Выбрать главу

— І ты ўбачыла там мяне?

— Убачыла, — яна хавае ўсмешку і чырвань на твары.

— І спусцілася на зямлю, каб вылучыць мяне? Пачала працаваць у дзіцячым садку, каб сустрэцца на тым пасяджэнні, што праводзілі перад святам...

— Я найперш зразумела, што ты належыш да людзей пятай расы, як і зразумела, што ты сам пра тое не здагадваўся. Тады ў мяне зусім не было ніякіх думак і жаданняў. Нечакана я пачула цябе. Чула, як ты хваляваўся, перажываў, калі я выступала, рабіла справаздачу пра сваю працу ў садку, і бачыла, як ты адабральна, ледзь прыкметна ківаў галавой, калі мне ўдавалася сказаць нешта трапнае і значнае. Але тады я не зрабіла ніводнага кроку насустрач. Хаця ж ведала і бачыла, што рабіў з табою мой позірк.

— Той крок зрабіў я першы. І не адзін крок. Значыць, так наканавана мне. Наканавана абаім. Усё ва ўладзе Ўсявышняга, які думае пра нас і пра лёс Вялікага Княства Ліцвінскага...

— Так, Бог выдзеліў кавалачак зямлі для Ліцвініі. Бог даў нам мову, каб на ёй ладзілі сваё жыццё, ладзілі сябе. Сцвярджалі сваю годнасць і гонар.

— Але Бог жа бачыў, што тварылася і творыцца ў Княстве — чаму не абараніў, не засланіў ад навалы, ад гора, што абрынулася на нас? Чаму ж столькі крыві пралілося на гэтай шматпакутнай зямлі? Чаму столькі касцей — ліцвінчукоў і чужых — пасеяна на ёй за тысячагоддзі?! Чаму Бог не ўмяшаўся, не памог людзям, якія верылі ў Яго, верылі ў сваё шчасце? Чужога яны не рабавалі, ні за што не адбіралі чужыя жыцці. Не нападалі ніколі, а толькі абараняліся... Ты мне хоць гэта раскажаш, мая настаўніца, мая каханая, мой гонар і сумленне?..

Не адказала. Вочы зажмурыла, сціснула вусны, лоб нахмурыла. Ды і не ў яе пытаўся я пра набалелае. Хто ж адкажа на такія пытанні, акрамя Яго Самога? Калі Хрысту сказалі, што ў хаце ляжыць хворы, Ён адказаў: «Я прыйду і вылечу яго...»

Хто скажа Ісусу Хрысту пра нас? Мы ж таксама хворыя... На страшную хваробу хворыя. А мо мы і павінны Яму сказаць? Сказаць як сведкі. Што бачылі і сведчым пра гора і бяду. І што найбольш самі ліцвіны ў тым горы і вінаваты...

— Дык то, выходзіць, быў не сон, калі мы лёталі з табой па тваёй Планеце. Калі ты мне расказвала пра суперсенсаў?

— Канечне ж, не... То я рыхтавала цябе да будучай дзейнасці, каб не было здзіўлення і недаверу.

— Ці можна прагуляцца па тваёй Планеце?

Яна лёгка ўскочыла з ложка, як гімнастка, спружыніла і падляцела да мяне.

— Запрашаю. Пайшлі.

Мы крочым па светлым і доўгім калідоры, нячутна ступаючы ці то па дыване, ці па мурожнай траве. Яніна ідзе паперадзе, я ж — праваруч, крыху адстаўшы. Не пытаўся больш ні пра што, як ведаў ужо і верыў, мы робім неабходнае і важнае.

Святло ў калідоры сыходзіла ад сцен. Яны ж вылучалі і музыку — павольную, лёгкую, якая супакойвала і бадзёрыла адначасова.

Мелодыя была няўлоўнай, шчырай і зразумелай, як подых роснай раніцы. Як узыход сонца. Як слова Бога. Тут жа і ўспомніў: то ж Змітрок іграў мне такую мелодыю на гітары. Адкуль яму толькі і вядомая гэта мелодыя? Бываў тут? У гэтых сценах? Але ж гэта мелодыя будучыні. Мелодыя Спакою. Мусіць жа, яна ад душы лагоднага і цярплівага народа. Ад яго казак і паданняў, песень і прымавак. Бо душа ліцвіна саткана з дабрыні і пяшчоты...

— Чаму ж не пытаешся, куды я цябе вяду? — Мая спадарожніца не спыняецца, не сцішвае нават крок, як быццам не хоча спазніцца на нейкую адказную імпрэзу. Усё ж паварочваецца да мяне — я ўжо іду ўпобачкі, плячо ў плячо. — Можа, я цябе на Галгофу вяду?

— Ты даўно ўжо мяне завяла на тую Галгофу.

Яна ўсміхнулася, разумеючы мяне.

Перад намі расхінуліся дзверы — я і не заўважыў іх адразу. Мы пераступілі зялёны парог, за намі нягучна зачыніліся дзверы. І — зніклі. Мы стаялі ўжо на ўскрайку жытнёвага поля, і лёгкі ветрык варушыў Янінчыны косы.

Недзе ў небе заліваўся жаўрук. Лазовыя кусты звесілі свае галіны ў возера. Патыхала спелай вясной, квеценню садоў...

Толькі цяпер заўважыў: былі мы ў нейкіх незвычайных касцюмах — светла-зялёных, накшталт камбінезонаў — з кішэнямі. На грудзях раз-пораз міргала ледзь прыкметная блакітная кропачка. На галаве ў Яніны вянок з васількоў — калі толькі і паспела сплесці?

З ранішняга мроіва туману, як здані, пачалі выходзіць невядомыя людзі. Шмат людзей. Яны гаманілі, спрачаліся, смяяліся, і ўсё наваколле абудзілася ад іх усхваляванасці і энергічных рухаў. На нас жа яны не звярталі аніякай увагі.

За спінай у нас раслі ці то хвоі, ці то піхты. Бярозы і клёны я прызнаў адразу.

«І тут ёсць прырода і жывёльны свет?»

«Ён ёсць усюды, Антон. Усё падуладна Богу».

Людзі былі дзіўна апрануты. Уражанне было такое, што мы прысутнічаем на здымках нейкага гістарычнага фільма.