Я перабіраў пальцамі яе косы, быццам на сонечных промнях-струнах іграў нячутную мелодыю.
— Ты нейкі наструнены сёння, недаверлівы. Агрэсіўны нават. Хто паслаў, дапытваешся? Касмічная Рада ад Княства Ліцвінскага.
— Для чаго яна створана?
— Кожны народ мае такую Раду. Але ніводзін народ у свеце так не пакрыўджаны лёсам, як Ліцвінія. Мо хіба і Атлантыда, але там іншае... Хто толькі не дапінаў у нашае Княства! Перліся заваёўнікі і з Усходу, і з Захаду. А мы — як між двух жорнаў... Нас прыніжалі, зневажалі, заганялі ў ярмо няволі і рабства. Яркія, светлыя старонкі нашай гісторыі жорстка вырываліся з людской памяці. Вырывалі тыя, хто паланіў нас, называючы палон дапамогай.
— Мы толькі можам шкадаваць пра тое — не больш...
— Няпраўда твая. Ёсць у Бога Вялікая Кніга Памяці. Яшчэ яна называецца Кніга Жыцця. Яе ніхто прачытаць не можа. Такую ж Кнігу Праўды, дзе фіксуюцца падзеі да адной секунды, стварае Касмічная Рада для Ліцвініі. Кіруе гэтым наша князёўна Ліцвінія. Яна ж — Прадслава, Еўфрасіння Полацкая... Калі ж Кніга Праўды будзе адпавядаць кожным радком і старонкай той Кнізе, што ў Бога, тады толькі Ойча паселіцца на зямлі Ліцвініі. А такіх старонак яшчэ шмат трэба далучаць да нашай Кнігі Праўды.
— І таму...
— І таму мы павінны прыняць самы непасрэдны ўдзел у вяртанні ўкрадзеных радкоў і старонак. Тым самым выканаць адзін з Божых запаветаў, што няма нічога тайнага ў жыцці і гісторыі, нішто і ніхто не можа схавацца ў небыцці ці за хлуснёй...
Тое, што расказвала мая спадарожніца і каханая, было прыемным для мяне, прыдатным майму сэрцу.
— Як жа мы зможам памагчы вярнуць, калі тое ўсё было ў мінулым? Нас жа там не было. А сведчыць пра тое могуць толькі відавочцы...
Яніна ўсміхнулася і засвяцілася сонейкам, ад яе пачало сыходзіць жаноцкае цяпло і пяшчота.
— Мы далучаны з табою да гэтай працы. Мы і будзем сведкамі. Мы ж маем такую здольнасць, здольнасць рэтрапартацыі, жыць у тым адрэзку часу, які вырваны зласліўцамі з нашай гісторыі. Мы сваімі вачыма будзем бачыць тое, што адбывалася на ліцвінскай зямлі. Потым у нашай лабараторыі з нашага зроку-памяці ўсё тое будзе перанесена на відэастужку. І тады ніводзін нюансік, ніводная самая нават нязначная падзея, штрышок не выпадуць з гісторыі...
Нейкі час я раздумваў над яе словамі, узважваў іх сэнс, а сказаў як даўно вырашанае:
— Пэўна ж, вялікае шчасце і пачэсны, ганаровы абавязак быць сведкам мінулых падзей. Але хто ж тады суддзі?
— Суддзі? Час. І — ліцвіны. І — Бог у першую чаргу. Тады людзі прачытаюць сапраўдную, сваю ж, гісторыю — і абудзяцца ад летаргічнага сну. Тады сатанінскае замбіраванне, што было разлічана на стагоддзі, перастане мець сілу і самы апошні скептычны ліцвін скіне са свайго духоўнага аблічча павуцінне д'ябла...
— Тады і перастануць балець нашыя сэрцы «аб радзімай старонцы», пра што пісаў Максім Багдановіч? Хлусня і падман назаўсёды знікнуць з гісторыі Княства?
— Так, Антон, так, любы мой! Цяпер для цябе нічога няма незразумелага. І тое добра.
— Я ж рады свайму прасвятленню. Дзякуючы табе!
Яніна вольна раскінула рукі на ложку, як адпачывала. Нашая размова, яе адкрытасць-споведзь, паднялі мяне на яшчэ адну прыступку майго ўдасканальвання. Я падымаўся ўсё вышэй і вышэй — да ўзроўню маёй настаўніцы.
Мне хацелася прайсціся, цела патрабавала руху. Калі ступіў на падлогу, нагамі адчуў шаўковасць маладога мурагу. Падышоў да акна, расхінуў фіранку.
За акном кусціліся белыя воблакі. Яны былі і ў другім акне, у трэцім. І — над намі. Толькі цяпер убачыў празрыстую (ці без нічога) столь. Скрозь было неба, неба і неба. На чым мы трымаліся? Дзе мы былі — на станцыі? На мацерыку іншага Сусвету? Была ноч ці быў дзень?
— Што цябе ўсхвалявала, любы?
— Невядомасць.
Яніна засмяялася, прыўзнялася на ложку, падбароддзем дакранулася да сагнутых каленяў, абхапіўшы іх рукой:
— І гэта табе пара ведаць. Мы з табой знаходзімся ў сузор'і Кахання. Тут няма Сонечнай сістэмы, няма знаёмага табе прыцяжэння Зямлі. Ёсць толькі прыцягненне душ. І тут мой Дом. Тут сплю і адпачываю. Тут можаш жыць і адпачываць і ты. У любы момант, калі таго пажадаеш. Сюды ніхто не мае права прыходзіць, пераступаць парог без майго дазволу. Ты тут першы.
— Ты тут адна?
— І адна, і не адна. Я адчуваю пастаянна прысутнасць і людзей зямлі, і сяброў Касмічнай Рады, якія вядуць даследаванні. Нам лёгка сабрацца, паклікаць адзін аднаго. Для гэтага ёсць тэле- і радыёсувязь, тэлепатыя. Я магу сачыць за жыццём станцыі — усё мне бачна. Як і бачна ўсё, што робіцца на зямлі. У любым куточку роднай Ліцвініі.