі я не пераступіў парог Насычэння...
«Не бойся, каханы мой, гэтага... Толькі праз тысячу гадоў ты адчуеш Наталенне. А пакуль жыві каханнем, жаданнямі і мроямі, рабі Дабро. Перарабляй Свет і людзей. Адкрывай таленты і такія якасці, як у самога сябе, у нашых ліцвінаў...»
І быў наступны дзень. І была наступная ноч.
Сон, а не наталенне змарыў нас.
І нават у сне мы жадалі адно аднаго.
І ніхто не мог перашкодзіць нам у гэтым святым жаданні і імкненні да Вышэйшага Разумення Шчасця.
А ў нейкі дзень я не вытрымаў і папытаўся:
— Яніна, а як жа з маёй працай у ППШ? Мяне ж могуць звольніць за прагулы... Я ж адзін за дваіх застаўся. Змітро ў бальніцы, за ім догляд патрэбен...
Альшанская смяецца і мружыць вочы:
— Дзівак ты, Антон! Ты ж не толькі не прагуляеш, а нават і не спознішся на працу.
Яе вейкі напамінаюць мне ўзмахі крылаў жорава.
— Як гэта? — прыўзнімаюся на локцях, хачу зазірнуць ў вочы — ці не пасміхаецца з мяне?
— Мы ж з табой жывём у другім вымярэнні. На зямлі гадзіна, а тут — двое сутак. Мы з табою ўсяго шостыя суткі тут...
— Ты кажаш «тут» — гэта дзе?
— У мяне. Да пачатку тваёй працы яшчэ цэлая вечнасць, мой любы...
— Проста ўва мне жыве яшчэ дысцыплінаваны чалавек. Ніводнага разу я не спазняўся на працу. А тут хвалююся і за Кісялёва.
— Усё не так. Але ты ўсё роўна мне напамінаеш салдата.
— Усе мы салдаты. І ты — таксама. Цябе ж... паслалі ў той палон. Не сама ж кінулася ў вір здзекаў і зняваг.
— Я выбрала сама той час і тую долю. То мая тэма. А паслалі мяне па маёй жа просьбе. Па маім жаданні...
— Як добраахвотніка? Хто ж паслаў? Хіба мы не аддадзены самім сабе?
Альшанская паклала галаву на мае грудзі, уздыхнула.