Гэтыя прынцыпы ніколі не падвяргаліся сумненню.
Гэтыя прынцыпы дыктаваў нам Валадар у Кнізе Жыцця — Бібліі. Там жа і напісана пра тое, што ў чалавека дом пастаянна пры ім — дзе б ён ні быў: у лесе, у полі, у паветры, пад вадой. І нават дома ён у доме. У сваім асабістым доме.
Як малявалі іканапісцы абразы?
І Хрыстос, і Божая Маці, і Будда — усе яны маюць над галавой кольца, залатое свячэнне, абарончы панцыр. То ж наша аўра. Альбо наша біяполе.
Бацька ў сям'і мае сваё біяполе. Жонка з дзецьмі — таксама. А над імі ўсімі — агульнае поле, агульнае свячэнне, якім і злучыў іх усіх Валадар. Дзіця, калі вырастае, убіраецца ў біялагічную і фізічную сілу, «уцякае» з біяполя сваіх бацькоў і нараджае новую супольнасць, новае асяроддзе. А пасля сустракаюцца дзве душы, аб'ядноўваюць свае аўры ў адну і потым ужо бяруць сваіх дзяцей пад яе апеку. І яны, дзеці, знаходзяцца абароненыя пад тым жа «каўпаком» — нябачным, але самым надзейным і неабходным, самым устойлівым і самым... безабаронным...
Самае страшнае, калі нехта з бацькоў пакідае агульную аўру — пры разводзе. Пасля гэтага пачынаюцца хваробы і неўладкаванасці. І дарослых, і дзяцей...
Мяне слухалі, здалося мне, з цікавасцю. Напачатку не перабівалі. А потым удакладнялі, папраўлялі, падказвалі. А то падсоўвалі і закавырыстыя пытанні, правяраючы мяне на моц ведаў у розных галінах. І я не збіўся, падхопліваў іх думку і развіваў яе далей...
У мяне дапытваліся, хто павінен памагчы чалавеку, які страціў сваё аблічча, забыўся пра сваё прызначэнне на зямлі? Адказваў, што яму памочнікі не трэба — ён сам сабе і павінен памагчы. Далёкія прашчуры вельмі добра валодалі такім дарам...
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова быў Бог. У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не паглынула яго...»
«Ісус, выдаўжыўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, ачысціся!» І ён у той жа момант ачысціўся ад праказы».
Хрыстос дэманстраваў не фокус, тым больш не цуд.
Ён паказваў магчымасці чалавека і завяшчаў нам тое ўменне.
«І Слова стала плоццю і жыло з намі, поўнае жыватворнасці і ісціны; і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Бацькі...»
— Зажмурце вочы, а я вам падам крынічнай вады, перад гэтым скажу строга і папераджальна: «Шклянку кіпеню вам даў!» Упэўнены: шкло тут жа апячэ вам пальцы. Калі ж кіну ў вашыя далоні патухлыя вугельчыкі і крыкну: «Жару сыпнуў вам!» — перакананы: апякуцца вашыя далоні.
Але не дзеяннем я апёк вас і не агнём, а словам.
«На пачатку было Слова...»
Чалавек стаў чалавекам толькі тады, калі навучыўся гаварыць і разумець слова. Яно нараджала думку, а думка — у сваю чаргу — дзеянне. Тады можна смела сцвярджаць, што слова — гэта не пусты гук, які не зловіш, не адчуеш, не дакранешся да яго. А яно, слова, як і ўсё жывое ў свеце, мае форму і глыбіню, магутнасць энергіі думкі. Гэтая ж энергія можа ўступіць у змаганне са злом, перамагчы і ўліць у клеткі арганізма яшчэ большую сілу і моц, энергію жыцця...
У зале стала ціха. Яніна была задаволена тым, як я трымаў экзамен. Ліцвінія глядзела на мяне спагадліва і прыхільна, спытала ў прысутных:
— У каго яшчэ ёсць пытанні да Антона Клімовіча?
— Дазвольце мне, — падняў руку сівы дзядок — мо і Кірыла Тураўскі, сядзеў воддалеч ад Яніны. — Раскажыце, шаноўны, як вы разумееце сённяшні стан чалавека на зямлі.
— Чалавек — гэта біялагічная форма існавання. Таму яму Бог выдзеліў і такое харчаванне — арганічнае: клятчатка, садавіна, гародніна, сокі, мёд, семкі ды арэхі, пастаянна — салаты... Але чалавека губіць, і даўно, прамысловасць. Тыя харчы, што яна вырабляе, трошкі слабей за цыяністы калій. Тое, што спажывае чалавек, яно ўсё неператраўнае — шлакі і таксіны. Таму атручваюцца мозг, кроў і само цела. Чалавек забіў жывёліну і зрабіў з яе біфштэкс. А тое, што з крыві, улівае ў сасуды насілле і смерць. Чалавек забівае сябе самога. Жывёлінай авалодвае страх перад смерцю, у сасуды выкідваецца вялікая колькасць адрэналіну. Калі ж ён спажывае такое мяса, то ён праглынае дынаміт. Ён разбурае свой асабісты будынак, сябе самога — Чалавека Разумнага.
— Вы хочаце сказаць, шаноўны спадар, што Чалавек — істота неразумная? — удакладніў святы Кірыла.
— Не зусім так, Уладыка! Жывёліна, створаная Богам, мае душу. І таму чалавек павінен шкадаваць яе, як і самога сябе. Людзі выйшлі з травы, едучы траву, і таму вымушаны былі есці раслінную ежу, а не мяса, якое дае яму хваробы сэрца і сасудаў. Таму зямлянін тлусцее, перастае рухацца і жыве ў такім рытме, што на яго мускулы прыпадае ўсяго адзін працэнт нагрузкі. Адзін!
Князёўна Ліцвінія паглядзела на мяне з мацярынскай усмешкай: