«Не, гэта не акцёры. І адзенне ў іх натуральнае, не антуражнае. Гэта прадстаўнікі розных стагоддзяў. Толькі сабраліся яны ў адным часе, хаця ведалі адзін пра аднаго ўсё дасканала...»
Я пачынаў пазнаваць іх. Ці не Еўфрасіння Полацкая і Францішак Скарына стаялі неўзадалёк ад нас? Пра што раіліся-дамаўляліся? У яго руках «Біблія», а ў святой князёўны таксама кніга, але значна меншая. На кнізе шыкоўны крыж... Той самы, што змайстраваў Лазар Богша? Цуд...
Хто ж побач з імі? Калі не памыляюся, то гэта вялікі гетман Вялікага Княства Януш Радзівіл. Ён хворы, увесь час кашляе, але горда трымае галаву. Далей — князь Міхаіл Іванавіч, кіеўскі намеснік, які ў 1422 годзе падпісваў дамову Княства з Ордэнам, князь Андрэй Іванавіч Вязынскі — і дзеці ягоныя стаялі, нават Васіліса, Бельская князёўна, Соф'я, каралева Польшчы, і Марыя, жонка гаспадара Валахіі. Васіліса Андрэеўна, якая пабралася шлюбам з князем Іванам Уладзіміравічам Альгердавічам (Бельскім) перад лютым 1422 года. Соф'я Андрэеўна (можа, тая ж Сонька вядомая?!).
«Тая, Антон, тая... Аказваецца, ты выдатна ўсіх ведаеш. Прыемна адкрываць цябе такога!»
«Другая дачка пашлюбавалася ў лютым таго ж года з Уладзімірам Ягайлам, каралём Польшчы, — каранаваная ў Кракаве 12 лютага ў 1424 годзе... Ага, вунь жа і князь Юры Сямёнавіч, князь Гальшанскі, — у 14З6 годзе ў Берасці падпісаў дамову з Ордэнам...
А то хто, што трымае «Мужыцкую праўду»? Кастусь Каліноўскі? Так... А з ім поруч — Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, за імі — Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі... Божа, якое суквецце! Колькі светлых імёнаў! І кожнае з іх мае права быць залічаным у святыя... Кожны з іх жадаў і зычыў шчасця свайму Княству, жыў дзеля яго будучыні...»
— Вас чакаюць, шаноўныя спадары! — дакрануўся да майго і пляча Яніны невысокі, сярэдніх гадоў чалавек, з белымі, як выгаралая на сонцы пшаніца, валасамі.
— Добра, дзякую, найсвяцейшы ўладыка Васіль, — кіўнула галавой удзячна Яніна, падала мне знак, каб ішоў побач з ёю.
«То вуніяцкі архіепіскап Васіль Лужынскі, які перайшоў потым у праваслаўе. Зрабіў з крыжам святой Еўфрасінні падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург...»
Яніна падышла да клёна, выдаўжыла руку. Перад намі зноў узніклі дзверы — толькі ўжо іншыя, другога памеру і колеру.
Мы стаім у калідоры з вокнамі і дзвярыма па абодва бакі. Яніна, мусіць жа, ведала, куды ідзём, бо, прайшоўшы крокаў колькі, спынілася зноў ля дзвярэй. Націснула квадратную ружовую кнопачку.
І мы ўжо крочым па зале з высокімі вокнамі.
У дальнім канцы залы стаяў доўгі стол. За ім сядзелі людзі — мужчыны і жанчыны, маладыя і старэйшага ўзросту. А вакол нас, на ўзвышшы, круга сядзелі тыя, каго мы бачылі ля возера.
«Яны прысутнічаюць заўсёды, калі адбываецца чыя-небудзь справаздача перад Касмічнай Радай Ліцвініі. Яны пацвярджаюць праўдзівасць тых падзей, у якіх апынуўся сведка і зафіксаваў іх...»
На пачэсным месцы сядзела прыгожая жанчына — маці свайго Княства князёўна Ліцвінія. Блакітныя, бы азёры, вочы. Светлыя косы. На галаве, як і ў Яніны, вянок з васількоў. Веку і не старога, але ж і не маладзёнка.
Адчуваў, як маё сэрца поўнілася шчаслівым прадчуваннем нечага незвычайнага і адметнага, прадчуваннем таго, што ў маім жыцці адбываецца, можа, самая значная падзея...
Мы спыніліся непадалёк ад стала. Яніна схіліла галаву:
— Добры дзень, шаноўныя сябры Касмічнай Рады Ліцвініі! Добры дзень, мая князёўна! — Яніна глядзела ўжо Ліцвініі ў вочы.
— Дзень добры, любая! Як пачуваешся пасля падарожжа?
— Дзякую, ужо добра.
— Бачу, прыйшла да нас са сваім сябрам?
— Так. Ён шмат у чым памог. І вытрымаў усе выпрабаванні. Ён згодзен быць сведкам па аднаўленні гісторыі нашага Княства.
Я ступіў крок наперад, сказаў:
— І клянуся за святым сталом Касмічнай Рады Адраджэння Ліцвініі, што не сыду з абранай дарогі. Ахутавана!
— Ахутавана! — адказала князёўна. — Дзякую. За адданасць агульнай нашай справе ўсіхняя падзяка. Мы бачым тваё сэрца — яно б'ецца ва ўнісон рытму Космасу...
І тут жа ўсё замоўкла. Але я чуў сотні ўнутраных галасоў — сяброў Касмічнай Рады і гасцей, што былі запрошаны да ўдзелу, адным дыханнем яны стварылі малітву за народ Ліцвініі:
«Сусветны Валадару, Прадвечны Божа, Ты ўвесь Сусвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца і мэту назначыў, а людскі род так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на Зямлю, каб усе слухаючы Яго навуку ды йдучы Яго следам, увайшлі ў Тваё Нябеснае Валадарства. Мы, дзеці ліцвінскага народа, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але з слабасці чалавечае часта падалі і зневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашы грэшныя правіны, нашу нядбайлівасць у адносінах да сябе саміх і да іншых; даруй такжа тым, хто нас крыўдзіў і зневажаў. Молім Цябе шчыра: барані нас ад крыўды варожай і дай нам ды ворагам нашым шчодраю Тваёй рукою дух сапраўднае хрысціянскае любові. Дай нам еднасць у веры, згоду ў сямейным і грамадскім ды палітычным жыцці. Загаі нашы асабістыя і ўсенародныя раны душы, якія мы самі сабе спрычынілі або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцці, у змаганнях і спакусах, асвяці наш розум Тваім евангельскім святлом, каб мы, захоўваючы твае прыказанні, перамаглі ўсе цяжкасці і цярпенні ды заўсёды Цябе багаславілі...»